Калі намёкаў не разумеюць

Безумоўна, увага на гэтым тыдні была прыкаваная да беларуска-польскай мяжы. Тое, што адбылося ў панядзелак і працягвае адбывацца цяпер — крызіс, якога Беларусь не ведала. Прычым, крызіс, створаны саматужна.

_czyhunka___horad___pradpryemstva__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


У гэтым крызісе больш за ўсё здзіўляюць паводзіны беларускай улады і прапагандыстаў. З аднаго боку, можна было б падумаць, што яны жывуць у нейкай паралельнай рэальнасці, якую самі ствараюць, і самі ж у яе вераць. З іншага боку, яны нават не саромеюцца дэманстраваць, адкуль тырчаць вушы гэтых падзеяў.
Напрыклад, у той час, як Лукашэнка сцвярджае, што крызіс з мігрантамі справакаваў Захад, а ён пра гэта ні сном, ні духам, яго прапагандысты бравурна заяўлялі: «Толькі папрасіце Лукашэнку, і ён гэты крызіс вырашыць за суткі!» Што, у прынцыпе азначае: Лукашэнка ў стане вырашыць гэты крызіс, але не хоча. Адсюль выснова: ён мае да яго самае непасрэднае дачыненне.
У той час, як Дзяржпамежкамітэт не стамляецца паўтараць, што мігранты знаходзяцца на польскай тэрыторыі, Лукашэнка аддае загады накарміць мігрантаў і прывезці ім дроў. Гэта значыць, альбо пакуль яшчэ кіраўнік Беларусі аддае загады аб парушэнні межаў, альбо ДПК банальна хлусіць. Ці не так?
І ўжо зусім неверагодна, што мігранты збіраюцца ў Мінску натоўпамі, што для беларусаў лічыцца «несанкцыянаванай акцыяй». А потым такімі ж натоўпамі прыбываюць да мяжы. Відавочна, гэта не можа прайсці без, як мінімум, увагі (калі не гаварыць — удзелу) беларускіх сілавікоў.
Вядома, наш асіметрычны адказ заходнім санкцыям уражвае. І зразумела, для чаго гэта зроблена. Такім чынам афіцыйны Мінск спрабуе прымусіць Захад прызнаць Лукашэнку, сесці непасрэдна з ім за стол перамоваў і дэ-факта легітымізаваць рэжым. Раней падобныя рэчы працавалі ў выглядзе «гандлю палітвязнямі». Але цяпер…
Цяпер змяніліся часы, і змяніўся кантэкст — тое, чаго не можа прызнаць улада ўнутры краіны. Змяніліся беларусы, а мігранцкі крызіс — гэта не ўнутраная праблема, а міжнародная. І гэтая праблема тычыцца ўжо бяспекі Еўропы — прынцыповага для яе пытання. І ў Еўропе, падобна, урэшце зразумелі: паддаўшыся на шантаж адзін раз яны вымушаныя будуць «праглынаць» усё, што выкіне Лукашэнка ў далейшым.
Але пакуль што беларускай уладзе празрыста намякаюць: падобную практыку шантажу трэба спыніць. Еўропа дэманстрацыйна праводзіць кансультацыі і абмеркаванні з нагоды мігранцкага крызісу, і выдае заявы, якія павінны паказаць, што будзе, калі адміністрацыя Сінявокай крызіс не спыніць. Польшча, напрыклад, задумалася пра тое, каб нават не чакаючы «агульнаеўрапейскага адказу» закрыць мяжу для беларускага транзіту. А транзіт, між іншым, гэта 5% беларускага ВУП. За мінулы год агульны аб'ём экспарту транспартных паслуг склаў 3,7 мільярда долараў. А станоўчае сальда, гэта значыць, чыстае паступленне валюты — 1,8 мільярда. (Па аб'ёмах грузаў размеркаванне паміж чыгункай і аўтамабільным транспартам было прыблізна аднолькавым).
Але ўлады намёкаў не разумеюць, і падаецца, успрымаюць іх як балбатню і слабасць. І адмаўляюцца верыць, што з цягам часу тое, пра што іх папярэджвалі, можа стаць рэальнасцю.
Прычым, празрыста намякае не толькі Захад. Крэмль на тыдні тройчы (!) выказаў «заклапочанасць» сітуацыяй на мяжы. І ў адным з выказванняў «заклапочанасці» было спецыяльна сказана: гэтая сітуацыя не павінна стаць пагрозай для Расіі.
Але гэтага больш чым празрыстага намёка не зразумелі. У выніку Меркель патэлефанавала Пуціну з просьбай паўплываць на Лукашэнку. Пуцін, вядома, аджартаваўся ў сваім стылі: маўляў, размаўляйце з Мінскам наўпрост. З аднаго боку, ён як бы ў «саюзніцкім» стылі дапамагае Лукашэнку атрымаць неабходную яму легітымнасць, з іншага — мякка патроліў канцлерку ФРГ, якая сыходзіць. Бо ўсе памятаюць, як увосень мінулага года Меркель тэлефанавала Лукашэнку, а той не здымаў слухаўку.
І чым жа аддзячыў Лукашэнка расійскага калегу? У чацвер беларускі пакуль яшчэ кіраўнік заявіў, што ў адказ на санкцыі ён гатовы перакрыць газаправод «Ямал-Еўропа». Маўляў, мы Еўропу абаграваем, а яны, такія злыя... Дык хай памарозяцца.
Для пачатку — пагроза так сабе. «Газпрам» і без Лукашэнкі скараціў пастаўку газу ў ЕС праз Беларусь на 70%. Замест «Ямал-Еўропа» ён напаўняе «Паўночны паток — 2» у абыход непрадказальнага суседа. Для працягу: «Ямал-Еўропа» — уласнасць «Газпрама». Перакрыць яго — гэта нанесці ўдар, у першую чаргу, расійскаму газаваму манапалісту. Канешне, у мінулым годзе расійская кампанія, мары якой спраўджваюцца, праглынула фактычны захоп «Белгазпрамбанка», — свайго дачыннага банка ў Беларусі. Можа, Лукашэнка спадзяецца, што яна праглыне і канфіскацыю «трубы»?
У любым выпадку, такімі пагрозамі Лукашэнка робіць тое, што яго якраз прасілі не рабіць — пераносіць вынікі міграцыйнага крызісу на расійскую глебу.
Цікавы таксама візіт Макея, якога чамусьці называюць міністрам замежных спраў (таму што замежных спраў няма, а міністр ёсць) да свайго калегі Сяргея Лаўрова на сумесную калегію МЗС РБ і РФ у Маскве. Там Макей вельмі шмат і агрэсіўна выказваўся пра тое, што супраць Беларусі развязаная гібрыдная вайна, што мігранцкі крызіс справакаваны Еўрасаюзам, што «безадказнасць, прабачце за грубае выказванне, бязмозгая палітыка шэрагу кіраўнікоў заходніх дзяржаў стала нормай сёння», і выказаў упэўненасць, што разам з Расіяй ён працягне «наступальную працу на міжнародных пляцоўках». Наступальную, Карл!
Сяргей Лаўроў, у прынцыпе, сам вядомы нястрыманасцю, рэзкімі безапеляцыйнымі і недыпламатычнымі заявамі. Але, падобна, Макей уразіў нават яго. І, мабыць, нешта такое Лаўроў сказаў беларускаму калегу, таму што ўжо 11 лістапада РІА «Новости» апублікавала зусім іншыя словы Макея: «Мы не хацелі б узнікнення нейкіх канфліктаў на нашай тэрыторыі і пастараемся зрабіць усё, каб не дапусціць іх».
А як жа «наступальная праца»?
Пакуль усе назіралі за мігрантамі, з’явіліся звесткі Белстата, які апрылюдніў інфляцыю за студзень-кастрычнік — 10,5%. Былі ўнесеныя папраўкі ў план выканання бюджэту, згодна з якімі магчымы бюджэтны дэфіцыт перавысіў 6 млрд рублёў. Цяпер ён вызначаны з памеры 6,057 млрд BYN. Праваабаронцы дадалі ў спіс палітвязняў яшчэ 18 чалавек, цяпер іх у Беларусі 847. А яшчэ на тыдні ў Беларусі за хабар затрымалі 7 топ-менеджараў БМЗ і БелАЗа. Прычым Следчы камітэт не пасаромеўся паказаць у сваім паведамленні, што хабар ім давалі ў тым ліку «за своечасовую аплату тавару».
Вось гэта самы фенаменальны паказчык «беларускага эканамічнага цуду»: ты камусьці прадаў тавар, і вымушаны даваць хабар, каб з табой проста своечасова расплаціліся!
Відавочна, што адыходзячы тыдзень стане адным з вызначальных у жыцці краіны, і тое, што адбылося днямі, будзе мець не такія ўжо далёкія наступствы. І нічога добрага ў гэтых наступствах беларускім уладам пакуль не свеціць. 15 лістапада можа быць прыняты пяты санкцыйны пакет. А ў астатнім усё залежыць ад таго, ці зразумее Мінск празрыстыя намёкі, якія яму дасылаюць ужо з усіх бакоў.
Прымірэнчая рыторыка Макея можа быць знакам таго, што не ўсё яшчэ кепска з кемлівасцю. А калі не, дык ёсць шанец, што «высокія намякаючыя бакі» нешта вырашаць нават не паасобку, а разам. Вось толькі беларускім пакуль што ўладам гэта наўрад ці спадабаецца.