Лукашэнка: Яшчэ не прыйшоў час прыватнай уласнасці на зямлю

Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду вырашыць праблемы ўласнасці для фермераў. Разам з тым, перакананы ён, для ўвядзення прыватнай уласнасці на зямлю час яшчэ не прыйшоў.



000374_570050.jpg

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, 2 траўня кіраўнік дзяржавы сустрэўся з фермерамі ў аграгарадку "Александрыя" Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Дыялог з фермерамі Лукашэнка назваў вельмі важным, паколькі ў бліжэйшы час, паводле яго слоў, трэба будзе правесці сур'ёзную нараду на тэму перспектыў развіцця і рэфармавання сельскай гаспадаркі.

Лукашэнка нагадаў, з чаго пачыналася развіццё аграрнага сектара: недахоп сродкаў, недахоп сельгаспрадукцыі. А сёння, заўважыў ён, забяспечана харчовая бяспека краіны, Беларусь імкнецца выйсці на экспарт сельгаспрадукцыі ў 7 млрд долараў.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўспомніў, як у свой час яму прапаноўвалі раздаць зямлю ў прыватную ўласнасць. "Вы ведаеце маё рашэнне — я быў катэгарычна супраць І пабываўшы сёння ў паспяховых фермераў Шклоўскага раёна, у людзей, з якімі я працаваў, якіх я добра ведаю, пераканаўся, што тады мы абсалютна правільна паступілі", — cказаў ён.

Калі б тады раздалі зямлю, наступствы апынуліся б жаласнымі, лічыць Лукашэнка. Паводле яго слоў, шмат негатыўных момантаў такой прыватызацыі сёння можна ўбачыць у суседняй Расіі і нават Еўропе.

Сёння, сцвярджае Лукашэнка, нават еўрапейцы зайздросцяць беларускім аграрыям, бо ў Еўропе далёка не ўсе фермеры могуць дазволіць сабе працаваць на такіх вялікіх плошчах зямлі, паколькі зямля прыватная і канкурэнцыя вельмі жорсткая — кожны прыватнік змагаецца за сваю зямлю, імкнучыся атрымаць са свайго шматка максімум выгады.

"Напэўна, тады мы прынялі правільнае рашэнне, і я не думаю, што ад яго трэба адмаўляцца. Тады ж мною было прынята рашэнне не перашкаджаць развіццю фермерскага руху. І калі яшчэ некалькі гадоў таму былі абмежаванні на карыстанне зямлёй, то сёння яны знятыя. І сёння нармальная сітуацыя, калі фермеру аддаюць сельгасугоддзі, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У час сустрэчы фермеры ў ліку асноўных праблемных пытанняў, якія стрымліваюць развіццё фермерства, назвалі цяжкасці з выкупам арандаванай маёмасці. Па словах фермераў, калі б будынкі і збудаванні перайшлі да іх ва ўласнасць, то і стаўленне да іх было б іншым — яны былі б гатовы інвеставаць у іх рамонт і мадэрнізацыю значныя сродкі.

Лукашэнка даручыў ураду разгледзець і вырашыць праблемы уласнасці для фермераў. "Гэта не той выпадак, дзе дзяржава павінна трымацца за гэтую ўласнасць, напрыклад, стары свінакомплекс, які быў бы даўно ўжо разбураны. Я думаю нам трэба прадумаць, сабраць разам усе праблемныя пытанні фермерскай супольнасці, звязаныя з уласнасцю, і адным махам іх вырашыць" , — заявіў ён.

Што тычыцца пытання прыватнай уласнасці на зямлю, то, на думку Лукашэнкі, уводзіць яе ў Беларусі яшчэ заўчасна. "Мы гэтае пытанне будзем разглядаць. Калі гэта пры мне будзе, то я гарантую, што вы будзеце першымі, хто атрымае права прыватнай уласнасці на зямлю. Я кажу гэта не таму, што я з вамі сустракаюся, а таму што вы даказалі сваёй працай, што гэта ваша зямля", — сказаў ён.

На думку Лукашэнкі, тут пытанне перш за ўсё ў псіхалогіі. "Давайце не будзем тут спяшацца. Прыйдзе час, і гэтае пытанне будзе вырашана. Галоўнае, каб цяпер людзі не баяліся прыйсці на арандаваную зямлю, былі ўпэўненыя, што ў іх яе ніхто не забярэ. Калі ў нас заканадаўства ў гэтым плане не хапае, мы яго дапоўнім Галоўнае — непахіснасць права прыватнай уласнасці", — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў спрасціць сістэму бухгалтарскага ўліку для фермераў. "Давайце дамовімся жалезна: мы павінны на працягу гэтага года адпрацаваць, адрэгуляваць і спрасціць да немагчымасці ўлік у фермерскіх гаспадарках Бухгалтарскі ўлік перш за ўсё павінен быць скіраваны на кантроль за выплатай падаткаў", — заявіў Лукашэнка.

"Трэба вызначыць асноўныя артыкулы і стварыць самую простую схему бухгалтарскага ўліку, прыбраўшы усялякія абмежаванні. Калі ў фермера жонка без вышэйшай адукацыі выдатна спраўляецца, то навошта ад яго патрабаваць наймаць спецыяліста з трохгадовым стажам працы і вышэйшай адукацыяй? Таму па бухгалтарскаму ўліку да канца гэтага года трэба выпрацаваць аптымальную сістэму", — распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.

БелаПАН