Лукашэнка: Украіна павінна развівацца так, каб гэта была наша Украіна
Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз выступіў супраць спробаў раскалоць Украіну праз увод «нейкіх» войскаў на тэрыторыю гэтай краіны, а таксама супраць удзелу Украіны ў НАТА.
«Няма неабходнасці ўцягваць Украіну ў нейкія блокі, уводзіць нейкія войскі туды ні з аднаго, ні з трэцяга, ні з дзесятага боку. Украіна павінна быць Украінай», — заявіў сёння Лукашэнка на сустрэчы з паслом Украіны ў Беларусі Міхаілам Ежэлем.
«У Беларусі шчыра жадаюць, каб тыя падзеі, якія, на жаль, яшчэ адбываюцца там і маюць негатыўнае развіццё, хутчэй скончыліся, каб Украіна развівалася як адзіная цэласная дзяржава, каб гэта была наша Украіна», — дадаў Лукашэнка.
Ён у чарговы раз прапанаваў Украіне дапамогу, але адхіліў магчымасць удзелу Беларусі ў ролі пасярэдніка.
«Калі вам будзе патрэбна нейкая дапамога ад нас — акрамя пасярэдніцтва, вось гэта выключана, я цярпець не магу пасярэдніцтва — калі патрэбна будзе дапамога, як ад чалавека, які вельмі блізка да сэрца ўспрымае ўсё, што адбываецца ва Украіне, я гатовы ў любы момант падтрымку гэтую аказаць, гэтую дапамогу, калі яна будзе патрэбна», — паабяцаў Лукашэнка.
Паводле АФН