Лукашэнка даў выведцы паўнамоцтвы змагацца за мяжой з «экстрэмістамі і тэрарыстамі»

Знешняя выведка ў Беларусі будзе накіравана на абарону «нацыянальных інтарэсаў», а таксама будзе займацца апярэджаннем шкоды «нацыянальным інтарэсам» з боку «экстрэмісцкіх арганізацый і асобных асоб». Аляксандр Лукашэнка ўказам №344 ад 2 лістапада ўнёс змены ва ўказ №116 ад 25.03.2003 года «Аб пытаннях знешняй разведкі». Дакумент сёння афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання, заўважыў reform.by.

adobestock_84714109_1_1536x864_logo.jpeg.webp

У новай рэдакцыі даецца вызначэнне знешняй выведкі. Зараз гэта «асаблівы від дзейнасці суб'ектаў знешняй выведкіі, які прадугледжвае абарону нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь шляхам здабывання і выкарыстання выведвальнай інфармацыі, а таксама аказання садзейнічання дзяржаўным органам і арганізацыям у рэалізацыі мер у галіне палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь». Раней у вызначэнні была прапісаная «абарона жыццёва важных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы».

Таксама ва ўказе выдзелена галоўная мэта знешняй выведкі. Ёю з'яўляецца «выключэнне раптоўнасці ўзнікнення за межамі Рэспублікі Беларусь пагроз нацыянальнай бяспецы і своечасовае забеспячэнне кіраўніцтва краіны неабходнай інфармацыяй для прыняцця адпаведных рашэнняў».

У пералік асноўных задач знешняй выведкі дададзеная «рэалізацыя папераджальных мер па недапушчэнні шкоды нацыянальным інтарэсам і бяспецы Рэспублікі Беларусь з боку спецыяльных службаў і арганізацый замежных дзяржаў, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый, арганізаваных злачынных груп і асобных асоб».

Выведвальныя службы органаў дзяржбяспекі цяпер будуць весці выведку ва ўсіх сферах нацыянальнай бяспекі. Раней гэтыя сферы былі канкрэтызаваны.

Выведслужбы Узброеных сіл будуць весці выведку ў ваеннай сферы, якая ўключае выведку ў ваенна-палітычнай, ваенна-стратэгічнай, ваенна-тэхнічнай, інфармацыйнай, ваенна-эканамічнай, ваенна-экалагічнай, ваенна-біялагічнай сферах. У новай рэдакцыі дададзеныя ваенна-стратэгічная, інфармацыйная і ваенна-біялагічная сферы.


Глядзіце таксама

Органы памежнай службы будуць займацца выведкай у сферы правядзення дзяржаўнай памежнай палітыкі ў інтарэсах аховы мяжы і забеспячэння памежнай бяспекі.

Выведвальныя службы атрымліваюць паўнамоцтвы на «стварэнне легендаваных арганізацый альбо іх падраздзяленняў, аператыўных улікаў, даведачных, інфармацыйных сістэм і электронных інфармацыйных рэсурсаў, неабходных для функцыянавання выведвальных службаў». Раней яны маглі толькі ўносіць прапановы «аб стварэнні арганізацый альбо іх падраздзяленняў, неабходных для функцыянавання выведвальных службаў».

Указ дапоўнены падпунктам аб фінансавым і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні выведвальных службаў. Яно будзе весціся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а таксама «іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам». Для матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння суб'ектаў знешняй выведкі могуць рэалізоўвацца дзяржаўныя праграмы. Парадак расходавання фінансавых сродкаў і парадак матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння будуць вызначаць кіраўнікі суб'ектаў знешняй выведкі.

Нагадаем, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года да ліку «экстрэмістаў і тэрарыстаў» рэжым Лукашэнкі аднёс тысячы грамадзян і грамадскіх ініцыятыў. Гэты статус нададзены шмат якім публічным асобам, якія зараз знаходзяцца ў эміграцыі, в тум ліку палітыкам і грамадскім дзеячам. Таксама «экстрэмісцкімі» прызнаная баольшасць медыя, якія цяпер працуюць за мяжой.