Лукашэнка кажа пра канстытуцыйны рэферэндум. Але ёсць «але»

Лукашэнка падчас наведвання РНЦП дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі заявіў, што на Усебеларускім народным сходзе не будуць уносіцца змены ў Канстытуцыю. Паводле яго слоў, УНС не ўпаўнаважаны і не будзе мяняць ніякія канстытуцыйныя нормы, гэта будзе зроблена не рэферэндуме.

19961123_referendum_1996_rtxgenh.jpg


Лукашэнка адпрэчыў здагадкі, што праз сход ён хоча падоўжыць сваю ўладу: «Мяне папракаюць, што я там хачу такім чынам уладу сваю падоўжыць. Слухайце, глупства поўнае. Калі я захачу сваю ўладу падоўжыць, так у мяне ёсць усе магчымасці застацца прэзідэнтам», — цытуе REFORM.by са спасылкай на БелТА.

Так Лукашэнка пракаментаваў меркаванне аб тым, што ён збіраецца стаць старшынёй УНС. У цэлым, па яго словах, сістэма ўлады прынцыпова не зменіцца.

«Што там ужо, на Усебеларускім народным сходзе, я буду старшынём. Той, хто баіцца, што Лукашэнка застанецца ва ўладзе, павінен маліцца, каб я стаў нейкім там старшынём гэтага сходу. Ніхто паўнамоцтвы шалёныя на Усебеларускі народны сход адпраўляць не будзе. Кіраўнік дзяржавы будзе — прэзідэнт. Гэта вы яго абярэце. Прэм’ер-міністр будзе, парламентарыі і іншыя», — сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што пытанне аб наданні УНС статусу канстытуцыйнага органа пакуль не вырашана. Па яго словах, ёсць праект Канстытуцыі для рэферэндуму.

«Гэта ў Канстытуцыі будзе ў праекце прапісана і на рэферэндуме вы будзеце вырашаць. Ніхто на Усебеларускім сходзе не будзе прымаць канстытуцыйных рашэнняў, каб вы ведалі. Ніхто! Сход павінен акрэсліць арыенціры на пяцігодку», — сказаў ён і падкрэсліў, што сход не будзе мяняць ніякія канстытуцыйныя нормы.

«Усебеларускі народны сход ніякія канстытуцыйныя нормы, Канстытуцыю мяняць не ўпаўнаважаны і не будзе. І мы ціснуць на гэта не будзем. Гэта будзе несумленна. Але абмяркуем усе пытанні, якія на дыялогавых пляцоўках абмеркавалі, якія ўсплылі і стаяць перад беларускім народам», — сказаў ён.

Але: Лукашэнка двойчы абяцаў рэферэндумы па важных для Беларусі пытаннях, а потым іх не праводзіў. Першы з гэтых рэферэндумаў павінен быў прайсці ў 2008 годзе — планавалася, што на ім народ выкажа сваё стаўленне да будаўніцтва АЭС у Беларусі. Нягледзячы неаднаразовыя абяцанні Лукашэнкі, ніякага рэферэндуму па пытанні будаўніцтва АЭС не было. Рашэнне пра будоўлю было прынятае валюнтарысцкім чынам.

Другі — мясцовы рэферэндум па лёсу акумулятарнага завода ў Брэсце. 22 чэрвеня гэтага года Лукашэнка паабяцаў правесці мясцовы рэферэндум па гэтым пытанні. «Збяром хлеб, ураджай — і правядзем. Я з задавальненнем запішу сабе некалькі ачкоў, што ўнёс гэтую прапанову на рэферэндум у Брэсце. І як народ вырашыць, так і будзе», — казаў ён.

А ўжо 23 чэрвеня ён прызначыў сузаснавальнікам завода не каго-небудзь, а ўжо сумнавядомага гендырэктара хакейнага мінскага «Дынама» і трэнера яго каманды Дзмітрыя Баскава. Вядома, пасля такога «рэйдэрскага захопу» ні пра які рэферэндум наконт АКБ больш не згадвалася.

Апроч таго, у бюджэце 2021 года на правядзенне выбараў і рэферэндумаў закладзена толькі 13,5 млн. рублёў. На прэзідэнцкія ж выбары было закладзена 14,8 млн. долараў. Такім чынам, грошай на рэферэндум наш бюджэт проста не прадугледжвае.