Лукашэнка заявіў, што купіў у Расіі «Іскандэры» і комплексы С-400

Пра нібыта продаж Расіяй Беларусі «Іскандэраў» і ЗРК С-400 Лукашэнка сказаў сёння на сустрэчы з губернатарам Ніжагародскай вобласці, распавядае найстарэйшае беларускае выданне (прызнанае «экстрэмісцкім»).

15912200_303.jpg

Праўда, згадаў ён толькі пра сам факт, а ніякіх падрабязнасцяў не падаў. Нават пра колькасць выказаўся абцякальна: што яна «патрэбная»: «Мы купілі ў вас патрэбную нам колькасць гэтых «Іскандэраў», С-400, узброілі наша войска. Цяпер гэта ўжо зусім іншае войска з такім узбраеннем. Прынамсі непрымальную шкоду гэтая зброя можа нанесці каласальную».

Акрамя таго, ён адзначыў, што ракеты актыўна ствараюцца і ўласныя, пры дапамозе і садзеянні Расіі: «З Пуціным абмяркоўвалі праблему ракетабудавання, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Дапамогуць нам давесці да ладу новыя ракеты, якія мы ствараем. Мы значна прасунуліся наперад, але з расіянамі мы хутчэй створым нармальную ракету — кампетэнцый у іх больш».

Маўляў, «калі разумны чалавек прыйдзе і падкажа, што мы не так робім, то да канца гэтага года атрымаем ужо ракету тыпу «Іскандэр». А без расіян створаць таксама, толькі часу спатрэбіцца больш за год.