Макей і Хаавіста абмеркавалі «перспектывы ўзаемадзеяння ў рамках АБСЕ»
Сёння адбылася тэлефонная размова кіраўнікоў МЗС Беларусі і Фінляндыі Уладзіміра Макея і Пекі Хаавіста, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Як паведамляе беларускі МЗС, падчас гутаркі міністры «абмяняліся думкамі» па актуальных пытаннях двухбаковага і міжнароднага парадку дня і абмеркавалі перспектывы ўзаемадзеяння ў рамках АБСЕ, перадае REFORM.by.
Пека Хаавіста падзяліўся ацэнкай шэрагу працэсаў, якія адбываюцца сёння, у тым ліку якія тычацца нацменшасцей і ўзаемадзеяння Беларусі з Еўрасаюзам. Уладзімір Макей «падрабязна і аб’ектыўна» праінфармаваў яго пра дынаміку канстытуцыйнага працэсу ў Беларусі, пра развіцце ўнутрыграмадскага дыялогу і іншыя пытанні.
«Прадметна пацверджана захаванне падыходаў і прынцыпаў, на якіх Беларусь гатовая выбудоўваць узаемадзеянне з заходнімі партнёрамі» — гаворыцца ў прэс-рэлізе беларускага МЗС.
Паведамляецца, што гутарка прайшла ў канструктыўным і ўзаемапаважлівым ключы, падчас яе была канстатаваная ўзаемная зацікаўленасць у захаванні каналаў камунікацыі, працягу рабочых кантактаў і падтрыманні дыялогу.
Нагадаем, што пасля арышту ў Беларусі лідараў Саюза палякаў і ўзбуджэння ў дачыненні да іх крымінальных спраў польскі прэзідэнт Анджэй Дуда звярнуўся, сярод іншага, у АБСЕ па пытанні захавання правоў нацыянальных меншасцей у Беларусі. Відавочна, што на самой справе размова Макея і Хаавіста была не такой «бясхмарнай», як гэта падае беларускі МЗС.