Масква і Захад усё яшчэ могуць дамовіцца ў беларускім пытанні
Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту
«Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч распавёў Свабодзе, што ў Крамлі хацелі б, каб
Беларусь перастала быць праблемай, і лічыць, што беларускі крызіс не павінен
скончыцца геапалітычным процістаяннем Захаду і Ўсходу.
— Падчас візіту міністра замежных спраў
беларускія і расейскія кіраўнікі даволі шмат казалі пра супрацьстаянне з
Захадам. Складаецца ўражанне, што афіцыйны Менск хоча сваёй рэзкай антызаходняй
рыторыкай прывязаць Крэмль да сябе — маўляў, Захад ваюе не з нелегітымнай
беларускай уладай, а гэта напад і на Расею. Ці паддасца Масква на такі
«братэрскі» шантаж, ці яна захоча хутчэй адстараніцца ад такога «праблемнага
актыву», як Лукашэнка?
— Калі крызіс у Беларусі будзе працягвацца, то, відавочна, у Маскве будзе ўсё больш жадання ад такога «праблемнага актыву» пазбаўляцца. Ужо Крэмль паказваў, што будзе рухацца ў гэтым кірунку — нагадваў пра канстытуцыйную рэформу, казалі, што трэба наладзіць нацыянальны дыялог, былі словы і пра тое, што новыя выбары варта правесці (такія рэчы запускалі эксперты, блізкія да Крамля). Цяперашняя лінія Крамля прадугледжвае прасоўванне ў Беларусі палітычных зменаў, Масква нагадвае Лукашэнку, што трэба вырашаць сітуацыю, палітычны крызіс.
Антызаходняя рыторыка Менску для Расеі — гэта
проста рыторыка. Для Расеі важна паказаць Захаду, што той мусіць трымацца далей
ад беларускіх падзеяў, што тут зона расейскага ўплыву. Для Менску, як вы слушна
сказалі, сэнс антырасейскай рыторыкі — гэта прывязаць да сябе ўсходняга
партнёра. Не думаю, што гэта ўсур’ёз успрымаецца ў Крамлі, але гэта для Менску
ў тым ліку гульня на расейскую публіку і на расейскіх сілавікоў.
— Сярод людзей, якія ў Беларусі пратэстуюць
супраць нелегітымнай улады, ёсць самае рознае стаўленне да Расеі. Ёсць успрыняцце
цяперашняй Масквы як безумоўнага ворага дэмакратыі і ворага праеўрапейскай перспектывы.
І ёсць другі погляд, што з Масквой трэба весці размову, дыялог, разумеючы яе
ролю і ўплыў на беларускую сітуацыю. Якое, на вашу думку, павінна быць стаўленне
да афіцыйнай Масквы з боку каманды Ціханоўскай, з боку ўсіх тых палітыкаў, хто
змагаецца за перамены ў Беларусі?
— Расея застаецца важным чыннікам беларускай замежнай і ўнутранай палітыкі. Таму адзінай стратэгіяй, якая працуе, можа быць толькі другая — так ці іначай з Расеяй трэба працаваць, разумець яе інтарэсы, улічваць іх. Толькі ў такім выпадку можна разлічваць калі не на падтрымку, то на нейтралітэт, і на такія крокі, якія не будуць ускладняць сітуацыю.
Пазіцыя Расеі наконт дэмакратыі не настолькі
адназначная. Для Масквы важна, каб Беларусь заставалася ў сфэры яе ўплыву. Калі
гэта адбудзецца ва ўмовах нейкага гібрыднага рэжыму, то Расея гатовая ўспрымаць
і гібрыдны рэжым. Я б нагадаў, што на постсавецкай прасторы ёсць дзяржавы і
ўтварэнні, якія знаходзяцца ў арбіце расейскай палітыкі і разам з тым не
з'яўляюцца аўтарытарызмамі. Гэта Кыргызстан, Арменія, Абхазія, дзе некалькі
разоў ужо мяняліся прэзідэнты, Прыднястроўе, якое пасля Смірнова мае гібрыдны
рэжым. У пэўнай лёгіцы гэта нават больш выгадна, чым мець у партнёрах моцнага
дыктатара, з якім цяжэй дамаўляцца, на якога цяжэй уплываць, які можа парушаць
дамоўленасці і правілы. Дэмакратыя ў гэтым сэнсе значна лягчэйшы партнёр.
Што тычыцца еўрапейскай перспектывы, то тут,
вядома, Расея не хацела б, каб у выніку змены ўлады пазіцыі Еўропы ў Беларусі
ўзмацніліся.
Трэба разумець і тое, што будзе, калі Расея
будзе падтрымліваць Лукашэнку. Маскве трэба будзе фінансаваць рэжым. Крызіс —
эканамічны, палітычны — улада не можа вырашыць, толькі яго ўзмацняе. І гэта
таксама для Расеі праблема. У Крамлі хацелі б, каб Беларусь перастала быць
праблемай, каб яна проста была краінай у арбіце расейскага ўплыву.
— 26 лістапада, у адзін дзень з візітам
міністра Лаўрова ў Менск, Еўрапарламент прымае даволі жорсткую рэзалюцыю па
Беларусі. За ранейшыя гады беларусы звыклі, што ў адказ на рэпрэсіі ўладаў еўрапейскія
структуры прымаюць пэўныя рэзкія рэзалюцыі і заявы. Ці можна сказаць, што цяпер
сітуацыя кардынальна іншая? Па-першае, Лукашэнка ўжо не ўспрымаецца як кіраўнік
дзяржавы, краіны Захаду заявілі пра ягоную нелегітымнасць. Па-другое, упершыню
ёсць згода наконт магчымасці і нават неабходнасці ўводзіць не толькі візавыя,
але і эканамічныя санкцыі.
— Сітуацыя сапраўды адрозніваецца і ад 1996, і ад 2010 гадоў. Лукашэнку ўжо не прызнаюць за легітымнага, гавораць пра неабходнасць праводзіць новыя выбары (чаго раней не гаварылася) і пра эканамічныя санкцыі. У пэўным сэнсе яны ўжо пачаліся — ЕБРР спыніў супрацоўніцтва зь Беларуссю; хутчэй за ўсё, тое самае зробіць і Сусветны Банк. Будуць праблемы з выпускам еўрабондаў, знішчаны імідж Беларусі як краіны, добрай для інвэставання.
І мы ўпершыню пачулі на нарадзе міністраў
замежных справаў Еўрасаюза, што будуць уводзіцца эканамічныя санкцыі супраць
асобных кампаніяў. Раней такога з боку Еўрасаюза не было, але цяпер верагоднасць
такога разьвіцця падзеяў вельмі высокая. Ці могуць быць уведзеныя сэктаральныя
санкцыі — напрыклад, на продаж нафтапрадуктаў, ці калію, ці адключэнне SWIFT?
Гэтае пытанне адкрытае, і ўсё будзе залежаць ад таго, што будзе адбывацца ў
Беларусі. Калі сітуацыя будзе пагаршацца, то ўзровень санкцыяў будзе ўзрастаць.
— Яшчэ некалькі месяцаў таму вы не выключалі
думкі, што Масква і Брусэль могуць прыйсці ў беларускім пытанні да нейкага
кансэнсусу. Да чаго сітуацыя бліжэйшая цяпер? Ці да «аптымістычнага» варыянту
згоды, ці да варыянту, што Беларусь можа стаць арэнай геапалітычнай бітвы паміж
Захадам і Расеяй?
— Я сапраўды казаў калі не пра кансэнсус, то пра нейкія агульныя падыходы. Цяпер я сказаў бы, што сітуацыя апусцілася ў нейкую паўзу, бо крызіс зацягнуўся, агульныя падыходы адразу не знайшліся. Беларускія ўлады пачалі ўзмацняць антызаходнюю рыторыку, змаглі ўсталяваць партнэрскія стасункі з Крамлём. Таму цяпер мы знаходзімся ў паўзе, дзе зьнешнія ўплывы на крызіс аслаблі і Беларусь засталася сама, дзе развіццё падзеяў найперш вызначаецца ўнутранай лёгікай саміх падзеяў.
Знешнія акцёры ўзялі нейкую паўзу. Таму я
бачу ў далейшым 2 сцэнары. Альбо гэтая паўза будзе зацягвацца, і ўсё будзе вырашацца
ўнутрыпалітычным супрацьстаяннем. Альбо пройдзе час, і будзе зноў пошук
агульных падыходаў
Імавернасць таго, што ўсё скончыцца
геапалітычным процістаяннем Захаду і Усходу, як гэта было ва Украіне ў 2014
годзе, я лічу мінімальнай. Бо еўрапейскія палітыкі цяпер практычна заўсёды
ўлічваюць расейскі чыннік. Яны не прапіхваюць нейкі выключна заходні варыянт
вырашэння крызісу.
— Ці могуць ЗША з прыходам Байдэна
паспрабаваць гуляць больш актыўную ролю ў беларускім крызісе і неяк
падштурхоўваць еўрапейцаў? Да таго ж Вашынгтон можа больш актыўна ўплываць на
Маскву...
— Я разглядаю Вашынгтон толькі як дадатковы чыннік.
Так, сапраўды, Байдэн рабіў заявы па Беларусі, але рыторыка — гэта адно, а
рэальная палітыка — іншае. ЗША, вядома, пойдуць на ўвядзенне санкцыяў супраць
асобных беларускіх кампаніяў, але гэта не крытычны ўдар.
Мне падаецца, што ЗША будуць умацоўваць еўрапейскую
пазіцыю і ў гэтым крызісе ісці за Еўропай. Аснова будзе вырашацца Еўропай. Я ня
бачу контураў нейкай асобнай самастойнай палітыкі ЗША ў дачыненні да Беларусі.