Міліцыя праверыла жыллёвыя ўмовы актывіста кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава

Вечарам 10 верасня чатыры супрацоўнікі УУС Маскоўскага раёна Мінска наведалі кватэру актывіста маладзёжнага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава. Афіцыйная мэта — праверка жыллёвых умоў.



vinahradau2.jpg

"Прыйшлі ў 20.06. У кватэры знаходзіліся каля 50 хвілін. Я быў абавязаны іх пусціць, бо знаходжуся пад прэвентыўным наглядам", — адзначыў Вінаградаў. Паводле слоў актывіста, падчас апытання жонкі адзін з міліцыянераў сказаў яму збірацца для "гутаркі", каб "скласці заключэнне па аглядзе". Пакуль Вінаградаў збіраўся, аднаму з супрацоўнікаў міліцыі патэлефанавалі і той аб'явіў "адбой".
 

Актывіст не можа ўявіць, чым мог быць выкліканы візіт. "Калі б мяне хацелі ізаляваць на Дзень горада 13 верасня, я б ужо сядзеў. Заўтра (12 верасня. — БелаПАН.) мне трэба ісці адзначацца, магчыма, штосьці скажуць", — заявіў Вінаградаў.
 

Паводле яго слоў, жыллёвыя ўмовы міліцыя ўжо правярала "года паўтара таму". "Тады выкралі 30 балонікаў і балончык з геліем", — адзначыў ён.
 

25 жніўня суд Маскоўскага раёна прыгаварыў Вінаградава да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго абвінавацілі па арт. 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях на падставе таго, што ён нібыта лаяўся матам каля УУС Маскоўскага раёна. Напярэдадні актывісты "Zмены" вывесілі 100 бел-чырвона-белых сцягаў у Мінску і Мінскім раёне.
 

26-гадовы Павел Вінаградаў — адзін з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, быў асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены на падставе ўказа Лукашэнкі аб памілаванні. Як мінімум да 25 кастрыніка будзе знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН