Міністэрства юстыцыі патрабуе ад АГП тлумачэнняў наконт акцыі каля КДБ
Аб’яднаная грамадзянская партыя атрымала ад Міністэрства юстыцыі ліст з патрабаваннем даць каментары і тлумачэнні наконт несанкцыяванай акцыі правацэнтрысцкай кааліцыі, што прайшла 7 лістапада на прыступках будынку КДБ у Менску.
«Згодна з інфармацыяй, пададзенай у СМІ, адным з арганізатараў акцыі выступіў старшыня Аб’яднаная грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. У гэтай сувязі просім даць каментары і тлумачэнні Аб’яднанай грамадзянскай партыі наконт вышэйназванага», — адзначаецца ў лісце.
«Акцыя правацэнтрыстаў 7 лістапада ўзбудзіла не толькі МУС, не толькі судовую сістэму (чарговы працэс ужо заўтра, а 10-й, у судзе Цэнтральнага р-на Мінска), але i Мiнюст. Там альбо дагэтуль правяць камунiсты, альбо iм проста няма чым заняцца», — пракаментаваў гэты ліст Анатоль Лябедзька ў сваім Фэйсбуку.
7 лістапада на прыступках КДБ прайшла акцыя ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій.
Арганізатарамі акцыі, у якой удзельнічалі каля 20 чалавек, выступілі прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі — АГП, рух «За свабоду» і аргкамітэт па стварэнню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Паводле Радыё Свабода