Наколькі добрыя аналітыкі ў Пуціна?

Усебеларускі народны сход застаецца ў экспертаў і палітолагаў тэмай №1. Але ўсіх, уласна, хвалюе толькі адно пытанне: «А што гэта ўвогуле было?»

balalaika24.ru.jpg

У прынцыпе, «што гэта было» — зразумела. Гэта быў спектакль, разлічаны не на ўнутранага спажыўца, а на знешняга аматара відовішчаў. Менавіта знешняга назіральніка павінны былі ўразіць і статысты, і галоўны акцёр гэтага «пагарэлага тэатра».

Без сэнсу і без выніку

Тое, што збор 2700 чалавек у Мінску не меў ніякага сэнсу дзеля ўнутранага стану ўлады, было відавочна. Балазе, ужо звозілі ў сталіцу — і не тры тысячы, а трыццаць тысяч людзей, якія павінны былі дэманстраваць «падтрымку» пакуль што кіраўніку і запэўніць яго ў тым, што ён нібыта перамог. Аднак тады гэтае мерапрыемства скончылася пшыкам. Проста таму, што на вуліцы выйшлі тыя, хто галасаваў «супраць» — і гэтых «супраць набралася на парадак больш, чым тых, каго прымусова звезлі сказаць «забацьку».
Тое мерапрыемства таксама было карысным, спарадзіўшы мем, які гуляе дагэтуль: «Сабачку!» На кароткі час яно пацешыла эга таго, хто пацярпеў паразу, — і толькі.
«Усебеларускі народны сход», праведзены на мінулым тыдні, у прынцыпе, не вызначыў нічога — дый нічога не мог вызначыць. Таму што ўсе рашэнні, ажно да рэзалюцыі, у якую «дэлегаты» не мелі права ўносіць папраўкі, былі спланаваныя і зацверджаныя загадзя. Таксама загадзя быў распісаны і сцэнар, дзе ўсе «рашэнні» прымаліся аднагалосна, нават калі хтосьці галасаваў «супраць». Напрыклад, апазіцыйная дэпутатка Мінгарсавета Вольга Цесакова галасавала «супраць» — а выявілася, што ўсё адно «за». Цікава, колькі там было такіх дэлегатаў і дэлегатак, як яна? Наўрад ці яна была адзінай. Проста іншыя ў галасаванні «супраць» не прызналіся.
Але ўсё прайшло як прайшло. Бессэнсоўна і бязлітасна.
Дык дзеля чаго ж збіраўся гэты форум?

Што абяцалася і абяцаецца?

Як вядома, увосень мінулага года Лукашэнка сустракаўся з Пуціным і атрымаў ад яго крэдыт у паўтара мільярда ды вайсковую падтрымку, якой так і не давялося скарыстацца. Памятаеце пра «рэзерв Расгвардыі», які быў падцягнуты да межаў Беларусі на выпадак, калі дэманстранты пяройдуць «чырвоныя рысы»? Прычым скарыстаць гэты рэзерв не даў мірны характар беларускіх пратэстаў, хаця ўжо на той момант сілавікі яўна правакавалі народ, даючы ў сваіх паведамленнях пра затрыманні ледзьве не інструкцыі пра «кактэйлі Молатава» альбо «нажы і арматуру» (дарэчы, у судах цяпер не фігуруе ні першае, ні другое, а нібыта вынятыя следствам «кактэйлі Молатава» так і не былі задзейнічаныя).
Наўзамен, як казалі розныя эксперты, Лукашэнка паабяцаў Пуціну дзве рэчы: утаймаваць пратэсты ў Беларусі ды правесці Канстытуцыйную рэформу з наданнем большых паўнамоцтваў палітычным партыям, а ўжо пасля гэтай рэформы сысці ў адстаўку.
На тым, нібыта, і паручкаліся. Пуцін сеў чакаць, калі абяцанае адбудзецца, час ад часу засылаючы ў Беларусь сваіх эмісараў кшталту Лаўрова і Нарышкіна, каб яны не давалі расслабляцца Лукашэнку. А Лукашэнка нібыта пачаў выконваць абяцанкі: прынамсі, яшчэ да пачатку сесіі парламента (гэта значыць, да 2 кастрычніка) прызначэнцы ў Палату прадстаўнікоў ды іншыя дзяржаўныя органы пачалі «збор прапаноў» ад насельніцтва наконт змен Асноўнага закона.
Але ж Лукашэнка не для таго ўчапіўся за ўладу ссінелымі пальцамі, каб яе проста так пазбавіцца. Відавочна, што тады ён выйграў час, які быў яму патрэбны. Але і цяпер ён проста грае на зацягванне працэсу.
Фактычна, калі адкінуць усе «пагрозы з боку Захаду», канспіралагічныя версіі наконт мабільных тэлефонаў і іншае трызненне, па факце з яго прамоў застаецца толькі некалькі тэзаў. Першая: канстытуцыйная рэформа павінна адбыцца праз рэферэндум не раней за 2022 год (гэта азначае яшчэ год кіравання для Лукашэнкі). Другая: распрацоўкай новай Канстытуцыі павінна заняцца канстытуцыйная камісія. Гэта азначае, што: а) усе прапановы, пададзеныя грамадзянамі і арганізацыямі ў 2021-м адпраўляюцца ў сметніцу (а нават некаторыя дэмакраты купіліся на гэты пражэкт і змарнавалі колькі часу, дасылаючы сваё бачанне Асноўнага закона «на деревню дедушке»); і б) не факт, што канстытуцыйная камісія скончыць сваю працу адносна Канстытуцыі да пачатку 2022 года. А потым можна будзе яшчэ пагандлявацца з Пуціным.
Трэцяя істотная тэза — умовы нібыта «сыходу» Лукашэнкі, якія таксама складаюцца з двух пунктаў: «каб не было пратэстаў» і «каб аніводзін валасок не ўпаў з прыхільнікаў былога кіраўніка». Пры выкананні гэтых дзвюх умоў, нібыта ціха-мірна ён сыходзіць.

Тэрмін выйшаў

Акурат перад пачаткам УНС расійскі «Коммерсантъ» апрылюдніў інфармацыю, што напрыканцы месяца адбудзецца сустрэча Лукашэнкі і Пуціна. І тое, што Лукашэнка плануе папрасіць у Пуціна яшчэ адзін крэдыт у 3 млрд. долараў. Гэта даволі цікава. Бо пасля сустрэчы увосень 2021-га эксперты казалі, што Пуцін даў Лукашэнку «на ўсё пра ўсё» паўгода. Якраз у лютым гэтыя паўгода заканчваюцца. Відавочна, Лукашэнку давядзецца ісці на экзамен да Пуціна і тлумачыць яму, што ён зрабіў, што не зрабіў, чаму не зрабіў і на што патрэбныя яшчэ грошы.
Для нас, у Беларусі, відавочна, што Лукашэнка не зрабіў анічога, нібыта абяцанага Пуціну. Канешне, Мінск ужо не мае такіх маштабных акцый і мітынгаў, як увосень 2021-га, уся пратэсная актыўнасць перайшла ў раённыя акцыі ды маршы. Але ў гэтым няма заслугі Лукашэнкі і карнага апарату: эксперты і напрыканцы восені казалі, што масавыя акцыі пяройдуць у не вельмі масавы фармат з наступам халадоў. Аднак увесну, калі халады спадуць, можна чакаць «другой хвалі рэвалюцыі». Карацей, пратэсты сцішыў не Лукашэнка, а «генерал Люты», які па маразах сапраўды апраўдвае сваё беларускае найменне.
З «канстытуцыйнай рэформай», як бачым, таксама не склалася. Дый наўрад ці магло скласціся, паколькі Лукашэнка свой адыход будзе адцягваць настолькі доўга, як магчыма. Не для таго ён развязаў вайну супраць уласнага народа, каб потым проста «зліцца». Ён зацягвае вырашэнне галоўнай праблемы ў спадзевах, што памяркоўныя беларусы ў чарговы раз купяцца на яго абяцанкі, пагодзяцца «перагарнуць старонку» ці здарыцца яшчэ нейкі цуд.
Але для таго, каб было за што трымацца ссінелымі пальцамі, патрэбныя не толькі дубінкі ды турмы. Трэба грошы.

У пана атамана скончыўся залаты запас?

Размову пра тры мільярды крэдыту вёў не толькі «Коммерсантъ», але і беларускі прэм’ер Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў, калі грошай не дасць Захад — будзем прасіць крэдыты у Кітая ды Расіі.
Што да Кітая, то, падобна, ніякіх аптымістычных навін з Паднябеснай чакаць не даводзіцца. Беларусь была яму патрэбная як складнік праграмы «Пояс і шлях», якая прадугледжвала заваёву кітайскімі таварамі еўрапейскага рынку. Цяпер жа лукашэнкаўская дзяржава проста зняславілася ў вачах Захаду, а значыць, становіцца «таксічнай» на прадмет паставак праз яе.
А які сэнс укладаць грошы ў «таксічны» актыў? Прычым, калі гэта не нясе асаблівых звышмоцных выгод, якія апраўдалі б фінансавую рызыку? З кітайцамі формула «грошы ўзамен на сяброўства» не пракоціць.Паказальны той факт, што пасла Кітая ў Беларусі Се Сяоюна не было сярод іншых дыпламатаў на УНС, хаця запрашэнне яму было дасланае.
У якасці крыніцы рэсурсаў застаецца толькі Расія. Пры гэтым размова пра тры (ці больш, паводле ўдакладненай інфармацыі расійскіх СМІ) мільярды ідзе ў той час, калі афіцыйны Мінск да канца не выбраў папярэдні, восеньскі крэдыт у 1,5 млрд. долараў — нам засталося атрымаць яго апошні транш. Гэта азначае, што тыя 500 млн. долараў у расійскіх рублях, якія да нас прыйдуць неўзабаве, ужо падзеленыя і размеркаваныя.

Наколькі добрыя аналітыкі ў Пуціна

Вось таму і цікава, як пройдзе сустрэча Лукашэнкі і Пуціна напрыканцы гэтага месяца. Гэты візіт папярэдне плануецца на 22-25 лютага. Пакуль дапрацоўваецца спіс пытанняў, што кіраўнікі краін абмяркуюць афіцыйна.УНС — гэта была падрыхтоўка сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Лукашэнка будзе казаць свайму «спонсару» пра ўтаймаваныя пратэсты, ад якіх засталася толькі «купка адмарозкаў», што «носу не смеюць высунуць у цэнтр Мінска». То-бок, загад Пуціна ўтаймаваць Беларусь нібыта выкананы.
А наконт абяцанняў канстытуцыйнай рэформы: «Прабач, браце, не ўсё так хутка робіцца. Народ вырашыў так — на УНС, і я мушу яму падпарадкавацца». Канешне, Лкашэнка паездзіць па вушах расійскаму кіраўніку пра «волю народа» і будзе запэўніваць, што ў 2022-м — «зуб даю, будзе новая Канстытуцыя». Але пакуль што трэба грошы.
А там альбо ішак здохне, альбо падзішах, як у старой усходняй казцы.
Ці паверыць Пуцін у «волю беларускага народа» ў выглядзе УНС і «ўтаймаванне пратэстаў», якраз і будзе залежаць ад таго, наколькі ў яго, Пуціна, камандзе адэкватныя і абазнаныя аналітыкі і выведнікі, а таксама наколькі кампетэнтныя супрацоўнікі расійскай амбасады ў Беларусі. Наколькі яны могуць давесці да расійскага кіраўніка рэальны стан рэчаў у Сінявокай. Ці Пуцін у чарговы раз паверыць у абяцанні Лукашэнкі, зноў дасць грошай і будзе выглядаць, мякка кажучы, неразумным чалавекам, якога ў чарговы раз «развялі на грошы»? І цікава, як нашу сітуацыю у прынцыпе бачаць у Крамлі.
З аднаго боку, Пуціну не з рукі цяпер адмаўляцца ад Лукашэнкі, бо ў Беларусі яшчэ не створана нейкая моцная прарасійская ўплывовая структура або партыя. З іншага — сам Лукашэнка і з’яўляецца перашкодай для яе стварэння, бо не жадае губляць статус «адзінага сябра Расіі». З трэцяга — Лаўроў заявіў нават пра разрыў дыпламатычных адносін з Еўропай, калі да Расіі будуць прынятыя эканамічныя санкцыі з-за «справы Навальнага». І ёсць вялікая спакуса замірыцца з Еўропай, «здаўшы» цалкам таксічнага і не таннага для Расіі Лукашэнку.
Праўда, усе гэтыя сцэнары — рацыянальныя, а расійская ўлада любіць і ўмее дзейнічаць ірацыянальна.Карацей, нас чакаюць даволі цікавыя часы. Шкада, што мы цалкам не пабачым гэтых схаваных гульняў. Але тое, што сустрэча Пуціна і Лукашэнкі будзе нялёгкай для апошняга, — гэта відавочна.