Нарвежскіх партнёраў БХД не пусцілі ў Беларусь
8 траўня беларускія памежнікі не ўпусцілі ў Беларусь лідара і міжнароднага дарадцу Моладзі Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Нарвегіі (KrFU) — Эміля Андрэ Эрстада і Лінэ Нордхаўг адпаведна.
Лідары KrFU паверылі запэўніванням беларускіх уладаў пра тое, што падчас чэмпіянату свету для візіту ў Беларусь візы будуць непатрэбныя і будзе дастаткова толькі квіткоў на спартыўныя спаборніцтвы. 8 траўня нарвежскія актывісты, якія набылі квіткі на матч паміж зборнымі Нямеччыны і Казахстана, прыляцелі ў Вільню, адкуль на цягніку накіраваліся ў Менск.
Іх мусілі сустрэць на Чыгуначным вакзале прадстаўнікі БХД, але на мяжы з Беларуссю нарвежскіх палітыкаў знялі з цягніка і перасадзілі на цягнік назад да Вільні. Ім заявілі, што яны знаходзяцца ў спісе асобаў, якім забаронены ўезд у краіну.
"Мне цяжка ўявіць, якую небяспеку рэжым бачыць у маладых нарвежскіх палітыках. Але ў адзін цудоўны дзень дэмакратыя пераможа. Гэта ведаю і я, і я Лукашэнка. Магчыма, менавіта, таму ён і спужаўся", — адзначыў Эміль Андрэ Эрстад.
У 2012 годзе ён ужо спрабаваў прыехаць у Беларусь, але і тады яму адмовілі ва ўездзе ў краіну.
Прэсавая служба БХД