Незалежныя прафсаюзы патрабуюць аднавіць на працы Ганну Севярынец

Старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, сябар Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаннях Аляксандр Ярашук звярнуўся Сустаршыні Нацыянальнай Рады па працоўных і сацыяльных пытаннях, Старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ардзе М. С. адкрытым лістом, дзе заклікаў аднавіць на працы Ганну Севярынец, а дырэктара Смалявіцкай гімназіі Д.М. Дубаневіча прыцягнуць да адказнасці.

f45277fb_feed_41d8_a075_1551f5e2138f_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

Рэдакцыя «Новага часу» прыводзіць тэкст Адкрытага ліста ў арыгінале:
Сустаршыні Нацыянальнай Радыпа працоўных і сацыяльныхпытаннях,Старшыні Федэрацыі прафсаюзаўБеларусіАрдзе М. С.
АДКРЫТЫ ЛІСТ
Паважаны Міхаіл Сяргеевіч!
Звяртаюся да Вас з гэтым адкрытым лістом, маючы на ўвазе рэзананс у грамадстве справы з непрацягненнем кантракта настаўніцы рускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі, пісьменніцы і даследчыцы беларускай літаратуры Ганны Канстанцінаўны Севярынец. Ганна Канстанцінаўна была прызнана «Настаўнікам года Смалявіцкага раёна – 2019», стала фіналістам конкурсу бягучага года, яе вучні – неаднаразовыя прызёры нацыянальных і міжнародных алімпіяд і конкурсаў.
12 чэрвеня 2020 г. дырэктар Смалявіцкай раённай гімназіі Дубаневіч Д.М. абвесціў Севярынец Г.К. аб непрацягненні працоўнага кантракта. Свае заўвагі на гэты конт выказаў нават міністр адукацыі Карпенка І.В., які пацвердзіў палітычны падтэкст справы і тое, што Ганна Севярынец звольнена за напісаны ёй верш. Сам верш – рэакцыя неабыякавай грамадзянкі краіны на выказванні кіраўніка Беларусі аб магчымым прымяненні зброі супраць народа.
Цяпер слова за Вамі, Міхаіл Сяргеевіч! Час паказаць, што прафсаюз і падпісаныя дакументы каштуюць значна больш, чым папера, на якой яны напісаныя. Згодна з п. 55.15. Генеральнага пагаднення на 2019–2021 гг., якое мы з Вамі ад прафсаюзнага боку распрацоўвалі, узгаднялі і падпісвалі разам з урадам і аб’яднаннямі наймальнікаў, п. п. 31.13., 31.16. Пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі і навукі і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2019–2022 год ад 27.02.2019 г. (у рэдакцыі змен і дадаткаў ад 02.04.2020 г.) дырэктар Смалявіцкай гімназіі Дубаневіч Д.М. не меў права звольніць настаўніцу Севярынец Г.К. Зрабіўшы гэта, ён парушыў і Генеральнае і Галіновае пагадненні, якія з’яўляюцца нарматыўнаправавымі дакументамі, абавязковымі да выканання.
Такім чынам, законнасць у сферы адукацыі павінна быць адноўлена, кантракт з Севярынец Г.К. павінен быць працягнуты з яе згоды на максімальны тэрмін, як і прадугледжана абодвума Пагадненнямі, а Дубаневіч Д.М. павінен быць прыцягнуты да адказнасці.
Старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, сябар Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаннях Аляксандр Ярашук