Нямецкі палітык: Германіі неабходна рэагаваць на расійскую прапаганду
Старшыня замежнапалітычнага камітэта бундэстага Норберт Ротген (Norbert Röttgen) заклікаў нямецкую грамадскасць больш пільна ставіцца да расійскай прапаганды.
З ягоных слоў, адной са стратэгій прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў канфлікце вакол Украіны з'яўляецца «спроба паўплываць на грамадскую думку не толькі ў самой Расіі і ва Украіне, але і ў Нямеччыне».
Пра гэта палітык сказаў у інтэрв'ю газеце Der Tagesspiegel, паведамляе «Нямецкая хваля».
Ён падкрэсліў, што для дасягнення сваіх мэтаў Пуцін не грэбуе ні прапагандай, ні маніпуляцыяй грамадскай думкай.
Ротген выказаў занепакоенасць тым, што ў Нямеччыне да гэтага часу ніхто не пачаў займацца вывучэннем гэтай прапаганды, «не кажучы ўжо пра тое, каб на яе адказваць».
«Калі ў грамадстве фармуецца свядомае стаўленне да такога роду завуаляванага і арганізаванага ўздзеяння, яго эфект нівеліруецца», — мяркуе Ротген.
Паводле інфармацыі кіраўніка парламенцкага камітэта па знешняй палітыцы, моцны ціск адчуваецца на «нямецкіх карэспандэнтаў грамадска-прававых тэлерадыёкампаній, якія займаюцца непрадузятым асвятленнем падзей на ўсходзе Украіны» за тое, што яны «называюць рэчы сваімі імёнамі», апавядаючы аб удзеле Расеі ў канфлікце. Грамадскасць павінна ведаць аб гэтым, заявіў Ротген.