Памілаванне за зліў інфармацыі. У НАУ заявілі, што чальцоў каманды Латушкі спрабуе вербаваць КДБ

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, якое дзейнічае з 2020 года пад кіраўніцтвам палітыка Паўла Латушкі, заявіла пра спробы вярбоўкі чальцоў каманды з боку супрацоўнікаў Камітэта дзяржбяспекі. Спецслужбістаў вельмі цікавяць матэрыялы НАУ, якія тычацца ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і якія неўзабаве будуць перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

mus__kdb__horad_fota_logo_1.jpg

«Народнае антыкрызіснае ўпраўленне вядзе актыўную працу па прыцягненні Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да міжнароднай крымінальнай адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы і злачынствы агрэсіі. Дыктатар вінаваты ва ўчыненні трох з чатырох найбольш цяжкіх міжнародных злачынстваў», — гаворыцца ў паведамленні НАУ.

«КДБ Лукашэнкі робіць пастаянныя спробы, якія апошнім часам сталі больш актыўнымі, каб атрымаць інфармацыю, сабраную НАУ. Гэтая інфармацыя рыхтуецца для перадачы ў Міжнародны крымінальны суд, уключаючы тыя матэрыялы, якія ўжо знаходзяцца ў распараджэнні офіса пракурора МУС», — сцвярджае каманда Латушкі.

НАУ піша, што прапановы аб «супрацоўніцтве» з мэтай атрымання магчымага «памілавання» ад імя Лукашэнкі атрымалі «шэраг чальцоў нашай каманды». Таксама, адзначае НАУ, пад выглядам супрацоўнікаў Міністэрства абароны Украіны, КДБ Лукашэнкі «спрабаваў выманіць важную для рэжыму інфармацыю». «У далейшым асобы, якія ўжо прадстаўляліся супрацоўнікамі КДБ, рабілі спробы шантажу і пагроз», — заяўляе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

«Мы хочам заявіць, што працягваем сваю працу, і ў бліжэйшы час вам варта чакаць чарговых «падарункаў», — звярнуўся Латушка да кадэбістаў. — Вы не зможаце атрымаць канфідэнцыйную інфармацыю, якая знаходзіцца ў распараджэнні офіса пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе і генеральных пракуратур шэрагу краін — саюзнікаў дэмакратычных сіл Беларусі».


Глядзіце таксама

Нагадаем, напярэдадні праваабаронцы з Dissidentby паведамілі, што людзей, якія выйшлі на волю па так званым «памілаванні», масава і гвалтоўна вярбуюць беларускія чэкісты. Пра гэта таксама паведамляў Андрэй Стрыжак (BYSOL) і пацвярджалі ў «BELPOL».

Пагрожаючы новым пераследам і ціскам на сям'ю, служкі КДБ патрабуюць ад палітвязняў падпісаць шэраг папер, пагадзіцца на ўдзел у прапагандысцкіх відэа, забараняюць выезд з краіны, а таксама патрабуюць супрацы ў агентурнай дзейнасці супраць дэмакратычных сіл, фондаў дапамогі і праваабарончых арганізацый.

Ад людзей патрабуюць звяртацца ва ўсе магчымыя фонды і структуры дэмакратычных сіл і «зліваць» любую інфармацыю, якая дапамагла б знішчыць каналы падтрымкі рэпрэсаваных ці нанесці іншую шкоду апазіцыйным структурам. Часта гэта звязана з устаноўкай спецыяльнага праграмнага забеспячэння на дэвайсы «памілаванага», каб супрацоўнікі рэжыму маглі праводзіць агентурную дзейнасць літаральна ў рэжыме анлайн.