Паўночная Карэя запусціла 23 ракеты. Адна з іх упала ля берага Паўднёвай Карэі

А таксама працягвае пастаўкі зброі Расіі.

754868571667817.jpg


Паўночная Карэя выпусціла 23 ракеты ў мора. Адна з іх упала менш чым у 60 км ад Паўднёвай Карэі, што прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сук Ёль назваў «тэрытарыяльным замахам», паведамляе агенцтва «Reuters».
Гэта быў першы выпадак, калі балістычная ракета, выпушчаная Пхеньянам, прызямлілася каля суседняй дзяржавы. Паўднёвая Карэя запусціла свае ракеты ў адказ.
Запускі адбыліся ўсяго праз некалькі гадзін пасля таго, як КНДР запатрабавала ад Злучаных Штатаў і Паўднёвай Карэі спыніць буйнамаштабныя вайсковыя вучэнні, заявіўшы, што такую «вайсковую неабдуманасць і правакацыю больш нельга трываць».


Ракета ўпала па-за межамі тэрытарыяльных вод Паўднёвай Карэі, але на спрэчнай міжкарэйскай марской мяжы.
«Прэзідэнт Юн Сук Ёль адзначыў, што сённяшняя правакацыя Паўночнай Карэі была актам тэрытарыяльнага ўварвання з дапамогай ракеты, якая ўпершыню пасля падзелу (дзвюх Карэй) трапіла ў міжкарэйскую водную мяжу», — гаворыцца ў паведамленні яго офіса.
Калі Юн Сук Ёля спыталі, ці ляцела ракета ў бок тэрыторыі Поўдня і ці павінна была быць перахопленая, паўднёвакарэйскі прэзідэнт адказаў: «Строга кажучы, яна прызямлілася не на нашай тэрыторыі, а ў выключнай эканамічнай зоне пад нашай юрысдыкцыяй, таму яна не падлягала перахопу».
Прадстаўнік Белага дома па нацыянальнай бяспецы Джон Кірбі назваў запускі ракет Паўночнай Карэяй, якія вядуцца на працягу года насуперак усім рэзалюцыям ААН, «безразважнымі» і заявіў, што Злучаныя Штаты паклапоцяцца пра абарону сваіх саюзнікаў — Паўднёвай Карэі і Японіі.
Кірбі таксама паведаміў на брыфінгу, што Злучаныя Штаты валодаюць інфармацыяй, якая паказвае на тое, што КНДР таемна пастаўляе Расіі «значную» колькасць артылерыйскіх снарадаў для вайны ва Украіне. Вашынгтон мае намер правесці кансультацыі з ААН па пытаннях падсправаздачнасці ў сувязі з пастаўкамі.


ЗША заяўляюць, што Паўночная Карэя спрабавала схаваць пастаўкі, накіроўваючы іх праз краіны Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі.
Афіцыйны Пхеньян у верасні адмаўляў абвінавачанні — маўляў, Паўночная Карэя ніколі не пастаўляла зброю або боепрыпасы ў Расію і не плануе гэтага рабіць.