Пікет памяці Захаранкі насупраць рэзідэнцыі Лукашэнкі (фота)

Беларускія хрысціянскія дэмакраты 30 ліпеня ў Мінску насупраць новай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі па праспекце Пераможцаў правялі пікет памяці зніклага 17 гадоў таму міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі і ў падтрымку яго маці спадарыні Улляны.


Мінчане ставілі подпісы пад патрабаваннямі маці палітыка, якая просіць прызнаць свайго сына памерлым. Гэта трэба і для ўшанавання яго памяці, і для вырашэння шэрагу іншых пытанняў.


У пікеце ўдзельнічалі сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, адказны сакратар Дзяніс Садоўскі, лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч, кіраўнік Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова і іншыя. Пікет праходзіў пад бел-чырвона-белымі сцягамі з партрэтамі Юрыя Захаранкі.
«Людзі самі падыходзілі, ставілі свае подпісы. Некаторыя з іх нават захацелі далучыцца да хрысціянскай дэмакратыі. У адрозненне ад беларускіх уладаў менчукі памятаюць былога міністра. Тое, што зараз адбываецца з боку ўладаў, - гэта нішто іншае, як здзек з памяці сумленнага афіцэра беларускага МУС і мужнага грамадзяніна, як здзек з яго маці. З аднаго боку сапраўднае следства не вядзецца, з другога боку яго не прызнаюць загінулым», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Ён адзначыў, што заява маці Юрыя Захаранка будзе разглядацца ў панядзелак 1 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе па вуліцы Дуніна-Марцінкевіча, 1. Пачатак а 10:00. Сустаршыня БХД заклікаў усіх прыйсці да суда, каб ушанаваць памяць былога міністра і падтрымаць спадарыню Улляну.
Паводле прэс-службы БХД