Прадстаўнік Украіны пры ААН: Расія ўжо адмежавалася ад працэсу выканання мінскіх дамоўленасцей
Дакументы, узгодненыя ўдзельнікамі перамоваў у «нармандскім фармаце» у Мінску, даюць надзею на дээскалацыю сітуацыі на Данбасе, аднак рэалізацыя дамоўленасцей будзе няпростай, заявіў пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Юрый Сяргееў 13 лютага на брыфінгу ў Нью-Ёрку.
«Мы не ўтойваем свайго расчаравання ў сувязі з тым, што расійскае кіраўніцтва адразу ж адмежавалася ад працэсу ажыццяўлення пагаднення, настойваючы на тым, што Расія не
з'яўляецца бокам канфлікту», — сказаў Сяргееў, якога цытуе Цэнтр навін ААН.
«Мы лічым непрымальным, што ў той час, як праходзіла сустрэча ў Мінску, на тэрыторыі, падкантрольныя сепаратыстам, з Расіі прыбыло 50 новых танкаў, 40 артылерыйскіх сістэм і 40
бронемашын», — падкрэсліў дыпламат. Прадстаўнік Украіны адзначыў, што ў цяперашні час незаконныя ўзброеныя групоўкі абстрэльваюць 48 гарадоў і вёсак на ўсходзе яго краіны.
Пастаянны прадстаўнік Украіны падкрэсліў, што новыя дамовы не замяняюць вераснёўскія мінскія дамоўленасці, а грунтуюцца на іх і дапаўняюць іх. Як адзначыў Сяргееў, украінскаму боку ў ходзе
перамоваў выстаўлялі шэраг непрымальных умоваў, але прэзідэнт яго краіны «выразна заявіў, што не пойдзе ні на якія ультыматумы і што спыненне агню павінна быць абвешчана без якіх-небудзь
папярэдніх умоў».
БелаПАН