Рэферэндум–2004: «элегантный и ошеломляющий»
Улічваючы вялікую ролю ў рэферэндуме 17 кастрычніка 2004 года прапаганды і спецслужбаў, не варта скідваць з рахункаў і іншыя абставіны. А менавіта тое, што частка насельніцтва свядома прагаласавала «за». Магчыма таму, што не хацела ўсведамляць — беларуская сацыяльная мадэль не мае нават сярэднетэрміновай перспектывы.
Пытанне рэферэндуму было пастаўлена так: «Ці дазваляеце вы першаму прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку ўдзельнічаць у якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзідэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: “Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні?”».
Гэты крок
афіцыйнага беларускага лідара быў чаканы. Наўрад ці можна было сумнявацца,
улічваючы прагу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады, што ён добраахвотна сыдзе
з пасады. Пачынаючы з 2003 года незалежныя эксперты і юрысты, у прыватнасці,
былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, зрабілі дакладны
прагноз наконт таго, што прэзідэнт будзе ініцыяваць рэферэндум, датычны трэцяга
тэрміну. Сам Лукашэнка ў шматлікіх інтэрв’ю, у тым ліку і на знакамітай
прэс-канферэнцыі 20 ліпеня 2004 года, не выключаў магчымасці быць прэзідэнтам у
трэці раз. У жніўні 2004 года падчас візіту кіраўніка дзяржавы на
сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Кастрычнік-Гродна» па беларускім
дзяржаўным тэлебачанні быў прадэманстраваны сюжэт, у якім адна з мясцовых
жыхарак прасіла яго застацца на сваёй пасадзе найдалей. Вядомы апазіцыйны дзеяч
Павел Севярынец лічыў, што Аляксандр Лукашэнка абвесціць пра
рэферэндум у дзень свайго пяцідзесяцігоддзя, 30 жніўня.
Ці выпадковасць?
Аднак час звароту аказаўся крыху іншым і быў падабраны вельмі ўдала. Як вядома, 1 верасня 2004 года адбылася тэрарыстычная трагедыя ў Беслане. Таму ўвага самой Расіі, ад якой у асноўным і залежала прызнанне вынікаў рэферэндуму, і сусветнай супольнасці была прыкаваная да не вядомага дагэтуль невялічкага гарадка ў Паўночнай Асеціі. На магчымую сувязь Беслана і ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі з рэферэндумам упершыню ўказаў (яшчэ да звароту Лукашэнкі) дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Парфяновіч.
Нездарма ў звароце, які трансляваўся на вялікім экране сталічнай Кастрычніцкай плошчы, куды спецыяльна звезлі вялікую колькасць студэнтаў, пэўнае месца адводзілася тэрарызму. Аляксандр Лукашэнка, які нават не падазраваў аб будучых падзеях у мінскім метро ў красавіку 2011-га, упэўнена казаў, што «Господь хранит нас — за эти десять лет ни один белорус не стал жертвой террористического акта». Аднак Бог не паслухаў кіраўніка дзяржавы.
У цэлым зварот быў вытрыманы ў характэрным для Аляксандра Лукашэнкі папулісцкім стылі з налётам сапраўднага містыцызму, калі прэзідэнт параўнаў Беларусь са светлым і крыштальным сасудам, які ён нясе ў сваіх руках. Спіч суправаджаўся традыцыйнымі мантрычнымі заклінаннямі пра павышэнне сярэдняга заробку, пенсій і стыпендый, аб вырашэнні жыллёвага пытання. Эпітэты накшталт таго, што «страна твердо встала на путь созидания, поступательного развития» і г.д. сведчылі, што кіраўніком дзяржавы канчаткова авалодаў сіндром звышдзяржаўнага мыслення без адэкватнага ўспрымання сітуацыі.
У звароце
кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што абапіраецца непасрэдна на думку народа і
пазбягае ўсялякіх схем і камбінацый. Мелася на ўвазе тая акалічнасць, якую
прыгадвалі эксперты і юрысты: Лукашэнка мог, напрыклад, прапанаваць
пытанне аб працягу сваіх паўнамоцтваў шляхам зацвярджэння асобнага нарматыўнага
прававога акта без зменаў у Канстытуцыю альбо нешта іншае.
Пытанне ў пытанні
Праблемы ўзніклі з пытаннем, якое было вынесена на ўсенароднае галасаванне. Па-першае, незалежныя эксперты і юрысты даказвалі, што яно было непасрэдным парушэннем часткі трэцяй артыкула 112 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Паводле закона, на рэферэндум не маглі выносіцца пытанні, звязаныя з абраннем і вызваленнем ад пасады прэзідэнта. Улады, каб абвясціць рэферэндум, павінны былі ў першую чаргу ліквідаваць гэты нонсенс. Да гэтага, напрыклад, заклікаў былы старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання Мечыслаў Грыб. Прэзідэнцкія паплечнікі, у тым ліку і Мікалай Лазавік, лічылі, што аніякіх парушэнняў няма, бо паняцці «абранне» і «тэрмін» — розныя рэчы. Праўда, у 2003 годзе Мікалай Лазавік заявіў, што лепшым выйсцем з сітуацыі было б рашэнне Канстытуцыйнага суда. Хаця тут сакратар Цэнтрвыбаркаму яўна хітраваў, бо старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч таксама заявіў, што юрыдычных перашкодаў для правядзення рэферэндуму не існуе.
Аднак для Лукашэнкі, які ніколі не хацеў здавацца слабым, нават такая фармальнасць была абсалютна немагчымай. Дата рэферэндуму была прызначана, нягледзячы на відавочную юрыдычную калізію.
Па-другое, адно пытанне ўтрымлівала, па сутнасці, два, якія супярэчылі адно аднаму. Улады, каб пазбегнуць, крытычных заўваг, маглі вынесці на плебісцыт другую частку, якая была сфармулявана карэктна. Але прапісаны ў Канстытуцыі прэзідэнцкі палітычны рэжым у моцнай ступені вызначаўся асобаю самога Аляксандра Лукашэнкі і быў цалкам завязаны на ім. І гэта галоўная прычына таго, што асабістае прозвішча прэзідэнта з’явілася ў выбарчым бюлетэні.
Да таго ж, у пытанні Аляксандр Лукашэнка падаваўся як першы прэзідэнт. Сама першая частка пытання з яе фармулёўкай павінна была настроіць выбаршчыкаў на такі лад, пры якім альтэрнатывы Лукашэнку папросту няма.
Лікі дэмакратыі
Такім чынам, на падрыхтоўку і правядзенне рэферэндуму было адведзена крыху больш за месяц — рэкордна кароткі тэрмін для адпаведнай палітычнай кампаніі. Аднак з боку Лукашэнкі быў свой разлік: большы тэрмін пацягнуў бы за сабой абавязковыя дыскусіі ў СМІ, рэакцыю насельніцтва. У любым выпадку расцягванне тэрміну для плебісцыту азначала б палітызацыю грамадства, што не ўваходзіла ў планы кіраўніка дзяржавы. Цікава, што не спраўдзіліся словы Мікалая Лазавіка — у ліпені 2003 года ён казаў, што правесці рэферэндум за месяц немагчыма.
На апрацоўку грамадскай думкі была кінутая ўся добра адладжаная прапагандысцкая машына. Праз пару дзён пасля з’яўлення ўказу па тэлебачанні пачалі транслявацца ролікі з відавочнымі заклікамі галасаваць у падтрымку пытання (у выглядзе выбарчага бюлетэню з пазнакай на тым месцы, дзе павінна было стаяць «так»). Адпаведную палітыку ў падтрымку рэферэндуму праводзілі іншыя дзяржаўныя СМІ — радыё і прэса.
Рэсурсы праціўнікаў рэферэндуму — недзяржаўныя газеты і інтэрнэт — былі значна абмежаваныя. Заява Партыі БНФ ад 10 верасня 2004 года з патрабаваннем даць роўныя магчымасці абмяркоўваць рэферэндум у СМІ засталася без увагі.
Праўда, напярэдадні рэферэндуму ўлады вырашылі прадэманстраваць плюралізм, пусціўшы на канале АНТ 11 кастрычніка ток-шоу «Выбар» на тэму рэферэндуму з вядучым Ягорам Хрусталёвым. У ток-шоу прынялі ўдзел як высокапастаўленыя асобы (Лідзя Ярмошына, Рыгор Васілевіч), так і незалежныя палітыкі і эксперты (Віталь Малашка, Валерый Карбалевіч). Пры гэтым галоўны суддзя і кіраўнік ЦВК падтрымалі ініцыятыву рэферэндуму і рабілі такія заявы, якія былі несумяшчальныя з іх пасадамі.
Упершыню на дзяржаўным тэлебачанні грамадзяне пачулі альтэрнатыўную думку аб небяспецы такога плебісцыту. Праўда, зробленая ў запісе і кароткая па часе перадача не магла пераважыць інфармацыйныя захады дзяржавы. Ды і самі ўлады, пусціўшы перадачу ў эфір, падкінулі праціўнікам рэферэндуму горкую пілюлю: арганізаванае падчас ток-шоу тэлефоннае галасаванне «за» і «супраць» рэферэндуму паказала пераканаўчую перамогу першых: 72 і 28% адпаведна. Гэта можна лічыць своеасаблівым кодам закручвання грамадскай думкі на патрэбны вынік.
13 кастрычніка ў Палацы спорту ўлады арганізавалі вялікі гала-канцэрт «За Беларусь!» (16 кастрычніка ён быў паказаны на АНТ), які павінен быў пашырыць кола прыхільнікаў рэферэндуму. Вядомыя беларускія спевакі і музыканты (Кірыл Слука, Анатоль Ярмоленка і іншыя) катэгарычна адмаўлялі палітычную падаплёку свайго ўдзелу ў мерапрыемстве.
І ўсе ж галоўным ньюсмейкерам і рухавіком рэферэндуму быў сам Аляксандр Лукашэнка, які правеў кампанію даволі энергічна. Ён наведаў рэгіёны, шэраг стратэгічных прадпрыемстваў («Камунарка», «Гарызонт») і нават пабываў на фінале конкурсу «Міс Беларусь» 24 верасня. Галоўны месідж правадыра да насельніцтва заключаўся ў тым, што для Лукашэнкі галоўнае не пасада, а бяспека і дабрабыт людзей. На «Гарызонце» прэзідэнт запэўніваў прысутных, што «не держится за кресло посиневшими пальцами».
Своеасаблівай квінтэсенцыяй публічных сустрэчаў кіраўніка дзяржавы падчас рэферэндуму стала лекцыя, прачытаная ім 23 верасня 2004 года ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце пад назвай «Крепкие регионы — сильная Беларусь». Перад студэнцкай аўдыторыяй Лукашэнка літаральна прадстаў у поўным узбраенні, дэманструючы такія ўласныя якасці і дасягненні, як добрая адукацыя (афіцыйны беларускі лідар тады заявіў, што скончыў тры ВНУ, але на прэзідэнцкім сайце пазначаны толькі дзве атрыманыя ім вышэйшыя адукацыі. — аўт.) ідобрае здароўе («перед вами стоит человек, который ни разу не лежал в больнице»). Лукашэнка заклікаў студэнтаў падтрымаць яго на рэферэндуме і маляваў перад імі апакаліптычныя сцэнары краху краіны ў выніку свайго пройгрышу.
Падчас лекцыі Лукашэнка зноў прадэманставаў сваю адданасць прынцыпу «добры цар — дрэнныя слугі». Калі адзін студэнт пажаліўся, што ў яго бацькі — рэзчыка па дрэве і аднаго са стваральнікаў рэзідэнцыі Дзеда Мароза — маленькая зарплата, прэзідэнт паабяцаў разабрацца. Сапраўднае абурэнне кіраўніка дзяржавы выклікала заява аднаго са студэнтаў пра тое, што ім — удзельнікам будаўнічага атрада, які працаваў на тэрыторыі Беларусі, — заплацілі не тую суму, якая была прапісана афіцыйна. Раз’юшаны прэзідэнт даў даручэнне знайсці і пакараць вінаватых, «поснимать с них головы».
Плюс рэпрэсіі
Канешне, улада не спадзявалася толькі на прапаганду і агітацыю, а абапіралася на моцны сілавы апарат. Ціск на актывістаў, прыпыненне выхаду некаторых незалежных выданняў, арышты і штрафы — усё гэта суправаджала надыходзячы рэферэндум. Ужо 7 верасня 2004 года, праз некалькі хвілін пасля заканчэння звароту Лукашэнкі, праваахоўныя органы затрымалі тых, хто публічна асудзіў зварот. Сярод іх быў вядомы малады палітык Зміцер Дашкевіч.
Пад раздачу іншы раз патраплялі і «свае». 20 верасня працы пазбавілася намеснік галоўнага рэдактара шклоўскай раённай газеты «Ударны фронт» Ніна Буйніцкая. Прычынай звальнення стала публікацыя ліста аднаго з чытачоў у рубрыцы «Рэферэндум — правільнае рашэнне» (ужо сама фармулёўка рубрыкі была парушэннем выбарчага заканадаўства, бо фактычна зводзілася да агітацыі). У лісце аўтар горача хваліў ідэю рэферэндуму, а да ліста прыкладаўся верш, у якім выказвалася падтрымка кіраўніку дзяржавы. Пасля выхаду газеты аказалася, што надрукаваны твор — «акраверш». Яго першыя літары склалі асобны сказ, сэнс якога зводзіўся да датычнасці прэзідэнта да знікнення палітычных апанентаў.
У руках улады быў яшчэ адзін моцны козыр — датэрміновае галасаванне, якое павінна было адбыцца на працягу чатырох — 12, 13, 14 і 15 кастрычніка — дзён. Выкарыстоўваючы адміністратыўны рэсурс, улада прымушала людзей ісці на датэрміновае галасаванне. У гэтай сітуацыі, бадай, самымі безабароннымі апынуліся іншагароднія студэнты, якіх па розных матывах маглі пазбавіць права пражывання ў інтэрнаце.
Прадказальны вынік
Афіцыйныя вынікі рэферэндуму былі паспяховымі для кіраўніка дзяржавы. Унесена ў спісы для галасавання было 6 986 163 грамадзянаў, у рэферэндуме ўзялі ўдзел 6 307 395, то бок 90,28%. Лукашэнку падтрымалі 79,42%. Супраць выказаліся ўсяго 691 917 грамадзянаў. Пры гэтым у датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел 13,72% выбарцаў.
Улада не хавала публічнага задавальнення гэтымі вынікамі. Лідзія Ярмошына назвала перамогу прэзідэнта «элегантнай». Сам Лукашэнка прызнаў, што лічбы галасавання сталі для яго «ошеломляющими».
Вынікі рэферэндуму былі абумоўлены супадзеннем рознага роду фактараў. Канешне, дапамаглі забяспечыць патрэбныя вынікі асабістыя памкненні Лукашэнкі. Больш таго, рэпрэсіўны апарат узмацніўся пасля рэферэндуму, калі былі затрыманы дзясяткі грамадзянаў, што выказалі пратэст. Дэманстратыўнаму збіццю падвергліся лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька (разам з ім — аператары НТВ и REN-TV) і вядомы журналіст Павел Шарамет.
Дарэчы, на прыкладзе Паўла Шарамета можна меркаваць пра сапраўднае стаўленне ўладаў да палітычных апанентаў. Збітага 18 кастрычніка Паўла Шарамета даставілі ў 4-ю клінічную бальніцу Мінска. Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне прысвяціла гэтаму спецыяльны сюжэт, у якім дырэктар установы з гонарам заявіў, што журналісту аказана ўся неабходная дапамога. Аднак 19 кастрычніка Паўлу Шарамету паведамілі, што яго тэрмінова выпісваюць. Адміністрацыя бальніцы матывавала гэта тым, што паводле дагавора паміж Расіяй і Беларуссю дактары адной краіны могуць аказваць грамадзянам іншай краіны толькі экстраную дапамогу.
У 2010 годзе амаль такая ж сітуацыя здарыцца з кандыдатам у прэзідэнты Уладзімірам Някляевым.
Улада аператыўна распраўляліся і са сваімі прадстаўнікамі, якія, на яе погляд, далі слабіну і не праявілі адпаведнай лаяльнасці. У гэтым сэнсе вельмі паказальная гісторыя з кіраўніком КДБ Леанідам Ерыным.
Увечары 18 кастрычніка 2004 года генерал нечакана выйшаў да ўдзельніках стыхійнага мітынгу ля сценаў КДБ, дзе зрабіў некалькі заяваў, у тым ліку і адносна арыштаванага Міхаіла Марыніча. Потым Ерын сустрэўся з Паўлам Севярынцам і ў асабістай размове ва ўласным кабінеце, па словах лідара незарэгістраванага «Маладога Фронту», сказаў, што тайна зніклых палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, а таксама бізнесмена Анатоля Красоўскага і тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага рана ці позна стане вядомай.
Рэакцыя Лукашэнкі была маланкавай. Ужо 20 кастрычніка Ерын быў адпраўлены ў бестэрміновы адпачынак, а 18 лістапада — у адстаўку.
Прадказальнай
аказалася і рэакцыя міжнароднага супольніцтва. Калі ЗША і Еўрапейскі саюз
асудзілі рэферэндум, то Расія прызнала яго, зацвердзіўшы адпаведную заяву
большасцю галасоў Дзярждумы.
***
Улічваючы вялікую ролю ў рэферэндуме прапаганды і спецслужбаў, не варта скідваць з рахункаў і іншыя абставіны. І галоўная з іх заключаецца ў тым, што частка насельніцтва свядома прагаласавала «за». Рэжым быў на піку магутнасці, у тым ліку па прычыне адносна ўстойлівай эканамічнай сітуацыі. Гэтая частка насельніцтва не ўсведамляла, а, мабыць, і не хацела ўсведамляць, што беларуская сацыяльная мадэль, пабудаваная на танных расійскіх рэсурсах, не мае нават сярэднетэрміновай перспектывы. Паступіўшыся грамадзянскімі правамі, тыя выбаршчыкі спадзяваліся на ўстойлівыя сацыяльныя гарантыі з боку дзяржавы.
Па-рознаму можна ацэньваць матывы тых, хто галасаваў «за», аднак відавочна атрымалася атамізацыя большасці сучаснага беларускага грамадства, няздольнасць не толькі аб’яднацца вакол нацыянальнай ідэі, але зрабіць мінімальныя грамадзянскія ўчынкі, выказаць свой пункт погляду. Усе гэта дапамагло ўладзе атрымаць чарговую перамогу ў выглядзе рэферэндуму 17 кастрычніка 2004 года.