Рэйды ў Пружанах, Пінску, Дзяржынску. Хронікі рэпрэсій за 14 красавіка

У гэтую пятніцу жорны рэпрэсіўнай машыны былі асабліва актыўнымі.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1_1.jpg


На чатыры гады пазбаўлення волі за адміністраванне тэлеграм-канала асудзілі 31-гадовага Уладзіміра Астапчыка. Мужчыну абвінавацілі паводле ч.3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне сацыяльнай варожасці»). Справу разглядала суддзя Вера Галаўкова, паведамляюць праваабаронцы.

***

Таксама сёння праваабаронцы паведамілі пра рэйды сілавікоў у Пружанах і Пінску. Так, па інфармацыі берасцейскай «В*сны», учора ў Пружанах адбыліся масавыя затрыманні — гаворка ідзе пра амаль 20 чалавек. У людзей праводзілі ператрусы, правяралі тэлефоны, з іх удзелам запісвалі «пакаяльныя відэа». Пасля гэтага большасць адпусцілі дамоў, але ж ёсць і тыя, каго пакінулі ў ІЧУ «ў чаканні суда».

***

Не толькі Пружаны і Пінск. Па інфармацыі праваабаронцаў, па выніках рэйду ў Дзяржынску, што праходзіў з 31 сакавіка па 3 красавіка, у СІЗА па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») было адпраўлена больш за 10 чалавек.

***

Суды па пратэсных справах 2020-га не спыняюцца: сёння, 14 красавіка, да «хатняй хіміі» асудзілі двух мужчын — 33-гадовага Антона Ручана і 34-гадовага Рамана Сароку. Іх прызналі вінаватымі і асудзілі кожнага да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Справу разглядзела суддзя Вераніка Абзалімава. Абодвух мужчын вызвалілі ў зале суда пасля агалошвання прысуду, адзначаюць праваабаронцы.

***

Не спыняюцца і абразы ў адрас кіраўніка дзяржавы. Суд Ленінскага раёна Брэста вынес прысуд Ігару Свірыду, абвінавачанаму ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 КК. Справу разглядаў суддзя Андрэй Грушко.

***

Таксама, як сцвярджае следства, Лукашэнку абразіў паэт і выкладчык прыватнай школы «Смарт Скул» Дзмітрый Юртаеў. Сёння, 14 красавіка, Мінскі гарадскі суд пачынае разгляд яго крымінальнай справы. Дзмітрыя вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт.368 КК) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч.1 арт.130 КК). Справу будзе разглядаць суддзя Анжэла Касцюкевіч.

***

Не толькі абразы. У Лунінцы адбыўся суд над 43-гадовай жыхаркай раённага цэнтра Тамарай Каравай. Жанчыну абвінавацілі ў паклёпе на адрас Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 367 КК. Справу разглядала суддз Кацярына Клеўжыц. Вядома, што ў Тамары на ўтрыманні маецца непаўнагадовае дзіця, падкрэсліваюць праваабаронцы.

***

Улады прызналі «экстрэмісцкімі» медалі Аб'яднанага пераходнага кабінета, паведамляюць у праўладных тэлеграм-каналах. Але ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісціх матэрыялаў інфармацыі пра медалі пакуль няма.

Медалі Аб'яднанага пераходнага кабінета

Медалі Аб'яднанага пераходнага кабінета

***

Пратэсты, наркотыкі, порна. У судзе Пінскага раёна і горада Пінска ў закрытым рэжыме вынесены прысуд 40-гадоваму Алегу Стасюку. Судовы працэс вёў суддзя Ігар Клімовіч, дзяржабвінаваўца — Ілля Гузарэвіч.

Праваабаронцы «В*сны» заўважылі, што, як паведаміў у роліку дзяржТБ пракурор Гузарэвіч, мужчыну судзілі за інтэрнэт-каментары. Аднак, калі да Стасюка прыйшлі з ператрусам, дома ў яго знайшлі «абсталяванне для вырошчвання» канопляў, марыхуану, расліны канопляў. Акрамя таго на кампутары знайшлі «вырабленае порна», на якім Стасюк, па меркаванні следства «незаконна зарабіў не менш за 775$».

Сумарна па ўсіх артыкулах, шляхам частковага складання злачынстваў, Стасюку прысудзілі чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 200 базавых велічынь (7 400 рублёў). 

***

Палітвязня Андрэя Сцепанькова, які адбывае свой тэрмін, збіраюцца судзіць ізноў, паведамляюць праваабаронцы. Новыя абвінавачанні мужчыне прад'яўленыя ажно паводле дзевяці артыкулаў — паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных, арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, заклікі да мер абмежавальнага характару, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі, паклёп, дыскрэдытацыя Беларусі, абраза прадстаўніка ўлады, распальванне варожасці, абраза Лукашэнкі.

***

У Гродне затрымалі ўладальніка этнакрамы «Цудоўня» Андрэя Несцяровіча. Прычына пакуль невядомая. 

Андрэй Несцяровіч

Андрэй Несцяровіч