Старшыня Фонда Адэнаўэра паабяцаў прытрымлівацца каштоўнаснага падыходу да Беларусі
Лідары правацэнтрысцкай кааліцыі Віталь Рымашэўскі (Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя), Аляксандр Мілінкевіч, Юры Губарэвіч (Рух За Свабоду), Анатоль Лябедзька (Аб’яднаная Грамадзянская
Партыя) і Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ) сустрэліся 10 сакавіка з былым прэзідэнтам Еўрапарламента, старшынёй Фонда Конрада Адэнаўэра Хансам Гертам Пётэрынгам.
Фонд Конрада Адэнаўэра быў заснаваны ў 1955 годзе як “Таварыства хрысціянска-дэмакратычнай грамадзянскай адукацыі”, а ў 1964 годзе атрымаў імя Конрада Адэнаўэра. З’яўляецца арганізацыяй кіруючай партыі Нямеччыны Хрысціянска-дэмакратычны саюз і мае прадстаўніцтва ў 50-і краінах. Займаецца кансультаваннем, наладжваннем двухбаковых кантактаў і абменам досведу.
“Спадар Пётэрынг — вельмі ўплывовая персона ў еўрапейскай палітыцы. І для БХД важна пераймаць досвед хрысціянскіх дэмакратаў Нямеччыны, якая з’яўляецца самым паспяховым
прыкладам эканамічнай мадэлі, сацыяльна-рынкавай эканомікі ў Еўропе”, — адзначыў Віталь Рымашэўскі.
“Сустрэча таксама важная таму, што яна адбылася фактычна на другі дзень пасля сустрэчы спадара Пётэрынга з міністрам замежных спраў Макеем, і мы абмеркавалі як перспектывы развіцця
дэмакратычных сілаў і Еўразвязу, так і перспектывы міжнародных стасункаў у цэлым. Наша пасланне застаецца нязменным: правацэнтрысцкая кааліцыя настойвае на тым, каб былі сістэмныя рэформы ў Беларусі.
Але па ўсім відаць, што ўлады не зацікаўленыя ў зменах. Мы таксама казалі пра нерэгістрацыю партыі БХД, праблемы з правамі чалавека ў краіне. У сваю чаргу спадар Пётэрынг падкрэсліў нязменнасць
свайго каштоўнаснага падыходу да палітыкі, і гэта дае надзею, што стасункі ЕС з Беларуссю не скоцяцца да ўзроўню прагматызму і ўдасца не дапусціць азербайджанізацыі Беларусі, калі маюцца добрыя
стасункі з ЕС пры сістэматычным парушэнні правоў чалавека і наяўнасці палітвязняў. Наша задача сёння, улічваючы пагрозу з боку Расіі, — тым не менш вымусіць уладу пайсці на сістэмныя рэформы
і ў галіне правоў чалавека, і ў галіне выбарчага заканадаўства, і ў галіне эканомікі”, — падкрэсліў сустаршыня БХД.