Суды за пікеты па зборы подпісаў працягваюцца: новыя штрафы і арышты

У панядзелак 15 чэрвеня ў Мінску і Наваполацку працягваюцца суды над удзельнікамі пікетаў па зборы подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты.

Мікалай Маслоўскі ў судзе 15 чэрвеня

Мікалай Маслоўскі ў судзе 15 чэрвеня

У судзе Фрунзенскага раёна суддзя Ала Бушава разглядае адміністрацыйную справу блогера Мікалая Маслоўскага. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 31 траўня, падчас збору подпісаў каля Камароўскага рынку.

Блогер адзначыў у судзе, што яму не паведамілі належным чынам пра суд, казаў пра іншыя працэсуальныя парушэнні. Ён не лічыць, што ў той дзень удзельнічаў у акцыі, настойвае на тым, што пастаянна перасоўваўся і вёў стрым. Маслоўскі сцвярджаў, што мерапрыемства каля Камароўскі было поўнасцю законным.

У той жа час у судзе Савецкага раёна разглядалася справа іншага youtube-блогера — Уладзіміра Цыгановіча (MozgON). Паколькі ў дадзены момант ён адбывае арышт, суд праходзіў праз Skype. Цыгановіча выдалілі да пачатку пасяджэння, бо той патрабаваў ад суддзі Веры Галаўковай, каб тая прадставіла доказы, што з'яўляецца суддзёй.

Сведкам па справе выступіў амапавец Сяргей Сіманаў. Блогер абвінавачваўся ў тым, што ўдзельнічаў у акцыі каля Камароўскі 31 траўня. Па словах сведкі, Цігановіч нібыта "выкрыкваў лозунгі, праяўляў непавагу да ўладаў", а таксама крычаў "Жыве Беларусь!" і "Свабоду Ціханоўскаму!".

У выніку суддзя прыняла рашэнне пакараць блогера новымі 15 суткамі арышту.

У судзе Кастрычніцкага разглядаецца справа ў дачыненні да блогера Эдуарда Пальчыса за нібыта ўдзел у той жа самай акцыі каля Камароўскага рынку. Яму таксама далі 15 сутак арышту.

Таксама ў Мінску праходзяць дыстанцыйныя суды над Мікалаем Статкевічам, Максімам Вінярскім. Судзіць Статкевіча — суддзя суда Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль.

У Наваполацку Алену Радзькову пакаралі штрафам у 30 базавых велічынь (810 рублёў). Яе судзілі па пратаколе па арт. 23.34 КаАП за тое, што 28 траўня яна ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні.

spring96.org