Святлана Ціханоўская правяла анлайн-сустрэчу з прадстаўнікамі аб'яднанага страйкавага руху прадпрыемстваў Беларусі
Ціханоўская правяла анлайн-сустрэчу з прадстаўнікамі аб'яднанага страйкавага руху «Гродна Азота», «Нафтана» і БМЗ. Яны абмеркавалі развіццё страйку і незалежных прафсаюзаў, а таксама важнасць працягу падтрымкі рабочых.
Ціханоўская распавяла пра тое, што яе каманда правяла перамовы з міжнародным прафсаюзам працоўных IndustriAll і Міжнароднай арганізацыяй працы. IndustriAll гатовы дапамагчы фінансава страйкамам і незалежным прафсаюзам у Беларусі, а таксама выключыць «Белхімпрафсаюз» з IndustriAll. Акрамя таго, арганізацыі будуць аказваць ціск на кіраўніцтва беларускіх прадпрыемстваў, дзе ўціскаюць правы работнікаў.
Нягледзячы на рэпрэсіі і крымінальныя справы, работнікі прадпрыемстваў працягваюць далучацца да страйку: за мінулы месяц да забастоўкі далучыліся 9 чалавек. Незалежны прафсаюз БНП на «Гродна Азоце» налічвае больш за 500 чалавек. Кіраўніцтва завода спрабуе ціснуць на гэтых людзей, пагражаючы звальненнямі.
Аб'яднаны страйкам «Нафтана», «Гродна Азота» і БМЗ заявіў, што плануе стварыць агульную платформу для мабілізацыі сіл усіх працоўных па ўсёй Беларусі. Святлана Ціханоўская адказала, што будзе падтрымліваць гэтую ініцыятыву і знаходзіцца ў пастаянным кантакце з яе актывам — каб дапамагчы са стварэннем унутраных структур і ўзмацніць ўсебаковы ціск на рэжым.