Святлана Ціханоўская стэлефанавалася з кіраўніком «Ryanair». Пра што была размова

Святлана Ціханоўская і кіраўнік авіякампаніі «Ryanair» паразмаўлялі па тэлефоне. Падчас размовы яны абмеркавалі апошнюю інфармацыю па захопленым у траўні 2021 года беларускім рэжымам рэйсе, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега.

Святлана Ціханоўская і Майкл О'Ліры

Святлана Ціханоўская і Майкл О'Ліры


Святлана Ціханоўская заклікала кіраўніка «Ryanair» Майкла О’Ліры публічна падтрымаць патрабаванні беларусаў працягнуць расследаванне інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта ў Мінску.
Акрамя таго, быў абмеркаваны абвінаваўчы акт, высунуты ў ЗША супраць двух супрацоўнікаў КДБ і двух з «Белаэранавігацыі», якім інкрымінуецца змова з мэтай здзяйснення акту авіяпірацтва. О’Ліры пагадзіўся, што затрыманыя Пратасевіч і Сапега, як і ўсе зняволеныя паводле палітычных матываў, павінны быць вызваленыя.
На развітанне кіраўнік «Ryanair» выказаў падтрымку беларусам і сказаў, што хацеў бы запусціць рэйсы авіякампаніі ў новай Беларусі.
На бягучым тыдні Святлана Ціханоўская таксама накіравала ліст прэзідэнту Рады ІСАО, у якім заклікала:
– дадаць у даклад ІСАО інфармацыю пра тое, што рэжым наўмысна спрабаваў схаваць доказы, у тым ліку паказанні, прадстаўленыя польскім уладам Алегам Галегавым;
– перадаць прэзідэнту Рады Бяспекі ААН дапоўнены даклад для старту расследавання па гэтай справе, паколькі захоп самалёта стаў пагрозай міжнароднаму міру і бяспецы.
Таксама Ціханоўская звязалася з дэлегацыямі краін, якія ўваходзяць у Раду ІСАО, сярод якіх Бразілія, Вялікабрытанія, Германія, Іспанія, Італія, Канада, Калумбія, Мексіка, Нігерыя, ЗША, Францыя, ПАР і іншыя. Гэтыя кансультацыі патрэбныя, каб 31 студзеня на дыскусіі Рады ІСАО яны выступілі за тое, каб накіраваць даклад старшыні Рады Бяспекі ААН.