Танкі і людзі. Хто мацнейшы?

Патрыётаў выпусцілі... Не ўсіх адразу, па адным, па два, па тры на дзень. Усё паўтараецца, як пяць і сем, і дзесяць гадоў таму. Спачатку людзей садзяць, заганяючы грамадства ў роспач, пасля — выпускаюць. Усе шчаслівыя. «Лібералізацыя».

img_3034_logo.jpg


Зараз хлопцаў выпускаюць пад грукат гусеніц танкаў і бранетэхнікі, якая ганяе па праспекце туды-сюды, напярэдадні 3 ліпеня. З аднаго боку — шматтоныя махіны з боезапасам, гатовыя знішчаць не толькі вулічныя слупы, але і варожыя арміі. З іншага — сціплыя ўсмешлівыя хлопцы ў чорных майках, абутыя ў красоўкі без шнуркоў.

Людзі і танкі. Людзі, мацнейшыя за танкі. Сапраўды, «патрыёты» яскрава розняцца ад тыпажоў палітвязняў, да якіх усе мы звыкліся за доўгія гады «беларускай зімы». Няма тут скаргаў на ўмовы ўтрымання ў камерах, няма гучных палітычных заяваў пра гатоўнасць «далейшага супрацьстаяння з рэжымам», яны і фатаграфуюцца, і каментары журналістам даюць з неахвотай.

Чаму? Бо гэта людзі іншага гатунку. «Іншая якасць чалавечага матэрыялу», як кажуць. «Патрыёты» ніколі нікому нічога не абяцалі: ані светлай будучыні, ані хуткіх рэформаў, ані зменаў у краіне за адзін дзень… Кожны з іх рабіў сваю справу на сваім месцы: служыў у вайсковай частцы, выкладаў асновы дамедычнай дапамогі ў «Чырвоным крыжы», распаўсюджваў беларускія кнігі. Звычайная метадычная праца для тых, хто любіць сваю краіну.

Яны не «прафесійныя рэвалюцыянеры» і не «прафесійныя сядзельцы», здатныя любое затрыманне пераўтварыць у шоў, зарабіўшы такім чынам медыйны і палітычны капітал. А навошта? Дні і ночы ў зняволенні — гэта ўсяго толькі згублены час, за які можна было столькі ўсяго зрабіць! Бо арыентацыя была на вынік. Замест словаў — праца.

З іншага боку, для кожнага з іх дні «там» — неацэнны досвед. Нехта зразумеў, што патрэбна ствараць сям’ю, нехта ўразіўся колькасцю маладых хлопцаў, арыштаваных «за наркотыкі», якім у жыцці нічога не цікава, якія блытаюць геаграфічны поўдзень і поўнач, не могуць назваць сталіцы нашых краін-суседзяў. Кожны зрабіў свае высновы: пра грамадства, пра блізкіх, пра сябе самога.

Для ўладаў, падобна, гэта чарговая гульня: пасадзілі — патрымалі — выпусцілі — зноў пасадзілі — зноў выпусцілі… Бясконцае гойданне на арэлях, якое аналітыкі будуць называць ці то «пахаладаннем», ці то «адлігай». Ёсць, маўляў, просты рэцэпт, як зрабіць чалавека шчаслівым: спачатку зацісні яму пальцы ў абцугі, пасля — адпусці. І ўсе зноў шчаслівыя. Так і ў нас: у чарговы раз «жить стало лучше, жить стало веселей…»

А каб было яшчэ весялей, вызваленні прымеркавалі да параду 3 ліпеня. Атрымаліся вызваленні пад танкавы грукат. Сімвалічна, што людзей, якіх дзяржпрапаганда звінаваціла ва ўсіх грахах ды параўнала з «фашыстамі», вызваляюць бліжэй дня вызвалення Мінску ад фашыстаў. Такія вось добрыя дзяржаўныя мужы: збіўшы спачатку з ног, пасля ласкава падаюць руку, каб падняцца.

Але ці ўсё так прыгожа насамрэч? Відаць, не. Наўпрост, структура, якая сфабрыкавала і вяла «справу патрыётаў», мякка кажучы, не справілася. Ані доказаў, ані сведчанняў: нічога няма. Таму і артыкул перакваліфікавалі, таму і перакінулі іншай структуры — маўляў, разбірайцеся, у нас усё!

А ў чым разбірацца, калі няма складу злачынства, рэальнай зброі, сведчанняў падрыхтоўкі ці тое перавароту, ці тое абстрактнага «атраду баевікоў» з невядомымі мэтамі? З чаго справу ляпіць? Зэро, няма матэрыялаў. Значыць — адпускаць…

І тут, зноў жа, цікавы момант. Хто папросіць прабачэння ў хлопцаў за разбітыя галовы, выламаныя дзверы, нервы, слёзы і бяссонныя ночы іхніх родных? Хто прызнае, што дзяржава дапусціла памылку, пасадзіўшы патрыётаў, гатовых бараніць яе ад любой знешняй пагрозы без прымусу і фінансавай матывацыі? Ніхто. Разабраліся — адпусцілі — «акт гуманізму» здзейснілі.

Кажуць, што вайна, яе гістарычныя акалічнасці і культурныя коды пакінулі незагойную рану ў нашай свядомасці. Усё ў нас круціцца вакол вайны, Брэсцкай крэпасці і купальскіх вянкоў, якія пускаюць па Бугу 22 чэрвеня, пафасных парадаў і калонаў тэхнікі 3 ліпеня, хвілінаў маўчання і гучных кананадаў. Гэтыя міфы жывуць у нашай свядомасці, як дамавікі і лазнікі жылі ў галовах беларускіх сялянаў 100 год таму.

Міфалагічнае разуменне гісторыі заўжды схіляе да паўтораў, бо міфы — гэта закальцаваная гісторыя, без пачатку і канца, яна круціцца да бясконцасці, як выдуманыя і цалкам праўдзівыя аповеды ветэранаў, якія пераказваюцца штогод на 9 мая. Так і тут: улада, мабыць, малпуючы Сталіна, спачатку садзіць патрыятычныя вайсковыя кадры, пасля адпускае. Добра, хоць не падчас вайсковай катастрофы, а толькі ва ўмовах яе пагрозы.

Наіўна чакаць, што нехта будзе перад некім выбачацца. Сталінская сістэма не выбачалася ні перад кім, нават калі чалавек цудам вяртаўся дадому. Але нават тая людажэрская сістэма мела разуменне, што карысныя кадры маюць быць на сваіх месцах. Бог з імі, выбачэннямі, але хлопцаў па вызваленні маюць аднавіць на іх месцах працы, вярнуць пасады і пагоны. Чаму? Бо людзі важнейшыя за танкі. А гэтыя хлопцы — яшчэ і мацнейшыя за танкі.