«У сувязі з не зусім правільнымі падзеямі». Дзецям у садках Гарадзеншчыны будуць уключаць дзяржаўны гімн
Выхаванцам дзіцячых садкоў Гродзеншчыны будуць ставіць для праслухоўвання дзяржаўны гімн. Адпаведны дакумент прыняло галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
У ім гаворыцца, што дзецям будуць абавязкова ўключаць дзяржаўны гімн перад пачаткам навучальнага года, а ў сярэдніх і старэйшых групах — яшчэ і перад пачаткам заняткаў (штодзень ці штотыдзень). Раз на месяц іх абавязкова будуць вадзіць на прагулкі ды экскурсіі ў музеі і да гістарычных помнікаў. Перад дзяржаўнымі святамі выхавацелі будуць абавязаныя праводзіць заняткі на тэму «Наш герб. Наш сцяг. Наш гімн» і гэтак далей, піша Еўрарадыё.
Гэтыя меры чыноўнікі вырашылі прыняць «у сувязі з апошнімі не зусім правільнымі падзеямі». Так заявіла журналістам (якія звярнуліся як бацькі) галоўны спецыяліст па пытаннях дашкольнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Гродна Анжаліка Кухта.
Наконт частаты ўключэння гімна (штодзень або штотыдзень) чыноўніца патлумачыла: «Гэта вызначае ўстанова адукацыі або раён, на тэрыторыі якога гэтая ўстанова знаходзіцца. Але тое, што гэтая праца павінна весціся, гэта так. І дзеці павінны знаёміцца з гімнам, ведаць, што такое гімн».
Праўда, Кухта ўдакладніла, што ўзрост дзяцей будзе ўлічвацца: «Двухгадовым дзецям ніхто гімн уключаць не будзе».