Уначы Польшча спыніла пропуск фур з Беларусі ў Польшчу. Што вядома?
Казловічы (з польскага боку — Кукурыкі) быў апошнім адкрытым памежным пераходам, праз які прапускалі грузавы транспарт у Польшчу.
Польскі бок з 03.00 10 ліпеня не прымае грузавыя транспартныя сродкі, што едуць з Беларусі праз пункт пропуску «Казловічы», паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.
Удакладняецца, што за мінулую ноч колькасць грузавікоў у чарзе ўзрасла да 600.
«Па словах кіроўцаў, якія перасякаюць беларуска-польскую мяжу, палякі ўзмацнілі кантроль. У напрамку Беларусі праз гэты пункт пропуску транспартныя сродкі пакуль ідуць, але значна больш павольна, чым звычайна», пішуць у ДМК.
Казловічы (з польскага боку — Кукурыкі) быў апошнім адкрытым памежным пераходам, праз які прапускалі грузавы транспарт у Польшчу.
22 чэрвеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што «у сувязі з дзеяннямі Беларусі» на мяжы Варшава разглядае магчымасць закрыцця пунктаў пропуску паміж дзвюма краінамі, піша «Позірк». 3 ліпеня ў эфіры Radio Zet чыноўнік даў зразумець, што пытанне закрыцця пасажырскага руху не абмяркоўваецца.
Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).
Як паведамляла «Наша Ніва» са спасылкай на RMF FM, некалькі дзён таму па дыпламатычных каналах у Мінск быў адпраўлены сігнал аб тым, што Польшча больш не будзе цярпець міграцыйны ціск на сваёй мяжы, а таксама зняволенне Анджэя Пачобута. Пасля гэтага мігрантаў на польскай мяжы не стала, выйшлі на волю два дзясяткі палітвязняў, але непахісны Пачобут застаецца за кратамі.