Выбары 2015 года і процістаянне Расіі з Украінай могуць прынесці сюрпрызы для Беларусі

Беларусь не ўваходзіць у спіс прыярытэтаў ЗША, заявіў палітолаг Валер Кавалеўскі (ЗША) у сваім выступе, які трансляваўся ў запісе наканферэнцыі «2014 год: Беларусь і рэгіён», што адбылася днямі ў Мінску з ініцыятывы Belarus Security Blog.



kavalieuski.jpg

Валер Кавалеўскі звярнуў увагу на тое, што Украіна зацікаўлена ў Еўропе і ЗША, амерыканцы ведаюць Украіну і яе патэнцыял, дзякуючы, у тым ліку, і таму, што ў амбасадзе ЗША ў Кіеве працуюць каля 750 амерыканскіх супрацоўнікаў, Украіна актыўна ўдзельнічае ў міжнароднай палітыцы. Для ЗША рэгіён Усходняй Еўропы неаднастайны і адносіны з тою яго часткай, якая ўваходзіць у Еўрасаюз і NАТО, Амерыка выбудоўвае ў канцэпцыі еўраатлантычных працэсаў. Што тычыцца астатняй часткі ўсходнееўрапейскага рэгіёну, дык ЗША заяўляюць пра сваю гатоўнасць дапамагаць Украіне, Малдове і Грузіі ажыццяўляць свой суверэнны выбар развіцця, гэта значыць — без аглядкі на меркаванне Расіі. Пры гэтым агрэсіўныя паводзіны Масквы толькі садзейнічаюць замацаванню такой пазіцыі.       

  

Беларусь жа амерыканцамі ўзгадваецца выключна ў кантэксце садзейнічання дэмакратычным працэсам і займае ў знешняй палітыцы ЗША максімальна непрыкметнае месца для краіны ў цэнтры Еўропы. Беларускія ўлады робіць усё неабходнае, каб пра іх ўспаміналі як мага радзей. Калі Вікторыя Нуланд упершыню выступала ў якасці намесніка дзяржсакратара ЗША ў лістападзе 2012 года, яна пералічыла ўсе краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ад Эстоніі да Косава, аднак ні разу не ўзгадала Беларусь. І такое адбываецца ў Вашынгтоне ўвесь час: пра Беларусь не думаюць, Беларусь у разлік не бяруць. У нейкай ступені гэта тлумачыцца малой колькасцю экспертаў па Беларусі ў Вашынгтоне, якія б мелі вопыт працы ў гэтай краіне. Беларуская амбасада ў ЗША, скаваная абмежаваным складам і грузам рэпутацыі, таксама не праводзіць заўважнай працы.

Па аб’ектыўных параметрах Беларусь — прывабны партнёр, аднак палітычная арыентацыя на Маскву, ненадзейнасць дамоўленасцяў з Мінскам, абуральная рыторыка з задзірлівымі прэтэнзіямі робяць працу з гэтым партнёрам цяжкай і не вельмі прыемнай справай. І не толькі для ЗША. У адрозненне ад Украіны, Беларусь пры Лукашэнку не імкнецца да еўрапейскіх і еўраатлантычных інстытутаў. Выбар Мінска на карысць Масквы занадта адназначны, каб Вашынгтон крок за крокам мог яго дзесьці аспрэчыць. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года ў Беларусі ЗША і Еўрасаюз не прызналі ўжо цэлы шэраг выбараў і рэферэндумаў у гэтай краіне, што ставяць пад сумнеў легітымнасць улады. Аднак і дэ-факта, і дэ-юрэ існуючы рэжым і яго рашэнні прызнаюцца. Нават у такім паваротным моманце Беларусі, як ўступленне ў Еўразійскі эканамічны саюз, у ЗША імкнуцца бачыць толькі форму развіцця рэгіянальных гандлёва-эканамічных адносінаў, аднак не абмежаванне суверэнітэту краіны.

Як зазначыў палітолаг, зараз ЗША перамясцілі беларускі парадак дня ў кантэкст канфлікту ва Украіне, звяртаючы ўвагу на адносна нейтральную пазіцыю Беларусі ў  гэтых падзеях і месца Мінску ў перамовах з удзелам баевікоў з усходняй Украіны. Дзеля таго, каб утрымаць нейтралітэт Беларусі, ЗША зрабілі шэраг крокаў. Сярод іх — зняцце санкцый з “Трастсбанку” і “Беларуснафты”, правядзенне шэрагу сустрэчаў на высокім узроўні, у тым ліку з прэзідэнтам краіны, а таксама дазвол на аднаўленне паставак у ЗША прадукцыі “Беларуськалію”. Апроч таго, ЗША амаль не каментуюць парушэнне правоў чалавека ў Беларусі.

Разам з тым, адносіны ЗША да правячага ў Беларусі рэжыму прынцыпова на змяніліся, пра што сведчаць прававыя інструменты, якія выключаюць рэзкі паварот міждзяржаўных адносінаў. Гаворка ідзе пра Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі, а таксама санкцыі наконт шэрагу фізічных і асобаў, адзначыў Валер Кавалеўскі.  

На ягоную думку, перад тым, як атрымаць адказ на пытанне: “Што ЗША могуць даць Беларусі?” неабходна адказаць на больш важкае пытанне: “А чым Беларусь цікавая для ЗША?”. У Вашынгтоне разумеюць, што сігналы Мінска аб гатоўнасці палепшыць адносіны не азначаюць адмовы ад усеагульнай арыентацыі Беларусі на Расію. У гэтым пытанні ЗША пакуль не збіраецца канкурыраваць за Беларусь. Да чарговых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі амерыканцы будуць захоўваць асцярожнасць. Магчымыя далейшыя паслабленні ў рэжыме санкцый, спарадычныя кантакты на высокім узроўні, абмен візітамі, садзейнічанне ў атрыманні крэдыту МВФ. Яшчэ большую насцярожанасць будуць праяўляць беларускія эліты, каб не даць мажлівасць Крамлю ўсумніцца ў сваёй лаяльнасці.

Пры невыразнай выбарчай стратэгіі апазіцыі і апатычных настроях ў беларускім грамадстве, непадобна, каб ЗША збіраліся актыўна ўплываць на ход прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, лічыць палітолаг. На ягоную думку, ЗША не будуць замінаць Лукашэнку захаваць уладу над Беларуссю ў 2015 годзе. Разам з тым, Валер Кавалеўскі не выключае, што прэзідэнцкія выбары і працяг расійска-ўкраінскага супрацьстаяння могуць прывесці да нечаканых наступстваў для Беларусі.      

Нагадаем, пасля заканчэння факультэту міжнародных адносінаў Белдзяржуніверсітэту Валер Кавалеўскі працаваў у Міністэрстве замежных спраў Беларусі, у амбасадзе Беларусі ў ЗША. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года адмовіўся ад дыпламатычнай службы. У 2006–2011 гадах працаваў у сферы міжнароднага бізнесу. У 2008 годзе атрымаў ступень МВА ў Інстытуце прыватызацыі і менеджменту. У 2014 годзе скончыў магістарскую праграму ў Джорджтаўнскім універсітэце (Вашынгтон, ЗША). Аўтар блогаў па пытаннях палітыкі Беларусі.