Затрыманы за пікет каля ЦВК Мікалай Лусто — на Акрэсціна
Звесткі пра затрыманага 24 ліпеня каля Цэнтравыбаркаму актывіста «Альтэрнатывы» Мікалая Лусто карэспандэнту Свабоды паведаміў кіраўнік гэтай арганізацыі Алег Корбан.
«Дакладна ведаем, што цяпер Мікалая Лусто трымаюць у ізалятары на Акрэсціна, там гэта пацвердзілі. Яго спачатку з ЦВК адвезлі ў Маскоўскі РУУС, склалі пратакол і тады адвезлі ў
ізалятар. Судзіць, відаць, будуць у панядзелак. Толькі дакладна не ведаем, па якім артыкуле. Патэлефанаваць самому Мікалаю адтуль, відаць, не дазволілі», — апавёў Алег Корбан.
24 ліпеня ў Мінску каля будынка Цэнтравыбаркаму быў затрыманы актывіст грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» Мікалай Лусто, які праводзіў адзіночны
пікет. У руках актывіст трымаў плакат «Навошта выбіраць? Трэба каранаваць! Не — выбарам!»
Перад пачаткам пікету Мікалай Лусто патлумачыў Свабодзе: «Сваёй акцыяй хачу звярнуць увагу грамадскасці на тое, наколькі недэмакратычна праводзяцца прэзідэнцкія выбары
ў Беларусі. Гэтаксама, як несправядліва яны праходзяць і сёлета. Да прыкладу, не была зарэгістраваная каманда Міколы Статкевіча. Калі ўлада ставіць выбарцаў у падобныя няроўныя умовы, то не патрэбныя
выбары, а патрэбная „каранацыя“. Тым больш, што „самадзержац“ застаецца на сваім месцы, а „прынц“ падрастае. Сутнасць маёй акцыі такая.
Прысьвячаю яе Міколу Статкевічу — папярэдняму кандыдату ў прэзідэнты, які дагэтуль знаходзіцца ў вязніцы і з'яўляецца палітычным вязнем».Паводле сведак, акцыя працягвалася
меней за хвіліну. Да Мікалая Лусто адразу падышоў ахоўнік і адвёў актывіста ў будынак ЦВК.
Сябра «Альтэрнатывы» Мікалай Лусто — з Мінску, працуе таксістам.
Паводле "Радыё Свабода"