ЗША пашыраюць тэхналагічныя санкцыі на Беларусь
ЗША пашыраюць тэхналагічныя санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Расіі, на Беларусь. На пастаўкі праграмнага забеспячэння і тэхналогій будзе распаўсюджаны такі ж строгі экспартны кантроль, паведамляе прэс-служба Белага дома.
«Міністэрства гандлю распаўсюдзіць строгую палітыку экспартнага кантролю, устаноўленую для Расіі, на Беларусь. Гэтае дзеянне дапаможа прадухіліць перанакіраванне тавараў, тэхналогій і праграмнага забеспячэння праз Беларусь у Расію і значна знізіць здольнасць абедзвюх краін падтрымліваць сваю вайсковую агрэсію», — гаворыцца ў заяве.
У дачыненні да расійскіх абаронных прадпрыемстваў уводзяцца поўныя блакавальныя санкцыі. Гаворка ідзе пра 22 абаронныя прадпрыемствы, у тым ліку пра вытворцаў самалётаў, бронетэхнікі, сістэм радыёэлектроннай барацьбы, ракет, беспілотнікаў.
Уводзяцца абмежаванні на пастаўкі тэхналогій для нафтаперапрацоўкі і здабычы нафты і газу.
«З дапамогай кантролю за экспартам абсталявання для здабычы нафты і газу Міністэрства гандлю ўвядзе абмежаванні на экспарт тэхналогій, якія ў доўгатэрміновай перспектыве падтрымаюць перапрацоўчыя магутнасці Расіі», — заявілі ў Белым доме.
Адзначаецца, што ЗША і хаўруснікі не зацікаўленыя ў скарачэнні глабальных паставак энергарэсурсаў, таму не ўводзілі санкцый у дачыненні да плацяжоў для іх, аднак яны зацікаўленыя ў тым, каб пагоршыць пазіцыі Расіі як вядучага пастаўшчыка.
Санкцыі будуць уводзіцца ў дачыненні да арганізацый, якія так ці інакш падтрымліваюць расійскія або беларускія ўзброеныя сілы.
«Гэтыя дзеянні гарантуюць, што вайскоўцы, а таксама аэракасмічны, марскі і высокатэхналагічны сектары не атрымаюць амерыканскія тэхналагічныя тавары і тэхналогіі, якія могуць быць выкарыстаны для падтрымкі расійскага тэхнічнага абслугоўвання і інавацый», — дадалі ў Белым доме.
Таксама ў пакет санкцый уключанае закрыццё неба для расійскіх самалётаў, раней анансаванае прэзідэнтам ЗША.