Андрэй Якубецкі — галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі БНР
Сёння адзначаецца дзень народзінаў слыннага сына беларускай зямлі, Андрэя Якубецкага. У 1920 годзе Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прызначыла яго кіраўніком узброеных сілаў краіны.
Андрэй Якубецкі нарадзіўся 5 кастрычніка 1892 году ў вёсцы Сухмяні Гарадзенскага павету. Ваяваў на Першай усясьветнай. У 1919-м быў абраны ў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гарадзеншчыны, стаў намесьнікам старшыні Беларускай вайсковай камісіі, паведамляе «Радыё Свабода».
У 1920 годзе Найвышэйшая Рада БНР абвясьціла яго галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі.
У лістападзе 1920-га з групай беларускіх афіцэраў ён прыехаў у Семежава, каб падтрымаць Слуцкі збройны чын. Пасьля паразы паўстаньня працаваў у Вільні.
Ад траўня 1922 году Якубецкі выкладаў у Дзьвінскай беларускай гімназіі. Там, у Латвіі, яго абвінавацілі ў антыўрадавых дзеяньнях, але прысуд быў апраўдальны.
У Другую сусьветную вайну Якубецкі кіраваў Дзьвінскім аддзяленьнем Беларускага нацыянальнага абʼяднаньня ў Латвіі. З 1944 году пра ягоны лёс зьвестак няма.
Некалькі гадоў таму, напярэдадні 97-годзьдзя Слуцкага збройнага чыну, гарадзенцы наведалі сымбалічную магілу маёра Беларускай вайсковай камісіі, аднаго з стваральнікаў першага беларускага палку і ўдзельніка Слуцкага паўстаньня Андрэя Якубецкага. Сярод тых, хто адведаў месца, быў і наш журналіст Дзяніс Івашын.
Зьвесткі пра жыцьцё дзеяча БНР і ўдзельніка Слуцкага збройнага чыну Андрэя Якубецкага абрываюцца ў 1944 годзе. Дзе ён памёр і пахаваны, невядома, сказаў гісторык Аляксей Кайрыс карэспандэнту «Свабоды». Таму валянтэры са згоды родных Якубецкага паставілі яму мэмарыяльны знак у вёсцы Капцёўка Гарадзенскага раёну, побач з магіламі ягоных бацькі і брата.
«Андрэй Якубецкі нарадзіўся ў суседняй вёсцы Сухмяні. А тут, на могілках у Капцёўцы, ляжаць ягоныя родныя. Ён быў маёрам Беларускай вайсковай камісіі, адным з стваральнікаў першага беларускага палку, а таксама ўдзельнічаў у Слуцкім паўстаньні. Якубецкі прыехаў дапамагчы случакам і не пакінуў іх у самы цяжкі момант — заставаўся зь мясцовымі байцамі да апошняга. Ягоная біяграфія дагэтуль добра ня вывучаная, і нават дата сьмерці пазначаная прыкладна — пасьля 1944 году».
«Цешыць, што ўдаецца знаходзіць месцы, зьвязаныя зь дзеячамі БНР і ўдзельнікамі Слуцкага збройнага чыну. Кожны беларускі патрыёт цяпер можа прыйсьці сюды, каб ушанаваць аднаго з нашых герояў», — казаў тады Дзяніс Івашын.
Ён дадаў, што пра магілы заслужаных беларусаў на Гарадзеншчыне вядома няшмат, шмат якія дагэтуль занядбаныя ці неідэнтыфікаваныя.