Фелікс Дзяржынскі. Крывавы забойца як сімвал часу
Адной з галоўных навучальных устаноў краіны — Ліцэю БДУ — нададзена імя Фелікса Дзяржынскага, героя для чэкістаў і ката для звычайных людзей.
![9efb38b02cdb34455c9a045652984416.webp 9efb38b02cdb34455c9a045652984416.webp](/img/v1/images/9efb38b02cdb34455c9a045652984416.webp?f=f&h=396&o=0&u=1718633877&w=528)
Ліцэй БДУ афіцыйна стаў насіць імя рэвалюцыянера і чэкіста Фелікса Дзяржынскага. Ці нармальна гэта — даваць беларускім навучальным установам імёны людзей, якія адзначыліся ў беларускай гісторыі і гісторыі агулам не так адназначна? Напрыклад, некалькі гадоў таму ў беларускіх школах прайшоўся трэнд на наданне імёнаў загінулых савецкіх вайскоўцаў. Аднак Ліцэй БДУ — гэта зусім іншае.
«PALATNO» разбіраецца ў няпростым і супярэчлівым жыцці Фелікса Дзяржынскага.
Ад зацятага каталіка і нацыяналіста да палкага рэвалюцыянера
Фелікс Дзяржынскі рос і фарміраваўся як асоба ў час, калі ў Расійскай імперыі актыўна развіваліся розныя палітычныя ідэі, ужо быў забіты Грынявіцкім імператар Аляксандр II, наступіў час кансерватара Аляксандра III. Пакрысе імперыя рухалася да заняпаду, а маладыя і палкія людзі ўдзельнічалі ва ўсялякіх рухах: ад нацыяналістычных да марксісцкіх.
Фелікс Дзяржынскі нарадзіўся 11 верасня 1877 года ў Дзяржынаве (цяпер Стаўбцоўскі раён). Шляхецкая сям’я Дзяржынскага была шматдзетнай, у яго было восем братоў і сясцёр. Фелікс стане рэвалюцыянерам, адыграе ключавую ролю ў стварэнні Усерасійскай надзвычайнай камісіі — будзе яе кіраўніком і арганізатарам савецкай сістэмы дзяржбяспекі.
Дзяржынскі рос глыбока веруючым у Бога, быў надта рэлігійным і марыў стаць ксяндзом. Ад гэтай ідэі яго адгаварылі, але працяглы час ён заставаўся зацятым католікам. Аднаму з братоў у маладосці Фелікс расказваў, што застрэліўся, калі б у яго галаве з’явілася ідэя, што Бога не існуе. Да таго ж, дадавалася яго паходжанне: ён быў тым яшчэ нацыяналістам. На яго погляды паўплывала маці, якая шмат расказвала пра лёс і сям’і, і народа.
Вось, што ён пісаў, калі яму было прыкладна 15 гадоў: «Я марыў пра шапку-невідзімку і пра знішчэнне ўсіх маскалёў».
Яго погляды і лёс зменіць вучоба ў Вільні. Там ён адмовіцца ад каталіцкай веры і будзе расказваць, што Бога не існуе. Там жа ён будзе «заражацца» рознымі палітычнымі і філасофскімі ідэямі. Ён будзе верыць у рэвалюцыю настолькі моцна, як верыў калісьці ў Бога. Вось так пазней будзе згадваць філосаф Мікалай Бярдзяеў, якога Дзяржынскі дапытваў перад высылкай: «Дзяржынскі зрабіў уражанне чалавека з абсалютна моцнымі перакананнямі і шчырага фанатыка. Было ў ім штосьці незвычайнае: у мінулым ён хацеў стаць каталіцкім манахам і сваю фанатычную веру перанёс на камунізм».
Глядзіце таксама
![Ліцэй БДУ хочуць назваць у гонар Дзяржынскага «Пасля таго, як вы падтрымаеце прысваенне ліцэю імя Дзяржынскага, ці будзеце вы гатовыя прысвоіць універсітэту імя Сталіна?»](/img/v1/images/licej.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Але яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя і да прыходу да ўлады бальшавікоў Дзяржынскі прайшоў вялікі шлях. У Вільні ён уліўся ў жыццё марксісцкіх гурткоў, а канчаткова ў рэвалюцыйную дзейнасць сышоў толькі пасля смерці маці. Далейшае жыццё Фелікса Дзяржынскага ператворыцца ў штодзённую барацьбу і непахісную веру ў рэвалюцыйныя ідэалы.
Рэвалюцыйная дзейнасць у Расійскай імперыі ў тыя часы спалучалася з арыштамі і высылкамі. Упершыню яго арыштавалі ў 1897 годзе ў Коўне. Каля года ён адсядзеў у ковенскай турме, а затым яго адправілі ў высылку ў Вяцкую губерню. Там ён працягнуў займацца агітацыяй, і ў выніку яго выслалі яшчэ далей. З высылкі Дзяржынскі ўцёк у 1899 годзе, ён дабраўся да Вільні і пераехаў у Польшчу. Там жа яго арыштавалі другі раз.
У польскай турме Дзяржынскі прасядзеў амаль два гады. У 1902 годзе яго адправяць у ссылку, а падчас этапавання ён стане адным з кіраўнікоў бунту ў перасыльнай турме паблізу Іркуцка. У той высылцы Дзяржынскі прабудзе нядоўга і ў хуткім часе ўцячэ. Ён пераездзе ў Берлін, дзе пазнаёміцца з нямецкімі і польскімі рэвалюцыянерамі, адтуль паедзе на лячэнне ў Швейцарыю, а потым — у аўстрыйскую частку Польшчы.
Увесь гэты час Фелікс Дзяржынскі не кідае барацьбу. Ён будзе ўдзельнічаць у рэвалюцыі 1905 года: яго зноў будуць арыштоўваць і высылаць — прычым неаднаразова. У 1912 годзе Дзяржынскага арыштавалі — і ў зняволенні ён прабыў аж да Лютаўскай рэвалюцыі.
«Мы прадстаўляем сабой арганізаваны тэрор». Як Дзяржынскі стаў галоўным чэкістам
Дзяржынскі, як і многія бальшавікі, не быў задаволены вынікамі Лютаўскай рэвалюцыі. Таму ён актыўна рыхтаваў Кастрычніцкі пераварот і настолькі актыўна ў ім удзельнічаў. У снежні 1917 года будзе створаная Усерасійская надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам — установа, з якой пачнецца гісторыя чэкістаў і КДБ. Кіраўніком гэтай камісіі стане Фелікс Дзяржынскі. Ён называў чэкістаў «салдатамі рэвалюцыі» і імкнуўся даказаць, што ў чэкістаў павінна быць права расстрэльваць «ворагаў народа».
Вядома, ад пачатку мелася на ўвазе, што надзвычайны камітэт будзе займацца вышукам так званых ворагаў народа і перадаваць іх следству і суду. Аднак вельмі хутка ўсё змянілася.
«Агромісты маўзер, позірк з-пад ілба, падкрэслены недавер да суразмоўніка і неймаверная самаўпэўненасць», — так пра Дзяржынскага згадваў рэвалюцыянер Бонч-Бруевіч на пачатку працы Фелікса ў надзвычайнай камісіі.
Спачатку «ворагамі» чэкісты назвалі супрацоўнікаў былой царскай адміністрацыі. Яны часта адмаўляліся працаваць з новай уладай, таму надзвычайны камітэт часта затрымліваў і арыштоўваў такіх людзей. Затым «ворагамі» аб’явілі членаў Устаноўчага сходу, у якім бальшавікі не змаглі атрымаць большасці. Пасля вырашэння праблемы з Устаноўчым сходам чэкістам далі права расстрэльваць так званых «ворагаў» на месцы. «Ворагамі» ўжо былі розныя катэгорыі людзей: ад бандытаў і хуліганаў да шпіёнаў і контррэвалюцыянераў.
Глядзіце таксама
![Нашчадкі Дзяржынскага павінны быць пакараныя -- Навумчык Урокі Курапатаў не засвоеныя](/img/v1/images/_belarus_minsk_kurapaty_vosen_2022.fota__novy_czas__4__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У той час усё яшчэ працягвалася Першая сусветная вайна, а Фелікс Дзяржынскі змагаўся за ўладу. Ужо летам 1918 года ён напісаў:
«Грамадства і прэса не разумеюць задачы і характар нашай камісіі. Яны разумеюць барацьбу з контррэвалюцыяй як від нармальнай дзяржаўнай палітыкі, таму крычаць пра гарантыі, суды і следства. Мы не маем нічога агульнага з ваенна-рэвалюцыйнымі трыбуналамі. Мы прадстаўляем сабой арганізаваны тэрор».
У ліпені 1918 года адбыўся мяцеж левых эсэраў. Ён пачаўся з забойства двума чэкістамі і левымі эсэрамі па сумяшчальніцтве нямецкага пасла Вільгельма фон Мірбаха. У той жа час левыя эсэры нібыта выступалі супраць бальшавікоў, а самога Дзяржынскага ўзялі у палон. Левых эсэраў затрымалі і расстралялі, а Дзяржынскі часова сышоў у адстаўку, але хутка вярнуўся на месца галоўнага чэкіста.
Чырвоны тэрор закрануў амаль усе слаі насельніцтва: арыштоўвалі і забівалі па ўсёй тэрыторыі, дзе маглі дзейнічаць чэкісты — ад Крыма да Эстоніі. Забівалі міністраў, сенатараў, адміралаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры і святароў, нават імператарскую сям’ю. Пацярпелі дзясяткі тысяч чалавек. Пазней Дзяржынскаму будуць прыпісваць фразу: «Чэкістам можа быць толькі чалавек з халоднай галавой, гарачым сэрцам і чыстымі рукамі». Як зразумела, чыстымі рукі ў Фелікса Дзяржынскага дакладна не былі.
Грамадзянская вайна скончылася — і заканчваецца гісторыя Усерасійскай надзвычайнай камісіі. Пасля яе ўтворыцца Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне — ім таксама будзе кіраваць Дзяржынскі. ДПУ будзе займацца тым жа, чым займалася камісія раней. Новай задачай для чэкістаў стане складанне спісаў людзей на высылку з СССР — да «філасофскіх параходаў» яны будуць мець прамое дачыненне. У хуткім часе ДПУ трансфармуецца ў АДПУ, якім да смерці будзе кіраваць таксама Дзяржынскі.
Шмат спраў у чэкіста: беспрытульнікі, міжпланетныя падарожжы і чыгунка з эканомікай
Акрамя падаўлення іншадумства, паўсюднага тэрору і двух войнаў (Грамадзянскай і савецка-польскай) Дзяржынскі знаходзіў час на іншыя справы. Напрыклад, ён з’яўляўся членам прэзідыума аб’яднання па вывучэнні праблем міжпланетных падарожжаў (так, такое было!). У 1921 годзе ён узначаліў камісію па паляпшэнні быту дзяцей. Так Дзяржынскі стаў займацца беспрытульнымі дзецьмі. Паралельна з гэтым ён быў камісарам шляхоў зносін: ён усё тымі ж чэкісцкімі метадамі прывёў да ладу стан чыгункі. У 1924 годзе ён стаў кіраваць эканомікай СССР — чалавек без адукацыі, які кінуў гімназію, каб займацца рэвалюцыйнай барацьбой — усё правільна, палічылі бальшавікі.
Пасля смерці Уладзіміра Леніна Дзяржынскі ўважліва сачыў за тым, што адбывалася ва ўнутраным жыцці краіны. Калі раней ён быў блізкі з Львом Троцкім, з якім ён пазнаёміўся падчас адной з высылак, то пазней пачаў збліжацца з Іосіфам Сталіным.
Фелікс Дзяржынскі памёр 20 ліпеня 1926 года пасля выступу на пленуме ЦК.
Глядзіце таксама
![Люстрацыя "чэкістаў" неабходная, каб краіна магла рухацца далей Архівы КДБ і досвед люстрацыі. Як Літва разбіралася з савецкай спадчынай](/img/v1/images/13962914_611371092369940_8268606459880961252_o.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715430317&w=660)
Дзяржынскага дагэтуль усхваляюць супрацоўнікі КДБ Беларусі і ФСБ Расіі. Для супрацоўнікаў гэтых органаў Фелікс Дзяржынскі з’яўляецца бацькам-заснавальнікам, «чырвоны тэрор» — неабходнасцю, забойствы дзясяткаў тысяч чалавек — ліквідацыяй ворагаў. Тая філасофія, якую падарыў савецкай спецслужбе Дзяржынскі, застаецца ў галовах і цяперашніх спецслужбоўцаў.
Фелікс Дзяржынскі не атрымаў адукацыю, але ўзначальваў маштабныя структуры ў пабудаванай на крыві дзяржаве. Ён замяніў веру ў Бога на веру ў камунізм: усё што было супраць — трэба было знішчаць. І цяпер імя чалавека, які быў адным з тых, хто вінаваты ў смерці дзясяткаў тысяч чалавек і паламаных лёсах яшчэ большай колькасці людзей, стала насіць адна з важнейшых навучальных устаноў Беларусі.
Жыццё Фелікса Дзяржынскага паказвае, што самым страшным можа быць не тое, што ён рабіў, а тое, што яго метады і ідэі будуць жыць праз дзясяткі гадоў пасля смерці.