20 страчаных помнікаў архітэктуры Беларусі (з ілюстрацыямі!)

Твар любога гораду ягоная архітэктура — тое, што бачаць гараджане і турысты. Але вялікі пласт архітэктуры беларускіх гарадоў убачыць немагчыма. Яна знішчана. Велічныя пабудовы, якімі нашыя продкі мелі магчымасць захапляцца на працягу многіх пакаленьняў, сучасным беларусам даступныя хіба на карцінках. Давайце паглядзім на ўжо
страчаную, на жаль, спадчыну.

Выявы, якія мы маем – атрымалі дзякуючы працы архітэктара з Пінску — Аляксандра Невара, які стварыў графічныя рэканструкцыі для праэкту «Страчаная спадчына. Хрысьціянскія сьвятыні».

Івянец. Фарны касьцёл сьв. Тройцы


Мураваны парафiяльны (фарны) касьцёл пабудаваны ў 1606. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Івянец аказаўўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Неўзабаве пасьля паўстаньня Каліноўскага кляштар францішканаў быў скасаваны, а iвянецкiя касьцёлы замкнёныя ў 1868. Толькi амаль праз паўстагодзьдзе царскi ўрад дазволiў адчынiць каплiцу на могiлках, дзе пазьней у 1905 быў пабудаваны касьцёл сьв. Антонiя. А былыя iвянецкiя касьцёлы былi пераабсталяваныя праз некаторы час пад праваслаўныя цэрквы. У 1880-1885 былы фарны касьцёл сьв.Тройцы стаў Царквой сьв. Тройцы, але праз тры гады ў 1888 згарэў дашчэнту.

Ворша. Бажніца Апекі Маці Божай

У 1758 пачалося будаўнiцтва мужчынскага базыльянскага кляштара. Ансамбаль узводзіўся выдатнымі майстрамі і па тым часе даволі хутка: за 16 гадоў ён быў завершаны, аздоблены ўнутры і асьвечаны ў 1774. Велічны гмах базылікі з двухвежавым фасадам быў збудаваны ў стылі віленскага барока. Сьветлыя вежы сьвятыні і вялікі купал цэнтральнай навы, якія былі бачнымі з розных пунктаў горада, нібы трымалі на сабе ўсю Воршу і надавалі ёй строгі ўрбаністычны вобраз. Пасьля далучэньня да імпэрыі і скасаваньня Берасьцейскай вуніі ў 1839, базыльянскі кляштар перададзены РПЦ і стаў Пакроўскім манастыром, а бажніца — Пакроўскай праваслаўнай царквой. Перажыўшы Першую і Другую Сусьветныя войны, у жніўні 1969 Базыльянскя сьвятыня была знішчана.

Менск. Касьцёл сьв. Тамаша Аквінскага

Касьцёл стаў першай мураванай сьвятыняй дамініканцаў на тэрыторыi сучаснай Беларусі. Манахі сюды трапілі ў 1600 зь Вільні. Яны прынеслі з сабой новы стыль — барока — які толькі што нарадзіўся. Гісторыя пабудовы пачынаецца з 1605, калі менская шляхта ў гонар перамогі над маскоўскім войскам сабрала ахвяраваньні, якія пайшлі на адбудову рэзыдэнцыі дамініканцаў. Вядома, што пазьней у інтэр'еры касьцёла знаходзілася восем гербавых картушаў ініцыятараў збору. Узьвядзеньне кляштарных муроў скончылася толькі ў 1703. Апошняя перабудова касьцёла адбылася напрыканцы XVIII ст. Інтэр'ер сьвятыні вызначаўся пышнасьцю і багацьцем дэкаратыўнага аздабленьня, быў размаляваны фрэскамі, уключаў 13 разьбяных алтароў і цудоўны арган.


Менскі кляштар дамініканцаў быў замкнёны пасьля паўстаньня 1830, як амаль усе дамініканскія кляштары. У 1845 ён быў перададзены каталіцкай сэмінарыі, але пасьля паўстаньня Каліноўскага выкарыстоўваўся пад вайсковыя казармы. Цягам XIX ст. былы касьцёл страціў свае бакавыя вежы, а ў пачатку XX ст. выкарыстоўваўся менскім пажарным дэпо. Каля 1907 верх франтона касьцёла разабралі, а на яго месцы зьявілася пажарная вышка. Пасьля Другой Сусьветнай вайны СССР нават атрымаў ад Нямеччыны кантрыбуцыю на аднаўленьне будынкаў. У канцы 1940-х выканалі першасную кансэрвацыю касьцёла. Аднак у 1950 кіраўніцтва БССР канчаткова зацьвердзіла новы генэральны плян Цэнтральнай плошчы, паводле якога пасярод яе ўзводзіўся манумэнт Сталіну, а на месцы колішняга кляштара разьбіваўся сквэр. У гэтым жа годзе выбітны помнік архітэктуры быў зьнішчаны, а яго камяні выкарысталі для падмуркаў новых будынкаў у Менску. У 1985 на Кастрычніцкай плошчы пачалі будаваць Палац Рэспублікі, а ў 1986 археолягі адкапалі падмуркі былога дамініканскага касьцёла, якiя месцамі дасягалі 3-мэтровай таўшчыні. На фасадах былi выяўлены байніцы ніжняга бою, прыстасаваныя для страляніны з мушкетаў. Падмуркi касьцёла былi закансэрваваны да лепшых часоў, а падмуркi кляштара, на жаль, зьнiклi пад будынкам Палаца.

Бяроза. Картузіянскі кляштар

Кляштар картузiянцаў у Бярозе быў адзiны на абшарах былога ВКЛ і найвялікшым ва ўсёй Усходняй Эўропе, касьцёл кансэкраваны ў 1666 —  годзе сьмерцi яго фундатара — Казiмiра Льва Сапегi, якi, дарэчы, i быў пахаваны ў паўдневай сьцяне храма. У гэты ж час завяршаецца будаўнiцтва асноўнай замкнёнай часткi кляштара. У пачатку XVIII ст. кляштар некалькi разоў разбураўся i аднаўляўся, пасьля далучэньня да Расейскай iмпэрыi пачаўся заняпад. З мэтай скасаваньня, у 1823 расейскiя ўлады распачынаюць судовыя справы аб матэрыяльнай дапамозе кляштарам у 1794 паўстанцам пад кiраўнiцтвам Тадэвуша Касьцюшкi, што аднак, засталося не даказаным. Юрыдычнай нагодай для закрыцьця стаў удзел трох манахаў у паўстаньнi 1831, а пасьля паўстаньня 1863 спадзяваньняў на захаваньне барокавай сьвятынi не засталося зусiм, i ў 1868 былы касьцёл быў разабраны «для злому i скарыстаньня годнага матэрыялу».

Віцебск. Касьцёл сьв. Юзэфа

Першыя езуiцкiя мiсiянэры былi пакiнуты ў Вiцебску пасланьнiкам Папы Рымскага ў часы Стэфана Баторыя па прашэньнi мясцовых каталiкоў. Менавiта езуiты паклалi пачатак каталiцкаму храмаваму будаўнiцтву ў горадзе. Рэзыдэнцыя ордэна была створана ў 1639. У 1640-1644 на тэрыторыi Нiжняга Замку быў узьведзены першы драўляны касьцёл. Пры ім дзейнiчалі школа і аптэка. Падчас Крывавага патопу 1654-67 i захопу Вiцебску маскоўскiм войскам, езуiты былi сасланыя на пасяленьне ў Масковiю. Касьцёл перабудавалі пад царкву РПЦ. Пасля вызваленьня гораду храм зноў стаў касьцёлам. Падчас Паўночнай вайны па загаду Пятра I у 1708 Вiцебск быў спалены. Згарэлi i драўляныя пабудовы езуiцкай калегii. Новы мураваны касьцёл будаваўся ў 1713-1731 па фундацыi ваяводы Віцебскага Марцыяна Міхала Агінскага У 1820 езуіты былі выгнаныя з Расейскай Iмпэрыi, калегіюм і касьцёл былі замкнёныя. У 1822 будынкі касьцёла і калегіюма перададзены вуніяцкім манахам-базыльянам, якiя зрабiлi тут сваю катэдру, а пасьля скасаваньня Берасьцейскай царкоўнай вуніі ў 1839 комплекс быў перададзены РПЦ. 12 сакавіка 1957 Мікалаеўскі катэдральны сабор быў зьнішчаны камуністамі на загад старшыні аблвыканкаму.

Берасьце. Касьцёл Зьвеставаньня найсьвяцейшай Панны Марыі

Кляштар жаночага каталiцкага ордэна брыгiтак у Берасьцi быў заснаваны ў 1623 у прадмесьцi Пяскi ля дарогi на Падляшша. Як i ўсе кляштары Берасьця, скасаваны пасьля паўстаньня 1830. Пасьля афiцыйнага пачатку працы па перабудове сярэднявечнага горада на фартэцыю ў 1833, карпусы скасаванага кляштара брыгiтак разам з пабудовамi базылiянаў i аўгустынцаў пачалi перабудоўвацца, i ў тым жа годзе былi прыстасаваны пад патрэбы ваеннага ведамства. Комплекс у перабудаваным выглядзе складаўся з двух карпусоў і называўся брыгіцкімi казармамi. Пасьля паўстаньня 1863 брыгiцкiя казармы спачатку пераабсталёўваюцца ў ваенна-выпраўленчую, а крыху пазьней — у перасыльную вязьнiцу. Зь вядомых вязьняў тут былi адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 Раман Рагінскі i будучы крывавы камісар Фэлікс Дзяржынскi. А з 1938 па 1939 тут знаходзіўся лідэр АУН Сьцяпан Бандэра. У перыяд з 1939 па 1941 ужо ў Савецкiм Саюзе турма атрымлівае статус турмы строгага рэжыму для палітычных зьняволеных. У чэрвені 1941 будынак атрымаў шэраг пашкоджаньняў, болей не аднаўляўся i ў 1955 быў разабраны.

Слуцк. Троіцкі Сабор і манастыр

Слуцкі Троіцкі манастыр — праваслаўны мужчынскі манастыр, які існаваў на левым беразе ракі Случы ў прадмесьці Трайчаны з XV ст да 1930. Час узьнікненьня невядомы, упершыню ўзгадваецца ў 1455. У 1571 настаяцелем манастыра быў архімандрыт Міхаіл Рагоза, будучы кіеўскі мітрапаліт. З 1659 архімандрыты манастыра зьяўляліся намесьнікамі кіеўскага мітрапаліта на тэрыторыі ВКЛ. Апошняя з княскага роду Алелькавічаў — сьв. Сафія Слуцкая, дачка каталічкі і праваслаўнага, якая гадавалася ў каталіцкай сям'і, узяла шлюб (з дазволу Папы Рымскага) з кальвіністам Янушам Раздзівілам. Яна — як прыклад шматканфэсійнай дзяржавы. Галоўнай сьвятыняй манастыра быў Троіцкі сабор. Каменны храм замест старажытнага драўлянага пабудаваны ў 1505. Падчас Крывавага патопу 1654-67 маскоўскія захопнікі і казакі спустошылі горад, Траецкую царкву практычна цалкам зьнішчылі. Тагачасны ўладальнік Слуцку, князь Багуслаў Радзівіл у 1667 фундаваў сродкi на будаўніцтва манастыра. У Паўночную вайну 1700-21 Траецкая царква была ізноў зруйнавана. У 1930 манастыр закрылі, рэліквіі перададзены ў музэі, канфіскаваныя абразы і літаратура, парэшткі сьв. Сафіі перададзены ў анатамічны музэй БДУ. Манастырскi жылы корпус ператварыўся ў казарму. Канчаткова манастырскія пабудовы зруйнаваныя ў 1950-х. Пасьля на яго месцы знаходзіўся ваенны гарадок.

Менск. Касьцёл сьв. Войцэха і кляштар бэнэдыктынак


Кляштар бэнэдыктынак у Менску заснаваў віленскі канонік Войцэх Сялява. У 1633 ён ахвяраваў пад кляштар зямельны пляц разам з будынкамі па вул. Зборавай (сучасная вул. Інтэрнацыянальная). Падчас Крывавага Патопу 1654-67 будынкі кляштара бэнэдыктынак былі моцна пашкоджаныя, усе драўляныя пабудовы спаленыя, а маёмасьць цалкам разрабаваная. Пасьля вайны кляштар адбудавалі. Паводле генэральнага пляна Менска ў 1800 праз старыя гарадзкія кварталы праклалі новыя вуліцы. Адна зь іх, Фэліцыянаўская, была прабіта проста праз тэрыторыю кляштара бэнэдыктынак. Перад галоўным фасадам кляштара рос сад — каля 150 дрэваў. Кляштарныя могілкі мелі агароджу з брамай. Уся тэрыторыя кляштара бэнэдыктынак была абнесеная высокай мураванай сьцяной з некалькімі брамамі. Манументальныя вежы касьцёла высока ўздымаліся па-над навакольнай адна-двухпавярховай забудовай. Менскі кляштар бэнэдыктынак быў апошнім, які царскія ўлады ліквідавалі ў горадзе. У пачатку 1871 з кляштара выслалі манашак. У 1873 завяршыліся асноўныя працы па рэканструкцыі былога кляштара бэнэдыктынак пад праваслаўны манастыр. У пачатку 1920-х камуністы ліквідавалі і жаночы праваслаўны манастыр. У 1930-я будынак былога касьцёла пераабсталявалі пад клюб, а астатнія збудаваньні кляштара разбурылі. У 1941-1944 гг. нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі аднавіць набажэнствы ў былым касьцёле, але хутка пасьля заканчэньня вайны храм зноў зачынілі. У сярэдзіне 1960-х былы касьцёл сьв. Войцэха цалкам зруйнавалі. Зараз на месцы касьцёла месьцiцца будынак генэральнай пракуратуры з чырвонай цэглы. 

Зэмбін. Касьцёл Унебаўзяцьця найсьвяцейшай Панны Марыі

У 1640 у Зэмбiне быў заснаваны кляштар ордэна дамініканаў. Манахам быў аддадзены драўляны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, збудаваны ў 1609. У 1790 драўляны касьцёл згарэў, і хутка пачаў будаваццца новы мураваны. Пасьля паўстаньня 1830 Зэмбінскі дамініканскі кляштар быў зачынены, аднак, касьцёл застаўся. Праз сто год, у 1932 савецкая ўлада зачыніла касьцёл, i з тых часоў будынак паступова руйнаваўся — зараз ад яго засталася толькі франтальная сьцяна са скульптурай Панны Марыі і горы цэглы паміж рэшткамі астатніх сьценаў. Велічны касьцёл, які мае статус помніка рэспубліканскага значэньня, знаходзіцца ў аварыйным стане.


Магілёў. Спаса-Праабражэнская царква

Першапачаткова драўляная Спаская царква вядомая з 1478. З канца XV ст. пры царкве існавалі мужчынскі і жаночы манастыры. У 1588 пры манастыры зацьверджанае праваслаўнае братэрства. Братэрства праіснавала да 1618, калі царква была перададзена вуніятам, якія валодалі ёй да 1649, калі манастыр ізноў стаў праваслаўным. У 1755 у Магілёў з Кіева пераведзены вядомы праваслаўны архіепіскап Георгі Каніскі. Ён пачаў актыўную дзейнасьць па завяршэньні сабора Спаскага манастыра, а таксама сэмінарыі, кансісторыі, архірэйскага дома і жылых манастырскіх карпусоў. Разам яны стваралі значны па памерах архітэктурны комплекс, які адбудоўваўся і пашыраўся аж да сярэдзіны XIX ст. Нязначна пашкоджаны храм зафiксаваны на шматлiкiх нямецкiх фота часоў акупацыi ў Другую сусьветную, але ўжо ў пачатку 1944 цалкам зруйнаваны яшчэ перад вызваленьнем Магiлёва. Да нашага часу захаваўся корпус, які тарцовым фасадам выходзіў на вул. Ветраную (Ленінскую), і адна частка 1-павярховага крыла.

Магілёў. Касьцёл сьв. Францішка Ксаверыя і Анёлаў-Ахоўнікаў

Езуіты зьявіліся ў Магiлёве ў 1678. Мураваны калегіюм пачалі будаваць у 1686 у Старым горадзе, каля Каралеўскай брамы. Падмурак мураванага касьцёла быў закладзены ў 1690, на год раней, чым у Менску муры касьцёла сьв. Тамаша Аквінскага, але будаўніцтва працягвалася даўжэй. Сьвятыня кансэкравана ў 1725 у гонар сьв. Францішка Ксаверыя і сьвятых Анёлаў-ахоўнікаў. Пасьля Падзелаў Рэчы Паспалітай 1772-95 і паўстаньня 1830 касьцёл быў перададзены РПЦ і перароблены пад Васкрасенскую царкву. У 1848 над дахам надбудавалі несапраўдны купал. Касьцёл быў зруйнаваны камуністамі ў 1950-я.

Пустынкі. Успенскі сабор


Манастыр быў заснаваны родапачынальнікам князёў Мсціслаўскіх, сынам Альгерда, князем Лугвенам у 1380. У 1578 кароль Стэфан Баторый перадаў манастыр полацкаму арцыбіскупу Феафану. Мураваная царква Ўспеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы будавалася базылiянамi па суседству са старажытным храмам. Яна была пачата ў канцы ХVІІІ стагодзьдзя. Завершаны ў 1808 храм па апісаньні аўтара XIX ст. быў падобны да рымска-каталіцкага касьцёла. Быў асьвечаны полацкім вуніяцкім арцыбіскупам Іракліем Лісоўскім. У адрозненьні ад базыльянскіх цэркваў віленскага барока, плястычнае рашэньне фасадаў адрозьнівалася строгімі формамі і адсутнасьцю багатага барочнага дэкору. Пасьля скасаваньня Берасьцейскай вунii, настаяцель манастыра Ян Касiкоўскi перайшоў у праваслаўе разам з большасьцю манахаў. Тыя, хто пажадаў застацца вунiятамi, пакiнулi манастыр. Пасьля 1917 манастыр быў скасаваны i разрабаваны. Па некаторых зьвестках, Успенскi сабор быў зруйнаваны падчас Другой сусьветнай вайны цi то немцамi, цi то партызанамi, але на даваенным фота (1939) з архiву Аляксея Вінэра бажнiца ўжо разрабавана: абпаленыя сьцены без даху i праёмаў.

Бабруйск. Касьцёл езуіцкі


У 1732 — пачатак будаўнiцтва мураванага храма. У 1773 ордэн езуiтаў быў скасаваны, кляштар лiквiдаваны. Пасьля скасаваньня Ордэну па ўсей Эўропе, езуіты захаваліся толькі на парэштках ВКЛ, захопленых Расеяй. У 1798 былы езуiцкi касьцёл быў моцна пашкоджаны. Калi ў 1810 паўстала пытаньне перабудовы i прыстасаваньня старых камянiц пад патрэбы фартэцыi, будынкi кляштара езуiтаў узгадвалiся як парэшткi. Прыдатным для выкарыстаньня быў прызначаны толькi былы касьцёл, якi да непазнавальнасцi "рэканструявалi" пад цэйхгаўз (склад амуніцыі), разабраўшы на цэглу франтон, вежы-званiцы i амаль палову вышынi муроў цэнтральнага нэфа. Пасьля пабудовы ў 1819 новага цэйхгаўза былы будынак касьцёла езуiтаў, згодна з новым генплянам, зьбіраліся ўвогуле зруйнаваць з пабудовай на гэтым месцы новага трохпавярховага будынку артылерыйскага арсэналу, але праз адсутнасьць сродкаў гэты праэкт быў адкладзены на невызначаны тэрмін. Да 1993 будынак выкарыстоўвауся пад гаўпвахту. На дадзены момант былая сьвятыня ня мае функцыянальнага прызначэньня i паступова руйнуецца.

Мазыр. Касьцёл Унебаўзяцьця найсьвяцейшай Панны Марыі

Манахі-цыстэрцыянцы зьявіліся тут яшчэ ў пачатку XVIII ст. Мужчынскі кляштар гэтага ордэна ў прадмесьці Мазыра — Кімбараўцы, быў заснаваны ў 1711. Пасьля паўстаньня 1863 касьцёл і кляштар былі зачыненыя. Пабудовы з былым касьцёлам былі малапрыдатнымі для разьмяшчэньня ваенных і грамадзянскіх аб'ектаў i з 1893 былi прыстасаваны пад праваслаўную царкву, якая дзейнiчала да 1917. Пазьней тут месьцiлася запалкавая фабрыка. А ў апошнія гады ў старадаўніх будынках працавала мэблевая фабрыка. Аднак яна збанкрутавала, i напрыканцы 2014 мазырскія ўлады прапанавалі Касьцёлу прыняць будынак. Канцлер дыяцэзіі, ксёндз Андрэй Рылка патлумачыў, што "на дадзены момант Пінская дыяцэзія не гатовая ўзяць на сябе абавязак па выратаваньні будынкаў, якія вельмі моцна былi перабудаваны", паколькі дыяцэзія камэрцыйнай гаспадарчай дзейнасьці не вядзе, а патрэбны фундуш каля $1 млн.

Вёска Ленiна (раней вёска Папоўка, яшчэ раней Сiзоўка). Сьвята-Мікалаеўская царква


У 1800 граф Завадоўскi, якому акупацыйная ўлада падаравала гэтыя землі, на ўласныя cродкi пабудаваў вялiкi крыжападобны храм з адным купалам ў імя сьвяціцеля Мікалая. Царква была абнесена цаглянай агароджай. Побач месьцiлася драўляная званіца, якая ў 1873 пры рэканструкцыi-дабудове злучаная з асноўным храмам. На вялікія сьвяты зьязджалася сюды мноства людзей. Пазьней Сiзоўка была перайменавана ў Папоўку (сапраўды было шмат папоў). З прыходам Савецкай улады царкву зачынілі. У 1931 у ёй быў сельскі клюб. Падчас вайны снарад трапіў ва ўсходнюю сьцяну будынка, разбурыўшы алтарную частку. Пасьля вайны тут былі калгасныя склады. У 1961 у былую бажнiцу трапіла маланка, і ўсе драўляныя часткі згарэлі (купал, дах, перакрыцьцi). З тых часоў будынак паступова руйнаваўся. У 1992-1993 побач з парэшткамi старой царквы ўтварылася парафiя, пабудаваны малітоўны дом Сьвяціцеля Мікалая Цудатворца. Вядзецца аднаўленьне будынка.

Смаляны. Касьцёл дамініканскі Найсьвяцейшай Панны Марыі

У 1680 жонка ўладальніка Смалянаў Геранiма Сангушкi — Канстанцыя вылучыла пляц зямлi памерамi 100x100м памiж рынкавай плошчай i iтальянскiм садам манахам дамiнiканцам, з умовай пабудовы тут касьцёла. У 1729 пабудавалі на гэтым месцы драўляны касьцёл і кляштарны будынак. Мураваны жа касьцёл быў узьведзены ў 1786. Мураваны кляштар пачаў узводзіцца адначасова з касьцёлам, аднак будаўніцтва яго было скончана толькі на пачатку XIX ст. Пасьля паўстаньня 1830 кляштар быў скасаваны, а касьцёл пераўтвораны ў парафіяльны. У канцы XIX ст. будынкі былога кляштара прыйшлі ў заняпад. У 1898 на прыватныя ахвяраваньні парафiянаў пабудовы плябаніі былі капітальна адрамантаваны. У наступным годзе пад кіраўніцтвам дойліда Даўкшы былi ўмацаваныя падмуркі касьцёла і ўпрыгожаны яго інтэр'еры. У 1903 на двары плябаніі былі пабудаваныя новыя вазоўня і лядоўня. У 1930-я касьцёл у Смалянах быў зачынены, кляштарны будынак перададзены машынна-трактарнай станцыі і да 1989 выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, што прывяло да фактычнага яго зьнішчэньня.

Асташын. Кальвінскі збор

У XVII ст. пабудаваны мураваны кальвінскі збор. Сьцены (да 2 мэтраў таўшчыні) былі прарэзаныя 7 вокнамі. Асташынскi кальвiнскi збор не зьбярогся i ў свой час мала дасьледаваны. У часы Першай сусьветнай вайны праз вёску праходзiла лiнiя фронту, панскія двары i амаль усё пабудовы былi цалкам зьнішчаныя. Храм быў моцна пашкоджаны. Канчаткова разбураны мясцовымі ўладамі ў 1950-я.

Слонім. Касьцёл сьв. Міхала і дамініканскі кляштар


Кляштар з касьцёлам заснаваны ў 1680. Першапачаткова комплекс быў драўляны, у 1747-1798 перабудоўваецца мураваным. Лёс гэтага шэдэўра вельмі характэрны — пасьля паўстаньня 1830 кляштар скасаваны, а ў 1856 прададзены на цэглу.

Чачэрск. Царква Нараджэньня Божай Маці разам з касьцёлам сьв. Тройцы


У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 Чачэрск аказаўся ў складзе Расейскай імпэрыі. У 1774 падораны Кацярынай II генэрал-губернатару графу Чарнышову, паводле ініцыятывы якога ў горадзе праведзеная перапляніроўка. Адбылася пабудова новай ратушы, трох праваслаўных i каталiцкай мураваных бажнiц. Чарнышоў задумаў перабудаваць яго па прыкладзе сваёй сядзібы Яраполец Валакаламскага павета, дзе будынкi царквы Казанскай Божай Маці і касьцёла былі зьвязаныя агульнай сьцяной, тым самым як бы сымбалізуючы адзінства праваслаўнай і каталіцкай рэлігій. У Чачэрску ж касьцёл і царква стаялі адзін супраць аднаго, праз вуліцу. На жаль, з усяго архітэктурнага ансамбля захавалася толькі Спаса-Прэабражэнская царква i зараз на месцы Раства-Багародзіцкай царквы i касьцёла сьв. Тройцы — аднапавярховая забудова прыватнага сэктару горада.

А скончым нашую падборку легендарным касьцёлам.

Гародня. Фара Вітаўта


Фара Вітаўта заўжды прыцягвала ўвагу краязнаўцаў як істотны этап у станаўленьні каталіцкай канфэсіі ў ВКЛ. Палітычныя амбіцыі Вітаўта, суперніцтва з Ягайлам, імкненне да каралеўскай кароны, арыентацыя ў дзяржаўнай палітыцы на каталіцкае веравызнаньне спрыялі заснаваньню ім першага ў Гароднi касьцёла, за якiм замацавалася імя заснавальнiка — Фара Вітаўта (ад нямецкага "pharre" — парафія). Першы будынак касьцёла быў драўляны, неаднаразова перабудоўваўся. Фарны касьцёл быў змураваны з цэглы на сродкі Стэфана Баторыя прыблізна да 1586. Касьцёл меў структуру "несапраўднай" базылікі (сярэдняя нава была вышэйшай за бакавыя, але ня мела верхняга бакавога асьвятленьня). За сваю амаль 400-гадовую гісторыю фара Вiтаўта не раз цярпела ад пажараў. У 1782 пажар зьнішчыў верхнія ярусы вежаў. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай каталіцкая сьвятыня была перададзена РПЦ пад Сафійскі сабор. У 1804—1807 гг. была праведзена рэканструкцыя ў стылі класыцызму, якая, аднак, істотна не зьмяніла архітэктуры касьцёла. Магчыма, гэта і не задавальняла артадаксальнае праваслаўе. У 1892 сьвятыня гарэла чарговы раз і пасьля гэтага ў 1896—1898 яе перабудавалі ў псэўдарасейскім стылі. Над дахам паставілі пяць цыбулепадобных галовак, выразную пластыку фасадаў здрабнілі бясконцыя броўкі, какошнікі, парэбрыкі і іншыя псэўдарасейскія дэкаратыўныя дэталі. У 1919 будынак быў вернуты касьцёлу. Чарговая рэканструкцыя ў 1935 надала будынку рысы раманскай архітэктуры. У такім стане помнік перажыў Другую Сусьветную вайну. 8 сакавіка 1961 г. гарадзкiя камуністычныя ўлады прымаюць пастанову "Аб зносе аварыйнага будынку ваеннага касьцёла на плошчы Савецкай". У дадзены момант на месцы былога храма невялікі зялёны сквер.

Захаваны аўтарскі правапіс


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: