Зімовая Алімпіяда ў Пекіне: чаго чакаць беларусам?

Менш за тры месяцы засталося да старту Алімпійскіх гульняў у Пекіне. Бліжэйшаму зімоваму спартыўнаму святу, у адрозненне ад летняга, нішто не перашкодзіць прайсці ў названы тэрмін — з 4 па 20 лютага наступнага года. Нават каронавірус з яго чацвёртай хваляй і нават насельніцтва Паднябеснай.

Цікава, што, не ў прыклад японцам, кітайцы наадварот заахвочана ставяцца да прыняцця маштабнага форуму. Але пагутарыць пра агульнасусветныя падзеі, напэўна, час яшчэ знойдзем, а зараз радкі прысвецім падрыхтоўцы да гэтых двух лютаўскіх тыдняў беларускіх атлетаў.

І перш за ўсё — прыгадаем, якім быў улоў айчынных «зімнікаў» на былых Алімпіядах.

Справы мінулых дзён

Упершыню самастойнай дэлегацыяй наша каманда паляцела на Гульні ў 1994-м — у нарвежскі Лілехаме. І з той пары ўжо сем разоў удзельнічала ў зімовых АГ.

На працягу чвэрці з невялічкім стагоддзя не здаралася выпадкаў, каб беларусы вярталіся дадому з ганебным нулём узнагарод у кішэні. Хаця на асобных Алімпіядах было да гэтага вельмі блізка, заўсёды знаходзіліся спартсмены, якія спрацоўвалі, так бы мовіць, за ўсю краіну. Да прыкладу, фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі не фігураваў у спісе найбольш верагодных медалістаў Турына-2006, аднак здолеў узняцца на п'едэстал. І тое яго «срэбра» стала адзіным беларускім медалём.

Найбольш жа ўдалай, як лёгка пабачыць ніжэй на графіцы, аказалася Алімпіяда ў Сочы-2014, дзе нашы суайчыннікі сабралі ўраджай адразу ў шэсць узнагарод, пяць з якіх — найвышэйшай пробы. Прычым тры з іх прынесла тагачасная лідарка сусветнага біятлону Дар'я Домрачава.

Невядома, ці калі-небудзь у найноўшай гісторыі наша краіна наблізіцца да падобнага паказчыку, бо і на той момант ён быў вельмі сенсацыйным. У агульнай медальнай табліцы Беларусь тады заняла высокае восьмае месца. Праз чатыры гады ў карэйскім Пхенчхане быў зроблены крок назад, але ўсё роўна нашы землякі выглядалі годна — па паспяховасці выступ-2018 саступіў толькі Сочы.

Апошняе, што варта адзначыць у дачыненні да мінулых дзён: далёка не заўсёды агульная колькасць заваяваных на працягу цыкла ліцэнзій прапарцыйна пераходзіла ў якасць на алімпійскім подыуме. Менавіта ў трыўмфальныя Сочы направілася самая малалікая беларуская дэлегацыя — усяго 27 чалавек. Адваротны выпадак: у Солт-Лэйк-Сіці-2002 Беларусь дэлегавала 64 атлетаў, а на выхадзе атрымалася адна-адзіная бронза.

Нехта запытае: навошта дадзеная заўвага? А на тое, каб беларускіх заўзятараў не падманвала тая лёгкасць, з якой у апошнія месяцы нашы «зімнікі» сталі павялічваць колькасць «броняў» у Пекін-2022.

Працэс адбору туды амаль усюды ўжо стартаваў (што датычыцца дысцыплін, дзе беларусы ў прынцыпе разлічваюць на квоты, то стартаваў даўно), дзе-нідзе ён ў самым разгары, а ў асобных відах нават і скончыўся. Тут, канешне, маем на ўвазе найперш хакей: у верасні адбылася алімпійская кваліфікацыя, якую нацыянальная зборная пад кіраўніцтвам Крэйга Вудкрафта праваліла, не зарабіўшы запаветную пуцёўку.

Беларусь на зімовых Алімпіядах

ГУЛЬНІ                     АТЛЕТЫ МЕДАЛІ
Лілехамер-1994 33         2 (0-2-0)
Нагана-1998                 59         2 (0-0-2)
Солт-Лэйк-Сіці-2002 64         1 (0-0-1)
Турын-2006                 28         1 (0-1-0)
Ванкувер-2010         47         3 (1-1-1)
Сочы-2014                 27         6 (5-0-1)
Пхенчхан-2018         33         3 (2-1-0)

Колькасць і якасць

Кажучы пра спробы кваліфікавацца ў Пекін-2022, адразу пачнём з відаў, дзе беларускія каманды гэта планавалі, але надзеі аказаліся марнымі.

Канешне, гэта, зноў жа, хакей — наша зборная прапусціць ужо трэція Гульні запар. Дэбютаваць на пекінскай алімпійскай пляцоўцы марылі сноўбардысты. Існавала невялічкая верагоднасць, што праз шаснаццаць гадоў Беларусь ізноў будзе мець уласнага прадстаўніка ў скачках з трампліну. Адказ, аднак, адзіны на ўсіх — і ён адмоўны.

Станоўчы адказ традыцыйна ў біятланістаў. Пасля Пхенчхана-2018 падавалася, быццам у бліжэйшы час ніякіх надзей на іх ускладаць нельга — лідаркі Домрачава ды Скардзіна сышлі, а сярод іх «нашчадкаў» канкурэнтаздольных напачатку не праглядалася. Але ж з часам гарызонты заружавелі. Дакладней — у мінулым сезоне. Так, Дзінара Алімбекава не аднойчы трапляла на п'едэстал Кубка свету. Ганна Сола бліскуча выступіла на чэмпіянаце свету, дзе зарабіла бронзавы медаль. А самае галоўнае — абедзве ўражвалі хуткасцю на лыжні, якая невядома адкуль з'явілася.

Тым не менш, залішнія авансы на адрас дзяўчат будуць недарэчнымі. Падрыхтоўка да Кубка свету-2020/21 для многіх каманд-канкурэнтаў была пазбаўленая высакагорных збораў — зараз яны ў больш камфортным становішчы.

Як бы там ні было, пазіцыі ў Кубка нацый у жаночай каманды даволі цвёрдыя, каб не клапаціцца пра пяць ліцэнзій. Мабыць, больш і не патрэбна, бо шостую, як звычайна, шукалі б на расійскай прасторы — юных выхаванак з Беларусі больш-менш нармальнага ўзроўню няма. А ёсць Сола, Алімбекава, Ірына ды Алена Кручынкіны, Ірына Лешчанка (у дзявоцтве Крыўко).

Пяць квіткоў, калі не здарыцца адмоўнага форс-мажору, ёсць і ў мужчын. Праўда, на іх прэтэндэнтаў больш. Адчуваць сябе ўпэўнена могуць хіба што Антон Смольскі ды Сяргей Бачарнікаў. Вынік — сумарна дзесяць.

Рухаемся далей і пераходзім да фрыстайлу. Звычайнай з'явай на апошніх Алімпіядах было тое, што зборная, якую цягам двух дзесяцігоддзяў узначальваў легендарны Мікалай Казека, зарабляла максімальную квоту ў мужчын — чатыры. Зараз сітуацыя складаная. На этапах Кубка свету спаборнічалі многія, хтосьці раз-пораз дэманстраваў удалы выступ, але стабільнасці няма ні ў каго.

Нават няма ўпэўненасці, што камусьці па зубах выйсці ў алімпійскі фінал, куды трапляюць дванаццаць акрабатаў. Гаворкі пра максімальную колькасць ліцэнзій, адпаведна, таксама не ідзе. Павел Дзік, Макар Мітрафанаў, Дзмітрый Мазуркевіч — вось яны, цяперашнія лідары. На што здольнае гэтае пакаленне, зусім не тое, што было раней у мужчын?

Сярод жанчын усё яшчэ больш трывожна. Гаворым не тое што пра тры білеты — нават варта рыхтавацца да двух… Чэмпіёнка свету Аляксандра Раманоўская, якая актыўна выступіла супраць гвалту пасля жнівеньскіх падзей 2020-га, звольненая з нацыянальнай каманды. Алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова гатовая пасля аднаўлення ад траўмы на элементы, якія выконвала у 15-гадовым узросце. Але Цупер ужо 42.

Такім чынам, найлепшы расклад малюе нам сем квот, але рэальны —толькі пяць. І ўжо без статусу фаварытаў у барацьбе за ўзнагароды. І ўжо, магчыма, без Казекі, які таксама патрапіў у апалу і рэальны статус якога сёння не зусім зразумелы.

У распараджэнні каманды па лыжных гонках ёсць шэсць ліцэнзій, з якіх дзве жаночыя і дзве мужчынскія, а яшчэ дзве не маюць гендарнай афарбоўкі — усе аддана ў такіх выпадках на меркаванне нацыянальных федэрацый ды трэнерскіх штабоў, каб паспрабаваць сфармаваць хоць дзе эстафету. Але цікава, што нават гэтыя шэсць — гэта занадта! У тым сэнсе, што напрыканцы бягучага цыклу аказалася, што і дастатковай колькасці лыжнікаў у краіне няма. Настасся Кірылава, Аляксандр Воранаў — лепшыя. Тыя, хто, калі супадуць зоркі, фінішуюць у топ-40. Каб запоўніць астатнія квоты, патрэбна, падобна, звяртацца да юніёрскага складу. Пытанне: навошта?..

Ніхто не адбярэ ў беларускай каманды дзве — па адной у мужчын і жанчын — пуцёўцы ў гарналыжным спорце. Допуск тут настолькі вольны, што запрашаюць — ва ўсялякім разе, для ўдзелу ў слаламе — амаль усіх. Уласна, спартсмены з Афрыкі — таму прыклад. Хапае для гэтага проста выступу раз-пораз на этапах Кубка Еўропы.
Несумненна, Марыля Шканава адправіцца ў Пекін, а вось ці складзе ёй хтосьці кампанію з хлопцаў — застаецца пакуль здагадвацца. Некалькі ёсць, але ці не палічыць сама федэрацыя з Мінспортам іх за свядомых турыстаў, якіх лепш пакінуць на радзіме?

Упершыню з Турына мы дачакаемся на Алімпіядзе фігурыстаў. Больш за тое, адразу дваіх — Канстанціна Мілюкова і Вікторыю Сафонаву. Гэта не пара, як вы маглі падумаць, абое — «адзіночнікі». Што іх яшчэ аб'ядноўвае, дык гэта расійская прапіска. І Канстанцін, і Вікторыя пару гадоў таму прынялі беларускае грамадзянства, калі беглі ад вялізнай канкурэнцыі ва ўсходніх суседзяў. То-бок аніякага развіцця фігурнага катання ў Беларусі няма — проста адкрываем дзверы перад замежнікамі ў зборную.

Наперадзе працэс размеркавання ліцэнзій у канькабежным спорце. На этапах Кубка свету з лістапада па студзень высветліцца, за каго будзем заўзець у Пекіне. Выбар шырокі: ад аднаго Ігната Галавацюка, які ўжо з ліцэнзіяй, ажно да шасці спартсменаў — пры найлепшых абставінах.

Напрыканцы адзначым, што яшчэ пачнецца адбор у шорт-трэку. Марыя і Ганна Ізафатавы будуць спрабаваць кваліфікавацца на Гульні. Шанцы, гледзячы па выніках на ўнутраным лёдзе, малыя. Хутчэй за ўсё, будзе ноль.

***
Так, лічыце: беларусаў у Пекіне будзе ад 26 да 33. Які сцэнар будзе разыграны, адказ дасць час. Аднак ужо можна сказаць, што і адсутнасць медалёў наогул не трэба ўспрымаць за нейкае фантастычнае нешанцаванне. Да гэтага многае ідзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: