590-ы дзень вайны: ранішняя атака на Харкаў, паранена 11-месячнае дзіця, яго брат і бабуля загінулі

Расійская армія раніцай нанесла ракетныя ўдары «Іскандэрамі» па цэнтры Харкава, паранена 23 чалавекі, двое загінулых, выратавальныя працы працягваюцца. Сігналу паветранай трывогі не было — таму што ракеты ляцелі па балістычнай траекторыі.

photo_2023_10_06_09_02_16.jpg

Шмат ахвяраў і загінулае дзіця — вынік атакі «Іскандэраў» на Харкаў

Раніцай 6 кастрычніка расійская армія нанесла ракетныя ўдары «Іскандэр» па цэнтры Харкава. Пад абстрэл трапілі жылыя дамы, дзясяткі чалавек атрымалі раненні, загінула дзіця і яго бабуля.

Кіраўнік Харкаўскай АВА Алег Сінегубаў паведаміў, што ў выніку пацярпелі 23 чалавекі, у тым ліку 11-месячнае дзіця, дзесяцігадовае дзіця загінула. 

Пазней ратавальнікі знайшлі пад заваламі цела яшчэ аднаго чалавека — гэта бабуля загінулага дзесяцігадовага хлопчыка і параненага 11-месячнага дзіцяці. Выратавальна-вышуковыя работы і разбор завалаў працягваюцца.

Расія нанесла два ракетныя ўдары (папярэдне — ракетамі “Іскандэр”). Адна з ракет трапіла ў праезную частку, у суседніх дамах выбітыя вокны. Другая ракета трапіла ў трохпавярховы жылы дом — ён разбураны, узнік пажар. Пашкоджаныя таксама два жылыя дамы

Ратавальнікі працягваюць разбіраць завалы. Мэр Харкава Ігар Церахаў удакладніў, што ракетныя ўдары былі нанесеныя выключна па грамадзянскай інфраструктуры, у адным выпадку — па жылым доме.

Сігнал трывогі прагучаў толькі пасля выбухаў — РФ біла балістыкай

Раніцай у 6:45 харкаўчане адначасова прачнуліся ад выбухаў і гуку сірэны. Мэр тлумачыць, што гаворка ідзе пра «Іскандэры», якія хутка прылятаюць і вельмі мала часу на рэакцыю.

«Паветраная трывога прагучала, як толькі пачаліся выбухі. Але адлегласць была вельмі маленькай. Трэба разумець, што такую адлегласць «Іскандэр» пралятае вельмі хутка», — сказаў Церахаў у эфіры тэлемарафону.

У сваю чаргу прэс-сакратар камандавання ВПС Узброеных сіл Украіны Юрый Ігнат заклікаў дачакацца высноваў экспертаў, каб сказаць, чым менавіта білі расіяне. Папярэдне гаворка ідзе пра «Іскандэр-М»: «Папярэдне дапусцім, што ракеты ішлі па балістычнай траекторыі. Магчыма, гэта тая зброя, якую, на жаль, немагчыма своечасова выявіць... Падкрэсліваю, часам праціўніку ўдаецца гэта зрабіць прыхавана. І тады паступае сігнал трывогі — адначасова з выбухамі. Тут ужо нічога не зробіш. Як і рэактыўная артылерыя, яна таксама ляціць за лічаныя секунды», — растлумачыў Ігнат.

Глядзіце таксама

Трагедыя ў вёсцы Граза: ракета забіла шостую частку жыхароў

Учора расіяне ўдарылі па кавярні-краме ў вёсцы Граза Купянскага раёна Харкаўскай вобласці ў той час, калі там праходзілі памінкі. Хавалі ўкраінскага вайскоўца, які загінуў год таму. 

Прэс-сакратар аблпракуратуры Дзмітрый Чубенка распавёў, што да гэтага загінулы быў пахаваны ў Дняпры, а сваякі хацелі правесці перапахаванне ў вёсцы, адкуль ён родам. Пахаванне арганізоўвалі жонка загінулага і сын, таксама вайскоўцы.

Балістычныя ракеты «Іскандэр» учора, 5 кастрычніка, у 13.15 трапілі ў будынак, ад якога фактычна нічога не засталося.

Учорашняя атака стала самай масавай па колькасці загінулых у Харкаўскай вобласці з пачатку поўнамаштабнай вайны.

Сёння стала вядома, што колькасць ахвяр павялічылася — у выніку расійскага ракетнага абстрэлу загінулі 52 чалавекі.

Кіраўнік Харкаўскай АВА Алег Сінегубаў распавёў: «Пакуль у выніку гэтага ракетнага абстрэлу загінулі 52 чалавекі. Адзін чалавек памёр у медустанове».

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Аляксей Кулеба растлумачыў, што ўчора ў бальніцы былі дастаўлены шэсць параненых. На жаль, выратаваць 62-гадовую жанчыну не ўдалося, раніцай яна памерла.

«Праваахоўнікі ўстанаўліваюць асобы пацярпелых. Ідэнтыфікацыя праводзіцца па ДНК — удар быў такой сілы, што паступіць па-іншаму немагчыма. На месцы працуе аператыўны штаб, дзе ўсім аказваецца дапамога», — дадаў ён.

У выніку ракетнай атакі расіян загінула 15% жыхароў вёскі Граза. Як адзначылі праваахоўнікі, у населеным пункце пражывала 330 чалавек.

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека паведаміла сёння, 6 красавіка, што ў вёску Граза адправілася група экспертаў ААН. Яны паразмаўляюць з мясцовымі жыхарамі і пацярпелымі і збяруць больш інфармацыі пра абстрэл.

Прэс-сакратар Пуціна Пяскоў, калі каментаваў расійскі ўдар па вёсцы Граза ў Харкаўскай вобласці, заявіў, што Расія нібыта не наносіць удараў па цывільнаму насельніцтву, а «працуе па скапленнях вайскоўцаў і армейскага кіраўніцтва».

Украіна вярнула целы яшчэ 64 загінулых вайскоўцаў

Украіна вярнула целы яшчэ 64 загінулых вайскоўцаў, паведаміў Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.

photo_2023_10_06_12_27_41__2_.jpg

«Сёння ў выніку мерапрыемстваў па рэпатрыяцыі ўкраінскаму боку ўдалося вярнуць целы 64 загінулых абаронцаў Украіны на падкантрольную ўраду Украіны тэрыторыю», — гаворыцца ў паведамленні.

У сваю чаргу ўкраінскі бок у адпаведнасці з нормамі міжнароднага гуманітарнага права перадаў целы загінулых на фронце расійскаму боку.

Навіны вайны

  • Расіяне абстралялі Ваўчанск Чугуеўскага раёна Харкаўскай вобласці: знішчаны жылы дом на тры кватэры, тры чалавекі параненыя, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.
  • Уначы расіяне другі раз за дзесяць дзён абстралялі грамадзянскую інфраструктуру на мяжы з Румыніяй, а менавіта паромны пункт пропуску Арлоўка. Цяпер праца пункта пропуску прыпыненая.
  • Расіяне абстралялі жылыя кварталы ў цэнтральнай частцы Херсона. За мінулыя суткі ў выніку варожых абстрэлаў у вобласці два чалавекі загінулі, чацвёра атрымалі раненні, паведаміла АВА.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 6 кастрычніка: асабовага складу — каля 281 090 (+620) чалавек, танкаў — 4777 (+20), баявых браніраваных машын — 9082 (+30), артылерыйскіх сістэм — 6666 (+23), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню-5158 (+29).

384201220_666741235638958_3165178072030780254_n.jpg

Уначы ўкраінская супрацьпаветраная абарона знішчыла 25 з 33 ударных дронаў Shahed, якімі Расія атакавала з мыса Чауда (Крым) некалькімі групамі ў кірунку паўднёвых, усходніх і цэнтральных абласцей Украіны, паведаміла камандаванне паветраных сіл. БПЛА знішчаныя ў межах Адэскай, Мікалаеўскай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай, Чаркаскай і Жытомірскай абласцей.

386584374_666782072301541_4579803161951555010_n.jpg

Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута, мелі поспех на ўсход ад Андрэеўкі Данецкай вобласці, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. Пры гэтым войска РФ беспаспяхова спрабавала аднавіць страчанае становішча ў раёне на ўсход ад Дыліеўкі Данецкай вобласці.

За мінулыя суткі на фронце адбылося 37 баявых сутыкненняў. На Ліманскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі атакі РФ у раёне на ўсход ад Макееўкі Луганскай вобласці; на Аўдзееўскім і Мар'інскім — у раёнах Аўдзееўкі, Мар'інкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці; на Шахцёрскім — у раёнах населеных пунктаў Залатая Ніва і Вадзяное Данецкай вобласці; на Запарожскім — у раёне на паўднёва-ўсход ад Рабоціна Запарожскай вобласці.

Уначы расіяне атакавалі дронамі памежную і прыпартовую інфраструктуру Ізмаільскага раёна Адэскай вобласці, паведаміў кіраўнік АВА Алег Кіпер. Было пашкоджанае збожжасховішча, загарэліся дзевяць грузавікоў. Пажар ліквідаваны, людзі не пацярпелі. Праца паромнай пераправы часова спыненая.


Глядзіце таксама

Навіны замежных партнёраў Украіны

Адміністрацыя Байдэна разглядае магчымасць выкарыстання праграмы грантаў Дзярждэпартамента ЗША для надання дадатковай вайсковай дапамогі Украіне, бо ў Кангрэсе дагэтуль няма пастановы аб фінансаванні, піша Politico са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў.

Удзень 6 красавіка першая намесніца міністра абароны ЗША Кэтлін Гікс заявіла ў інтэрв'ю Bloomberg: у ЗША ёсць варыянты для фінансавання вайсковай дапамогі Украіне, перакідваць грошы з іншых сфер пакуль не будуць. Яна ўдакладніла, што ў ЗША ёсць варыянты падаўжэння дапамогі для Украіны, нават калі Кангрэс не ўхваліць апошнюю прапанову Белага дома. Па словах Гікс, Пентагон не разглядае магчымасць «перапраграмавання» грошай, выдзеленых на іншыя сферы.

Спікер Пентагона Патрык Райдэр заявіў, што Мінабароны ЗША мае намер актыўна ўзаемадзейнічаць з Кангрэсам, каб хутчэй аднавіць вайсковую падтрымку Украіны. Ён нагадаў, што цяпер у бюджэце засталося 5,4 млрд долараў на падтрымку Украіны, а таксама блізу 1,6 млрд долараў на папаўненне запасаў Пентагона, якія выкарыстоўваюцца ў пакетах дапамогі Украіне.

Швецыя выдасць Украіне новы пакет вайсковай дапамогі на 199 млн долараў, паведаміў міністр абароны Пол Ёнсан. У пакет увойдуць пераважна боепрыпасы і запчасткі да раней перададзенай тэхнікі.

Шольц заявіў, што Германія дагэтуль не прыняла пастанову аб пастаўцы Украіне дальнабойных ракет Taurus, бо спрабуе «не дапусціць эскалацыі».

У Брусэлі ў аўторак, 10 кастрычніка, адбудзецца чарговае пасяджэнне кантактнай групы ў фармаце Рамштайн, на якім будзе разгледжанае пытанне ўзмацнення вайсковай дапамогі Украіне. У ім возьмуць удзел кіраўнік Пентагона Лойд Осцін і новы кіраўнік Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША Чарльз Браўн, паведаміла прэс-служба Мінабароны ЗША. Акрамя таго, 12 кастрычніка ў штаб-кватэры Паўночнаатлантычнага саюза адбудзецца сустрэча міністраў абароны краін NATO.

NATO дасць Румыніі больш сістэм СПА для ўзмацнення абароны ад нападаў расійскіх дронаў на мяжы з Украінай, заявіў румынскі прэзідэнт Клаўс Ёханіс. Паводле яго слоў, дадатковыя сістэмы СПА будуць размешчаны ў рэгіёне паблізу ўкраінскай мяжы на Дунаі.

Паводле Украінскай службы РБКkorrespondent.net