ААН шукае шляхі дастаўкі дапамогі ў цяжкадасяжныя раёны ўсходняй Украіны
Каардынатар надзвычайнай дапамогі ААН Валеры Амас пабывала на ўсходзе Украіны, каб на свае вочы пабачыць, як працяглыя баявыя дзеянні адбіваюцца на жыцці людзей.
Намеснік Генеральнага сакратара ААН адзначыла, што з сакавіка прыкладна 200 тысяч чалавек пакінулі свае дамы ў пошуках бяспекі ў іншых частках Украіны, а дзесяткі тысяч беглі ў суседнія краіны. Кожны дзень паміраюць людзі, многія атрымліваюць раненні, іншыя адчуваюць сябе згубленымі і глядзяць у будучыню з няўпэўненасцю і страхам.
Падчас візіту ў лагер для ўнутрана перамешчаных асобаў у горадзе Чырвоны Ліман, Валеры Амас сустрэлася з жанчынамі, уцекачамі з раёнаў баявых дзеянняў разам са сваімі сем'ямі. «Гэтым людзям давялося кінуць сваю маёмасць, у той час як іх дома ператвараліся ў руіны», — адзначыла спн. Амас. «Усе кажуць адно і тое ж: баявыя дзеянні павінны спыніцца для таго, каб яны адчулі сябе ў бяспецы», — падкрэсліла Каардынатар гуманітарнай дапамогі ААН.
У Славянску, які да нядаўняга часу быў арэнай жорсткіх баёў, Валеры Амас сустрэлася з прадстаўнікамі мясцовай улады. Яна высока ацаніла прагрэс, дасягнуты ў аднаўленні базавай інфраструктуры горада і бягучую працу па падрыхтоўцы да зімы. Ключавым прыярытэтам, адзначыла спн. Амас, з'яўляецца падрыхтоўка да таго, каб усе дзеці адправіліся ў школу 1 верасня.
Арганізацыя Аб'яднаных Нацый спрабуе даставіць гуманітарную дапамогу людзям у пацярпелыя раёны, аднак гэтая праца ўскладняецца тым, што па-ранейшаму адсутнічае бяспека для прадстаўнікоў гуманітарных місіяў. Нягледзячы на гэта, падкрэсліла Валеры Амас, ААН шукае шляхі дастаўкі дапамогі ў найбольш цяжкадасяжныя раёны ўсходняй Украіны, паведамляе Цэнтр навінаў ААН.