Пуцін хоча адкрыць «другі фронт» у Прыазоўі

Актыўнасць тэрарыстаў і расійскіх вайскоўцаў у раёне ўкраінскага Прыазоўя сведчыць аб імкненні Пуціна прабіць калідор з «ДНР» ў Расію, каб выратаваць тэрарыстычную рэспубліку.



druhi_front.jpg

У Дзень Незалежнасці Украіны пуцінскія тэрарысты адрапартавалі пра «значныя поспехі» на фронце. У прыватнасці, праз пуцінскія СМІ было растыражаванае паведамленне аб захопе горада Севераданецк на Луганшчыне і пасёлка Тэльманава на Данеччыне і пра наступ на Марыупаль і Новаазоўск. 
Пазней прэс-цэнтр АТА ўсю гэтую інфармацыю абверг, але спроба тэрарыстаў актывізавацца і на самай справе мае месца. У прыватнасці, паведамляецца пра спробу наступу на сяло Аленеўка, што на трасе Н20, якая злучае Данецк і Марыупаль. У той жа час расійскія ваенныя з уласнай тэрыторыі абстралялі памежныя пункты пропуску «Новаазоўск» і «Амвросіеўка». 
Уласна, выхад да Азоўскага мора ў раёне Новаазоўску і Марыупаля з'яўляецца жыццёва важным для тэрарыстаў «ДНР», таму што дазволіць ім атрымаць чарговую дзірку ва ўкраінска-расійскай мяжы, як на сушы (КПП «Новаазоўск») так і на моры. Калі тэрарысты замацуюцца на Азоўскім узбярэжжы, Пуцін атрымае магчымасць пастаўляць у «ДНР» падмацаванне прама па моры з акупаванага Крыма. Нягледзячы на наяўнасць вялікага ўчастка мяжы, які ўкраінская дзяржава не кантралюе, і праз якую пастаянна прыбывае падмацаванне да «ЛНР», тэрарысты ў Данецку амаль адрэзаныя ад расійскіх паставак. 

Аднак, хутчэй за ўсё, сённяшнія заявы пра поспехі ў кірунку выхаду да Азоўскага мора хутчэй спроба выдаць жаданае за сапраўднае. Падобныя заявы павінны сапсаваць украінцам свята Незалежнасці, падняць баявы дух тэрарыстаў, перспектывы якіх утрымаць свае заваёвы без прамога ваеннага ўварвання Расіі ўсё яшчэ вельмі прывідныя, і прадэманстраваць шараговым расіянам, якія вераць толькі ўласным СМІ, што справы праекта «Наваросіі» не такія ўжо і дрэнныя . Апошняе асабліва актуальна на фоне расійскага скандалу аб гібелі і знікненню на Данбасе дэсантнікаў пскоўскай дывізіі. 


Таксама трэба адзначыць, цяпер няма важкіх падстаў сцвярджаць, што тэрарыстычная акупацыя рэальна пагражае Марыупалю. Увесь ход вайны ў Данбасе адбываўся па адным сцэнары — спачатку з дапамогай расійскіх наймітаў і дыверсантаў захопліваўся нейкі горад, які не мог рэальна абараніцца праз дэмаралізаванасць і здрадніцкую міліцыю, затым тэрарысты акопваліся на захопленай тэрыторыі і, знішчаючы мясцовых жыхароў і інфраструктуру, адбіваліся ад наступу сіл АТА столькі, колькі было магчымасці. Адзінае, што дазваляе тэрарыстам ўтрымліваць пазіцыі да гэтага часу — гэта пастаяннае падмацаванне з Расіі тэхнікай, жывой сілай, і нават абстрэлы ўкраінскіх сіл з-за мяжы. 
Аднак сітуацыя на Данбасе за некалькі месяцаў некалькі змянілася. Мясцовае насельніцтва, якое спачатку падтрымлівала «ДНР» і «ЛНР», зразумела, што нясе Данбасу «руская вясна» — забойствы, выкраданні, катаванні, рабаванні, голад і галечу. Таму вельмі малаверагодна, што заціснутыя амаль з усіх бакоў тэрарысты, якія ўвесь гэты час адбіваліся, прыкрываючыся мірным насельніцтвам, маюць сілы і сродкі прынцыпова змяніць тактыку і разгарнуць масіраваны наступ і авалодаць новымі гарадамі, жыхары якіх цяпер ужо дакладна не будуць падтрымліваць, а рабіць усё магчымае, каб не дапусціць іх прыходу.
espreso.tv