Air France пачала стачку, якая можа перашкодзіць Еўра-2016

У суботу пілоты найбуйнейшага французскага авіяперавозчыка Air France пачалі чатырохдзённы страйк, які можа перашкодзіць тысячам футбольных заўзятараў прыбыць на чэмпіянат Еўропы па футболе, дзе сёння ўвечары гуляюць зборныя Англіі і Расіі, паведамляе BBC.

160310111128_air_france_624x351_getty_nocredit.jpg


У суботу авіякампанія адмяніла каля 30% рэйсаў. Аднак прадстаўнікі Air France кажуць, што гарады, дзе праходзяць матчы чэмпіянату, застануцца прыярытэтнымі напрамкамі ў гэтыя дні.
Прафсаюз лётчыкаў дамагаецца, каб урад адмяніў новае працоўнае заканадаўства, па якім будзе значна лягчэй як наймаць, так і звальняць работнікаў.
У Францыі адначасова страйкуюць некалькі прафсаюзаў: смяцяры не будуць вывозіць смецце ў Парыжы да наступнай серады, а чыгуначныя зносіны толькі што адноўлены пасля дзевяцідзённай забастоўкі. Не так даўно па ўсёй краіне адчуваўся недахоп паліва, калі ў выніку ўсеагульнай стачкі пратэстоўцы блакавалі пад'езды да бензазаправачных станцый.
Прэзідэнт Франсуа Аланд звярнуўся да прафсаюзаў з просьбай не перашкаджаць правядзенню Еўра-2016.
«Я заклікаю да пачуцця адказнасці кожнага з вас, таму што наша краіна абавязана выканаць свае абавязацельствы, і яна іх выканае, зрабіўшы ўсё магчымае», — заявіў Аланд.
Аднак прафсаюз лётчыкаў Spaf ужо заявіў, што стачка пройдзе з суботы па аўторак.
Разам з тым выканаўчы дырэктар Air France Фрэдэрык Гажы паабяцаў скараціць нязручнасці ў тым, што тычыцца рэйсаў у гарады, дзе праходзяць матчы чэмпіянату.
«Зразумела, мы не кінем чэмпіянат Еўра», — сказаў Гажы, дадаўшы, што стачка абыйдзецца авіякампаніі у пяць мільёнаў еўра ў дзень.
Як чакаецца, каля сямі мільёнаў чалавек наведаюць 10 французскіх гарадоў, каб паглядзець футбол.