Амністыя пад назвай «Каронавірус»

Цяперашняя пандэмія можа выклікаць радыкальную рэформу сістэмы пакарання — аж да адмовы ад турмаў.

ita3.jpg

Памятаеце, як некалькі тыдняў таму італьянскія зняволеныя ў шматлікіх турмах зладзілі бунты з патрабаваннем адпусціць іх, каб не стаць ахвярай заразы? А ў горадзе Мадэна пры спробе масавых уцёкаў трое зэкаў нават загінулі! Між тым, усё больш краін вызваляюць асуджаных за няцяжкія злачынствы, каб знізіць рызыку заражэння.

Такі крок не дзіўны. Патрабаванні жорсткага каранціну нельга выканаць усюды, у тым ліку ў турмах. Турмы ў цэлым лічацца фактарамі, якія ўзмац­няюць распаўсюджванне інфекцыі на месцах. Інструкцыю дактароў — як мага часцей мыць рукі з мылам і карыстацца антысептыкам, — у камеры, дзе часам у антысанітарных умовах жывуць некалькі чалавек, апрыёры выканаць немагчыма. Не кажучы ўжо пра тое, каб трымаць дыстанцыю ад суседа ў паўтара метра.

Паводле папярэдніх ацэнак эпідэміёлагаў з універсітэцкага каледжу Лондана, некантралюемыя ўспышкі інфекцыі могуць прывесці да гібелі да 1% зняволеных брытанскіх турмаў. І вязнямі можа не абмежавацца. Паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, па ўсім свеце за кратамі сядзяць каля 11 мільёнаў чалавек. Але яшчэ прыкладна 30 мільёнаў штогод наведваюць турмы ў рамках сустрэчаў з вязнямі або працуюць там.

Дадатковым негатыўным момантам з’яўляецца змрочная атмасфера ў камерах, адсутнасць у асуджаных дакладнай інфармацыі наконт эпідэміялагічнай сітуацыі ва ўстанове. Гэта дае падставы для трывожных чутак, якія могуць справакаваць хваляванні. Так, 22 сакавіка як мінімум 23 чалавекі загінулі ў адной з найбуйнейшых турмаў у Багаце (Калумбія) пасля спробы бунту на фоне росту напружанасці з-за плётак, што вірус нібыта трапіў у турму.

Зрэшты, дзе-нідзе спрабуюць абмежавацца касметычнымі мерамі. Напрыклад, у Расіі з 18 сакавіка дзейнічае часовая забарона на працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні ў СІЗА, калоніях і турмах. Акрамя таго, абмежаваныя перамяшчэнні зняволеных. У ЗША асацыяцыя адвакатаў заклікала адміністрацыі турмаў выдаваць зняволеным не толькі мыла, але і алкаголь. Ва Украіне адпаведны дэпартамент сцвярджае, што пасля пачатку каранціну медработнікі штодня вымяраюць тэмпературу не толькі супрацоўнікам турэмных адміністрацый і зняволеным, але нават наведвальнікам устаноў.

Аднак да такіх рэляцый (асабліва ў краінах экс-СССР) давер невялікі. Кіеўскае выданне «Страна» публікуе тэкст ліста зняволенага з мясцовага СІЗА пра тое, што там змянілася пасля ўвядзення ў краіне каранціну. «Нічога не змянілася, акрамя ўзмацнення забаронаў і пастаянных шмонаў. Прагулкі сталі больш рэдкімі і кароткімі. Перадачы прымаюць горш, праз раз. Ніякіх дэзінфекцый няма. Іх проста няма чым рабіць. (…) А “падазроных” проста ў бальнічкі пры СІЗА ізалявалі і лечаць анальгінам», — піша арыштант. У сваёй «маляве» ён таксама дадае, што ўсё ідзе да турэмнага бунту.

У такіх умовах напрошваецца толькі адно рашэнне — выпусціць як мінімум частку зняволеных на свабоду. Адным з першых гэта зрабіў Іран, дзе вызвалілі 85 тысяч чалавек. Як удакладняецца, гэта былі асуджаныя не больш чым на пяць гадоў. У дадатак за сваё вызваленне яны ўнеслі грашовы заклад. Буйная амністыя, паводле прэсы, рыхтуецца ў Турцыі, дзе збіраюцца выпусціць на волю каля траціны зняволеных (гэта прыкладна 100 тысяч). Дарэчы, на крымінальную статыстыку выхад такой колькасці вязняў можа не паўплываць. Шмат хто трапіў за краты пасля правалу спробы ваеннага путчу ў 2016-м, калі па краіне пракацілася цунамі арыштаў па палітычных матывах.

Вельмі спецыфічная сітуацыя на амерыканскіх «зонах». Прыкладна з пачатку гэтага тыдня кіраўніцтва пенітэнцыярных устаноў некалькіх штатаў (сярод іх Каліфорнія, Тэхас, Нью-Ёрк і іншыя) выпусціла пажылых, непаўналетніх і хворых вязняў. Аднак гэта — дробязь у агульнай масе. У амерыканскіх турмах сядзяць каля 2,3 мільёна чалавек. Вызваленне такой колькасці злачынцаў нават цяжка ўявіць.

Акрамя таго, сістэма барацьбы з крыміналам за акіянам вельмі суровая. На вакантныя месцы ў турмах адразу прыбываюць новыя зняволеныя. У многіх турмах ужо цяпер асцерагаюцца прымаць навічкоў, паколькі на волі, адкуль яны прыйшлі, шчыруе вірус.

Зрэшты, асноўная супярэчнасць амністыі зняволеных з-за эпідэміі заключаецца ў іншым. Калі сёння амністыя можа спыніць эпідэмію, то заўтра яна здольная справакаваць рост злачыннасці. Менавіта з пачаткам выпуску зняволеных звязваюць бум пакупак зброі ў Злучаных Штатах. Пішуць, што амерыканцы запасаюцца аўтаматамі, вінтоўкамі і пісталетамі, баючыся, што ва ўмовах крызісу турэмнай сістэмы паліцыя не будзе занадта старанна ганяцца за злачынцамі. У расійскай прэсе ў рамках дэбатаў наконт амністыі пішуць пра магчымы рымейк «халоднага лета 1953-га». Нагадаем, што тады Лаўрэнцій Берыя пасля смерці Сталіна чамусьці амніставаў шмат крымінальнікаў, што выклікала ў Савецкім Саюзе шалёны разгул злачыннасці.

Некаторыя прапануюць шукаць трэці шлях. Напрыклад, у часопісе The Rolling Stones агітуюць у будучым не саджаць злачынцаў у турмы, а выпісваць ім велізарныя штрафы. У Італіі актыўна заклікаюць развіваць такую форму пакарання, як хатні арышт.

Як бачым, грамадства пакуль не гатовае да рэформаў. Між тым, нейкае рашэнне наконт турмаў прымаць давядзецца — і хутка. Яшчэ напрыканцы лютага New York Times пісаў, што менавіта турмы бліжэйшым часам стануць галоўным эпіцэнтрам пандэміі.