Байдэн: Сенат блакаваў дапамогу Украіне з-за пагроз Трампа

Дональд Трамп тэлефанаваў заканадаўцам і пагражаў адплатай, калі тыя падтрымаюць законапраект аб міграцыі і дапамозе Украіне, сцвярджае прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Байдэн пракаментаваў праваленае галасаванне аб дапамозе Украіне і бяспецы межаў. Фота President.gov.ua

Байдэн пракаментаваў праваленае галасаванне аб дапамозе Украіне і бяспецы межаў. Фота President.gov.ua

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн рэзка раскрытыкаваў сенатараў ад Рэспубліканскай партыі за тое, што яны заблакавалі двухпартыйнае пагадненне аб абароне мяжы і аб прадастаўленні дапамогі Украіне і Ізраілю. 

«Ніколі не думаў, што ўбачу на Капіталійскім пагорку нешта падобнае таму, што адбываецца цяпер», — перадае словы Байдэна амерыканскі тэлеканал CNN.

Кіраўнік Белага дома абвінаваціў свайго апанента, былога прэзідэнта Дональда Трампа ў тым, што той тэлефанаваў заканадаўцам і пагражаў ім адпомсціць, калі яны падтрымаюць законапраект. «Рэспубліканцы не падтрымалі пагадненне, таму што ім «тэлефануе і пагражае Дональд Трамп», — заявіў Байдэн.

Нагадаем, учора, 7 лютага, рэспубліканцы ў Сенаце ЗША правалілі галасаванне па законапраекце, які прадугледжваў выдзяленне новай дапамогі Украіне, Ізраілю і Тайваню, а таксама ўзмацненне жорсткасці міграцыйнага заканадаўства краіны. Дакумент, ухвалены некалькімі днямі раней як дэмакратамі, так і рэспубліканцамі, не набраў неабходных галасоў у верхняй палаце Кангрэса ЗША.

Сенатары не змаглі набраць неабходную колькасць галасоў для прасоўвання разгляду дакумента (для гэтага неабходна 60 галасоў). Па выніках галасавання стала вядома, што 49 сенатараў прагаласавалі «за», 50 — «супраць». 

У той жа час СМІ пісалі, што ёсць план «Б» — дэмакраты ў Сенаце рыхтаваліся падзяліць пытанне замежнай дапамогі Украіне, Ізраілю, Тайваню і аховы мяжы.

Нагадаем, Байдэн падаў у Кангрэс запыт на дадатковае фінансаванне, у тым ліку і грошы для Украіны, яшчэ ў кастрычніку 2023 года. Аднак дакумент пакуль не зацверджаны.

Галоўны кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі — Дональд Трамп раней крытыкаваў пагадненне і заклікаў паплечнікаў не ісці ні на якія кампрамісы ў пытанні абароны межаў.

Паводле "Нямецкай хвалі"www.unian.ua