Беларусы спрабавалі даць хабар украінскім памежнікам, каб трапіць у Крым
Трое грамадзянаў Беларусі спрабавалі даць хабар украінскім памежнікам. Пра гэта паведамляе прэсавы цэнтр Азоўска-Чарнаморскага ўпраўлення памежнай службы Украіны.

aspi.com.ua
Трое грамадзянаў Беларусі, імёны і прозвішчы якіх не паведамляюцца, паспрабавалі патрапіць з тэрыторыі мацерыковай Украіны ў анэксаваны Крым. Але патрэбных для гэтага дакументаў кампанія нашых суайчыннікаў не мела. Праблему паспрабавалі вырашыць традыцыйным спосабам – падкупіць памежнікаў. У якасці хабару парушальнікі прапанавалі ўсё, што назбіралі па кішэнях: 20 долараў, 210 грыўняў і 20 беларускіх рублёў. Памежнік не стаў браць хабару і адразу выклікаў паліцыю. Праваахоўнікі ўгледзілі прыкметы крымінальнага злачынства па артыкуле 369 Крымінальнага Кодэкса Украіны – «Прапанова, абцяцанка ці прадстаўленне неправамернай выгоды службовай асобе».
Нашы суграмадзяне затрыманыя, ім пагражае турэмны тэрмін альбо вялікі штраф.
Беларускае Радыё Рацыя