Бразілія: што цяпер?

Прыхільнікі прэзідэнта Жаіра Балсанару, які прайграў нядзельныя выбары свайму канкурэнту Лулу да Сільву, не жадаюць прызнаць паразу. Сам Балсанару не заклікае іх да пратэстаў. Больш за тое, пасля 45-гадзіннага маўчання ён, быццам, выказаў згоду з неабходнасцю пакінуць пасаду, абвясціўшы, што «будзе прытрымлівацца ўсіх патрабаванняў Канстытуцыі». Але прыхільнікі інтэрпрэтуюць усё гэта як ухваленне іхніх дзеянняў.


Варта згадаць падзеі 6 снежня 2021 года ў Вашынгтоне. Тады натоўп прыхільнікаў Трампа штурмаваў Капітолій з падставы нібыта фальсіфікацыі выбараў, на якіх перамог Байдэн. Гэта быў моцны ўдар па дэмакратыі: з аднаго боку — сумненні ў адным з асноўных дэмакратычных інстытутаў у краіне, якая лічыцца апірышчам дэмакратыі (насамрэч — двух, бо пад сумненне было пастаўлена і рашэнне суду); з іншага боку — відавочнасць, што для тых, хто штурмаваў, дэмакратыя разумеецца выключна як трыумф іхняй пазіцыі і поглядаў на жыццё з катэгарычным і агрэсіўным адмаўленнем чужых меркаванняў. Зусім не выпадкова ў далейшым адзін з найбольш «яскравых» удзельнікаў тых падзей потым папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі.

Цяпер усе кажуць пра пагрозу паўтору падобных падзей у Бразіліі — краіне, якая лічыцца найбуйнейшай дэмакратыяй у Лацінскай Амерыцы. Нягледзячы на тое, што ў некаторых дагэтуль прысутнічае ўяўленне пра Лацінскую Амерыку як пра «запаведнік» дыктатараў, краіны гэтага рэгіёну даўно ўжо (з пачатку 90-х) пайшлі шляхам дэмакратызацыі. Больш за тое, дасягнулі на гэтым шляху добрых вынікаў. Цяпер толькі тры краіны маюць аўтарытарныя рэжымы: Куба, Венесуэла і Нікарагуа. Але гэта не значыць, што дэмакратызацыя Лацінскай Амерыкі ёсць працэсам незваротным. Прыклады Венесуэлы і Нікарагуа гэта дэманструюць. Цяпер ва ўразлівым стане аказалася Бразілія.

Занепакоенасць наконт такой перспектывы пачала ўзнікаць пад час прэзідэнцтва Жаіра Балсанару, абранага на пасаду ў 2018 годзе. Пачынаў ён шлях у палітыку як прыхільнік ліберальных правацэнтрысцкіх пазіцый, але ў далейшым усё больш відавочным рабіўся ягоны нахіл управа — да пераходу на радыкальныя кансерватыўныя і нацыяналістычныя пазіцыі. Гэта знайшло адлюстраванне ў слогане ягонай электаральнай кампаніі 2018-га: «Бразілія — вышэй за ўсё, Бог — вышэй за ўсіх!» Праўда, найбольш радыкальныя і этатысцкія свае погляды ён на час перадвыбарчай агітацыі змякчыў. У прыватнасці, калі раней ён адназначна лічыў неабходнай шырокую прысутнасць дзяржавы ў эканоміцы (канцэпцыя «дэсарайізму», якая была папулярнай у Лацінскай Амерыцы ў пасляваенны перыяд, прывяла да цяжкіх наступстваў, у тым ліку — у выглядзе пазыковага крызісу 80-х і, не ў апошнюю чаргу, — да росквіту дыктатураў), дык цяпер ён абяцаў скараціць умяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку. Нягледзячы на супярэчлівасць сваёй персоны, ён зрабіўся фаварытам прэзідэнцкай гонкі. На што, у тым ліку, паўплываў арышт аднаго з найбольш папулярных палітыкаў Бразіліі Лулы да Сілвы — па справе аб карупцыі і адмыванні грошай.

Патрапіўшы на прэзідэнцкую пасаду, Балсанару досыць хутка — за некалькі месяцаў — схітрыўся згубіць сваю папулярнасць. Моцны ўдар па пазіцыях быў нанесены ягоным уласным стаўленнем да пандэміі ковіда, які, як ён сцвярджаў, «не больш небяспечны за звычайны грып». У выніку пандэміі Бразілія згубіла больш за паўмільёна чалавек. Пад час прэзідэнцтва Балсанару прадэманстраваў сваю непрыязнасць да шмат якіх тэмаў, у тым ліку — да пытанняў экалогіі («прырода не мусіць быць вышэй за чалавека»), раўнапраўя жанчын (у прыватнасці, ён выступаў супраць роўных заробкаў для мужчын і жанчын), правоў індзейскіх грамадаў, мігрантаў (асабліва з краін Блізкага Усходу), аднаполых шлюбаў (у траўні гэтага года ён казаў, што калі пабачыць на вуліцы двух хлопцаў, якія цалуюцца, «паб'е» іх) і г.д. З іншага боку, такая папулісцкая пазіцыя прыцягнула да яго і шмат прыхільнікаў. Прывабнай для некаторых выглядаюць і ягоныя радыкальныя выказванні ў адрас левых палітычных сілаў, прадстаўнікоў якіх ён фактычна заклікаў кідаць у турмы і расстрэльваць. Дарэчы, гэта паўплывала на ягоную пазіцыю адносна Кітая, з якім цягам усяго прэзідэнцтва Балсанару адносіны былі не самымі лепшымі, хоць Кітай за гэты час зрабіўся найбуйнейшым інвестарам у гэтую краіну.

Уласна, носьбіта такіх поглядаў цяжка западозрыць не толькі ў залішнім — проста ў дэмакратызме. Што Балсанару і імкнуўся падкрэсліць. Не аднойчы ён выказваў свае сімпатыі бразільскай ваеннай хунце 60-80-х гг., з якой звязваў эканамічны росквіт краіны. Таксама добра адгукаўся і пра іншых лацінаамерыканскіх дыктатараў — тым жа Піначэце ці Строснеры. Пры гэтым яго не засмучалі метады, якімі яны карысталіся для захавання сваёй улады і барацьбы з іншадумцамі. Сам Балсанару называў катаванні «законнай практыкай». І атачыў сябе людзьмі з аналагічнымі поглядамі. У сакавіку 2021 года ён прызначыў на пасаду міністра абароны Вальтэра Нету, які таксама быў вядомым сваёй прыязнасцю да дыктатураў. Ужо на наступны дзень у адстаўку падалі ўсе камандуючыя радамі войскаў: сухапутных, авіяцыі і флоту. Па меркаванні назіральнікаў, гэта было зроблена пад ціскам пасля сустрэчы з новым міністрам, з мэтай узмацніць уплыў прэзідэнта на войска. У выніку, у красавіку таго ж 2021-га Балсанару заявіў, што бразільскае войска выйдзе на вуліцы гарадоў, калі ён загадае яму гэта.

І не падмануў жа! Войскі сапраўды былі выведзены. На парад. Падавалася б, можна выдахнуць. Але абставіны, пры якіх той парад адбыўся, прымусілі напружыцца прыхільнікаў дэмакратыі. Справа ў тым, што ў Бразіліі на выбарах існуе толькі электроннае галасаванне. Балсанару яшчэ ў 2018-м выказваў незадаволенасць гэтай сістэмай, якая, маўляў, утварае магчымасці для маніпуляцый, і што праз гэта ён не перамог у першым туры. У 2021-м у бразільскі Сенат была накіравана прапанова ўвесці і магчымасць папяровага галасавання, на чым настойваў Балсанару. У дзень разгляду гэтай прапановы і галасавання наконт унясення адпаведнай папраўкі ў канстытуцыю краіны Балсанару і вырашыў зладзіць дэманстрацыю баявой тэхнікі.

Што характэрна, танкі грукаталі перад прэзідэнцкім палацам упершыню пасля падзення ваеннай хунты ў 1985-м. Сенат усё роўна папраўку не падтрымаў. Але яшчэ напярэдадні Балсанару казаў, што выбары ў 2022 годзе не будуць праведзены, калі яны «не будуць чыстымі і дэмакратычнымі». Шмат хто прачытаў гэта як папярэджанне, што Балсанару не прызнае аніякіх іншых вынікаў выбараў, акрамя сваёй перамогі.
Наконт сваіх перспектываў па выніках выбараў-2022 Балсанару аднойчы выказаўся наступным чынам: «Смерць, турма альбо перамога». «Смерць» тут ён, хутчэй, разглядаў у фігуральным сэнсе, як канец сваёй улады. Наконт перспектываў турмы, дык тут у яго ёсць падставы для хвалявання. У прыватнасці, у Сенаце ўсур'ёз гучаць прапановы прыцягнуць яго да адказнасці за паводзіны пад час пандэміі, якія былі расцэненымі некаторымі сенатарамі як «злачынствы супраць чалавечнасці». Мала хто сумняецца, што рана ці позна Балсанару сапраўды можа апынуцца за кратамі. Таму для яго на кану стаіць шмат чаго.

Зразумела, што калі былі агучаны вынікі галасавання, у адпаведнасці з якімі Балсанару саступіў да Сілве менш за два адсоткі галасоў, усе прыціхлі ў чаканні — ніхто не сумняваўся — бурнай рэакцыі Балсанару. Але замест гэтага Балсанару таксама маўчаў. У літаральным сэнсе. 45 гадзінаў пасля абвяшчэння вынікаў падліку галасоў ён не рабіў аніякіх заяваў. Гэта было расцэнена ягонымі прыхільнікамі, у якіх ён старанна выхоўваў недавер да выбарчай сістэмы, як непрызнанне выбараў і маўклівы заклік да актыўных дзеянняў. У выніку ў Бразіліі прыхільнікамі Балсанару былі перакрытыя 200 буйных дарог, а таксама шэраг аэрапортаў. Для вызвалення транспартных шляхоў паліцыі давялося некалькі разоў выкарыстоўваць слёзацечны газ.

Нарэшце, Балсанару спыніў маўчанне. У звароце, які доўжыўся каля дзвюх хвілінаў, ён заклікаў пратэстоўцаў не рабіцца падобнымі «на левых» і не граміць чужую ўласнасць, не замінаць перамяшчэнням іншых. У ім жа прагучала і абяцанне паважаць Канстытуцыю, што было расцэнена як фактычнае прызнанне сваёй паразы (хоць непасрэднага прызнання яе ў заяве не было). Але шмат хто з прыхільнікаў расцаніў гэта наадварот, як спробу завуалявана падштурхнуць іх да больш актыўных дзеянняў, бо, маўляў, як Трамп у 2021-м не мог наўпрост заклікаць сваіх прыхільнікаў да актыўнасці праз перасцярогі за сваю свабоду, так і Балсанару не можа гэта рабіць наўпрост.

Больш за тое, прыхільнікі, як перад заявай Балсанару, так і пасля яе, апелююць да вайскоўцаў, каб тыя ўмяшаліся і «навялі парадак». Вось тут — той момант, які адрознівае Балсанару ад Трампа. Прэзідэнт Бразіліі зрабіў выснову з падзеяў у Вашынгтоне: бяззбройныя людзі не могуць анічога зрабіць без падтрымкі войска. Канечне, сімпатыі Балсанару да войска можна патлумачыць тым, што ён і сам у мінулым — вайсковец, і што ягоны характар мае схільнасць да гэтага аднаго з самых кансерватыўных інстытутаў дзяржавы. Але тое, што войска ў яго даволі шчыльна звязана з паняццем улады, сведчыць высокая ступень палітызацыі бразільскай арміі за часам ягонага прэзідэнцтва. Больш за 6 тыс. вайскоўцаў атрымалі службовыя пасады ў бразільскіх міністэрствах. Сярод полісімэйкераў заўважна павялічылася колькасць генералаў. Усё гэта прыводзіць назіральнікаў да высновы: бразільская армія адыходзіць ад пазіцый палітычнага нейтралітэту. Што можа несці ў далейшым сур'ёзныя пагрозы дэмакратыі.

Нягледзячы на адсутнасць канкрэтыкі, кароткае выступленне Балсанару шмат каго супакоіла. Цяпер у медыя выказваецца аптымізм наконт працэсу перадачы ўлады. Але калі нават у Бразіліі не адбудзецца свайго «6 снежня», і войска застанецца ў казармах, праўленне Балсанару пакідае краіне вельмі цяжкую спадчыну. Ён увёў у бразільскае палітычнае жыццё наратывы, якія далёка разыходзяцца з дэмакратыяй. Прывучыў вялікую колькасць бразільцаў не верыць у справядлівасць дэмакратыі і эфектыўнасць яе інстытутаў. Не варта забываць: Балсанару прайграў «на тоненькага». За яго прагаласавала амаль палова выбарцаў. А гэта можа сведчыць пра раскол у грамадстве, вялікая частка якога «павялася» на ягоныя дэмагагічныя заявы. Балсанару павесіў на бразільскую дэмакратычную сценку вялікую стрэльбу бразільскай арміі. Якая мусіць абавязкова стрэльнуць. Ну, калі-небудзь. Па законах жанру. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: