Чаго не ўбачыў назіральнік ад АБСЕ ў Луганску
Перабываючы ў Луганску, я выпадкова сутыкнуўся на вуліцы і перакінуўся слоўцам з назіральнікам ад АБСЕ. Гэтая сустрэча мяне збянтэжыла, бо назіральнік сцвярджаў, што ён не ўбачыў у захопленым будынку луганскага СБУ ніякай зброі.
Захоп узброенымі людзьмі невядомага ў Луганску. 25.04.2014
На маё пытанне, ці ўдалося яму пабачыць узброеных людзей, калі ён наведваў захоплены будынак, парыжанін Вінцэнт Годбіён (Vincent Godbillon) адказаў, што ніякай зброі ён не бачыў, а бачыў «звычайных мірных людзей, якія напужаныя "Правым сектарам", хочуць спакою на сваёй зямлі і жадаюць мець магчымасць размаўляць на сваёй мове».
Не болей, чым праз гадзіну, я іх убачыў на ўласныя вочы на вуліцы перад будынкам СБУ — на пачатку шостай гадзіны вечара група людзей, падобных на байцоў якога-небудзь спецпадраздзялення, але без знакаў адрознення, імкліва вяла невядомага мужчыну, утрымліваючы пад рукі і накрыўшы яму галаву курткай, каб схаваць твар. Гэтыя людзі, як бачна на фота, адкрыта неслі агнястрэльную зброю.
Козіма выслухоўвае беларуса з Луганшчыны
Разам з італьянскім фатографам Козімай Атанасіё (Cosimo Attanasio) у гэты час мы гутарылі з старым чалавекам, беларусам з Луганшчыны, які распавядаў нам, што яны тут усе «мірныя людзі». Вельмі рызыкуючы, Козіма паспеў зрабіць колькі здымкаў, якія сведчаць, што гэта не зусім так: людзі ў масках маюць не толькі пісталеты, адзін з іх трымае ў руках аўтамат.
Выйшаўшы за перыметр барыкадаў, мы ўбачылі, як да іх пад'ехала машына АБСЕ, троху пастаяла нібы ў роздуме, развярнулася і з'ехала...