Лідэры ЗША і шэрагу краін ЕС падтрымалі новыя санкцыі супраць Расіі
Лідэры ЗША, Францыі, Германіі, Італіі і Вялікабрытаніі патрабуюць ад Расіі спрыяць дээскалацыі сітуацыі ва Украіне і паважаць яе цэласнасць. Пра гэта паведамляе прэс-служба Елісейскага палаца. Таксама яны правялі перамовы і выказаліся за ўвядзенне новых санкцый супраць Расіі.
Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнт ЗША Барак Абама, прэм’ер -міністры Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран і Італіі Матэа Рэнца падкрэслілі важнасць выканання дамоўленасці па вырашэнні крызісу ва Украіне, дасягнутай у Жэневе.
«Расія, у адпаведнасці з абавязальніцтвамі, прынятымі ў Жэневе, павінна спрыяць дээскалацыі, устрымліваючыся ад правакацыйных заяў або запалохвання. Тэрытарыяльная цэласнасць і суверэнітэт Украіны павінны цалкам паважацца. Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў заклікалі краіны «сямёркі» да хуткай рэакцыі (на падзеі ва Украіне) і прапанавалі прыняць новыя санкцыі з боку міжнароднай супольнасці ў адносінах да Расіі», — цытуе Лігабізнесінформ заяву па выніках перамоваў.
Удзельнікі перамоваў дамовіліся таксама аб неабходнасці пашырэння місіі АБСЕ ў Украіне.
Нагадаем, учора пра гатоўнасць прымяніць новыя санкцыі ў дачыненні да Расіі заявіў міністр замежных спраў Канады Джон Бэрд.