ДНР і ЛНР заявілі пра жаданне ўвайсці ў склад Расіі
Прадстаўнікі непрызнаных "рэспублік" Данбаса адклікалі свае папраўкі ва ўкраінскую Канстытуцыю, у якіх Крым прылічаны да Украіны. Яны называюць Крым часткай РФ і самі хочуць туды ж.
Прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай "народных рэспублік" (ДНР і ЛНР) выказалі жаданне ўвайсці ў склад Расіі. Пра гэта ў сераду, 10 чэрвеня, паведамляецца на сайце Данецкага агенцтва навін.
"ДНР і ЛНР безумоўна лічаць Крым часткай Расіі. Больш за тое, нашы рэспублікі таксама ў ідэале хацелі б увайсці ў склад Расійскай Федэрацыі", - гаворыцца ў сумеснай заяве прадстаўнікоў "рэспублік" Дзяніса Пушыліна і Уладзіслава Дайнегі.
У ДНР і ЛНР прынялі рашэнне адклікаць свае прапановы паправак ва ўкраінскую канстытуцыю, у якіх згадваецца Крым і Севастопаль.
"У прапанаваных намі праектах паправак у канкрэтныя артыкулы дзеючай Канстытуцыі Украіны Крым згадваецца выключна ў тэхніка-юрыдычным сэнсе, ніякай змястоўнай нагрузкі гэта згадка не нясе па той простай прычыне, што Крым не з'яўляецца і не можа з'яўляцца прадметам мінскіх перамоваў. Праекты астатніх паправак прапануем Украіне прыняць без прамаруджвання", — гаворыцца ў паведамленні.
8 чэрвеня ўлады самаабвешчаных ДНР і ЛНР накіравалі ў АБСЕ "дапаўненні і змены" ў Канстытуцыю Украіны. У тэксце дакумента без змен быў прыведзены артыкул 133 ўкраінскай Канстытуцыі, у якой пералічаны тэрыторыі, што ўваходзяць у склад Украіны, у тым ліку Крым і Севастопаль. Затым прадстаўнік сепаратыстаў патлумачыў агенцтву РБК, што ўнясенне змяненняў у канстытуцыю адносна наяўнасці або адсутнасці Крыма ў складзе Украіны не з'яўляецца кампетэнцыяй ЛНР. "Мы ўзялі дзеючы артыкул канстытуцыі Украіны і дадалі туды два новых суб'екты — асобныя раёны Луганскай вобласці і асобныя раёны Данецкай вобласці. У дзеючы тэкст дадалі тое, што прадугледжана мінскімі дамовамі, і прадставілі адразу адаптаваны тэкст артыкула", — сказаў Дайнега.