Дзясяткі тысяч людзей на пахаванні генерала Сулеймані ў Іране

У Іране дзясяткі тысяч людзей прыйшлі развітацца з генералам Касемам Сулеймані. Таксама на паніхіду прыбыў духоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі і прэзідэнт краіны.

602x338_cmsv2_4b910d0d_5735_5420_a48c_9376e29b25b4_4421796.jpg


Забіты ў выніку амерыканскай спецаперацыі генерал Сулеймані больш за 20 гадоў узначальваў элітныя сілы «Аль-Кудс» і яшчэ пры жыцці лічыўся нацыянальным героем. Таму ўлады Ісламскай Рэспублікі паабяцалі адпомсціць ЗША, паведамляе euronews.com.

«У мінулым Амерыка ўжо зведала прыніжэнне ў Сірыі, Іраку, Ліване, Афганістане, — заявіла дачка генерала Сулеймані. — Цяпер амерыканскіх салдатаў зноў будзе падпільноўваць смерць».

Пасол Ісламскай Рэспублікі ў ААН Маджыд Тахт-Раванчы заявіў, што адказам на ваенную аперацыю ЗША стане ваенная аперацыя з боку Ірана. Тым часам прэзідэнт Дональд Трамп падкрэсліў, што ЗША гатовыя нанесці ўдары па дзясятках цэляў на іранскай тэрыторыі.


Як лічаць назіральнікі, гэта не пустыя пагрозы. Таму сітуацыя на Блізкім Усходзе надзвычай абвастрылася. На гэтым фоне лідары еўрапейскіх дзяржаў заклікалі ўсе бакі ўстрымацца ад дзеянняў, якія прывядуць да непрадказальных наступстваў і просяць Тэгеран пазбягаць гвалту ды вярнуцца да захавання ядзернай здзелкі.

 Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве канцлера ФРГ Ангелы Меркель, прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Борыса Джонсана, апублікаванай 5 студзеня. Цяперашнюю спіраль гвалту ў Іраку трэба спыніць, лічаць палітыкі. Яны выказалі сваю прыхільнасць у барацьбе з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» і заклікалі ўлады Іраку аказаць неабходную падтрымку міжнароднай кааліцыі.