ФРГ, Францыя і Вялікабрытанія заклікаюць Іран устрымацца ад гвалту
Ангела Меркель, Эмануэль Макрон і Борыс Джонсан заклікаюць Тэгеран пазбягаць гвалту, вярнуцца да захавання ядзернай здзелкі, а таксама просяць Багдад аказаць падтрымку міжнароднай кааліцыі ў барацьбе з ІД.
Лідары Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі заклікалі ўсе дзяржавы пазбягаць эскалацыі канфлікту ў Іраку і просяць Іран устрымацца ад любых гвалтоўных дзеянняў у рэгіёне. Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў просяць Тэгеран вярнуцца да выканання сваіх абавязацельстваў з Сумеснага ўсёабдымнага плана дзеянняў, паведамляе www.dw.com.
Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве канцлера ФРГ Ангелы Меркель, прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Борыса Джонсана, апублікаванай 5 студзеня.
Цяперашнюю спіраль гвалту ў Іраку трэба спыніць, лічаць палітыкі. Яны выказалі сваю прыхільнасць у барацьбе з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» і заклікалі ўлады Іраку аказаць неабходную падтрымку міжнароднай кааліцыі.
Раней у Багдадзе прагаласавалі за разрыў дамовы аб кааліцыі па барацьбе з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава». Паводле гэтага рашэння, замежная ваенная прысутнасць у Іраку павінна быць спынена.
Таксама лідары ФРГ, Францыі і Брытаніі заявілі, што былі занепакоеныя негатыўнай роляй, якую Іран адыграў у рэгіёне, у прыватнасці з дапамогай генерала Сулеймані, і асудзілі нядаўнія ўдары па міжнароднай кааліцыі ў Іраку.
Становішча ў рэгіёне абвастрылася пасля таго, як 3 студзеня па загадзе прэзідэнта ЗША Дональда Трампа быў забіты генерал Касем Сулеймані ў выніку ракетнага ўдару ў раёне міжнароднага аэрапорта Багдада. Неўзабаве пасля яго смерці духоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі прызначыў пераемніка Сулеймані. Ім стаў брыгадны генерал Эсмаіл Каан. Як гаварылася ў заяве Хаменеі, задачы «Аль-Кудс» «застануцца нязменнымі».
Паводле www.dw.com