Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт працягне дзейнасць у Вільні

Падчас нарады Урада Літвы 31 студзеня Міністэрства асветы і навукі прадставіла праект рашэння аб адтэрміноўцы адклікання дзеючай ліцэнзіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) да 1 ліпеня 2019 года.

ehu25_353_m_1130x500_acf_cropped.jpg


Такое рашэнне дазволіць Універсітэту працягваць працу ў штатным рэжыме і падаць заяву на атрыманне новай ліцэнзіі, паведамляе сайт ehu.lt. Чакаецца, што новая ліцэнзія будзе выдадзена ЕГУ да пачатку новага 2018/19 навучальнага года.
Сёлета навучальны працэс у ЕГУ будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з зацверджаным акадэмічным графікам: пасля экзаменацыйнай сесіі студэнты распачнуць вясновы семестр 1 сакавіка, уручэнне дыпломаў выпускнікам ЕГУ адбудзецца 29 чэрвеня, прыём дакументаў для паступлення на бакалаўрскія і магістарскія праграмы будзе праходзіць з 1 траўня да 1 ліпеня.
Кіраўнічая рада ЕГУ вітае канструктыўныя вынікі нарады Урада Літвы, што дазволяць беларускаму ўніверсітэту ў выгнанні ў Вільні і далей працягваць працу. Кіраўніцтва ЕГУ падасць уладам Літвы афіцыйную заяву аб выдачы новай ліцэнзіі.
«Па выніках інтэнсіўных перамоваў Кіраўнічая рада ЕГУ адзначае, што спецыфіка ўніверсітэта была прынятая да ўвагі літоўскімі ўладамі. Урад Літвы запэўніў нас у тым, што заява ЕГУ аб выдачы новай ліцэнзіі будзе разглядзена і дазволіць універсітэту працягнуць працу ў Вільні», — заявіў старшыня Кіраўнічай Рады ЕГУ Пэр Карлсэн.
З мэтай урэгулявання статуса ЕГУ у Літве, напачатку студзеня кіраўніцтва Універсітэта накіравала Міністэрству асветы і навукі афіцыйную прапанову, якая ўключае план дзеянняў, прысвечаны выкананню рэкамендацый Цэнтра ацэнкі якасці адукацыі.
Пасля зачынення ЕГУ беларускімі ўладамі ў 2004 годзе ўніверсітэт прыняў запрашэнне ўрада Літвы і пераехаў у Вільню. Атрымаўшы афіцыйны статус універсітэта ў Літве ў сакавіку 2006 года, ЕГУ за 11 гадоў падрыхтаваў 2124 спецыяліста у галінах мастацтваў, сацыяльных і гуманітарных навук.
У 2017/18 акадэмічным годзе ў ЕГУ навучаецца 847 студэнтаў, 95% навучэнцаў з’яўляюцца грамадзянамі і рэзідэнтамі Беларусі.