Генеральны сакратар ААН Гутэрыш прыбыў у Кіеў пасля сустрэчы з Пуціным

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш прыляцеў у Кіеў, дзе ў яго запланавана сустрэча з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

download_265.jpg

«Я прыбыў ва Украіну пасля наведвання Масквы. Мы працягнем нашую працу па пашырэнні гуманітарнай дапамогі і забеспячэнні эвакуацыі мірных жыхароў з зон канфлікту. Чым хутчэй скончыцца гэтая вайна, тым лепш — для Украіны, Расіі і міру», — напісаў генсак ААН у «Твітэры».
Напярэдадні Гутэрыша ў Крамлі прыняў Уладзімір Пуцін. СМІ звярнулі ўвагу на тое, што сустрэча прайшла за доўгім сталом Пуціна, які атрымаў сусветную вядомасць і забяспечвае мінімум пяціметровую дыстанцыю паміж суразмоўцам і расійскім прэзідэнтам.
На гэтай сустрэчы Гутэрыш назваў уварванне ва Украіну парушэннем Статута ААН і прапанаваў стварыць сумесную групу для арганізацыі гуманітарных калідораў, у тым ліку з марыупальскага завода «Азоўсталь».
Уладзімір Пуцін у сваю чаргу настойваў на тым, што гуманітарныя калідоры і так ужо былі адкрыты, а баявыя дзеянні супраць тых, хто хаваецца на тэрыторыі «Азоўсталі», не вядуцца. Пры гэтым украінскія ўлады заяўляюць, што расійскае войска не спыняе спроб штурмаваць завод і ўвесь час бамбуюць і абстрэльваюць яго з усіх відаў зброі.