Грэцыя будзе размяркоўваць крэдыты, Азербайджан — бараніць правы чалавека

З пачаткам гэтага года ў шмат якіх міжнародных інстытуцыях палітычнае старшынёўства, якое мяняецца на ратацыйнай аснове, перайшло ў новыя рукі. Аглядальнікі звяртаюць увагу на чатыры сёлетнія змены такога старшынёўства — у Еўразвязе, «вялікай васьмёрцы», СНД і Радзе Еўропы.



sapozhnki.jpg

Грэцыя — Еўразвяз


Апошнія тры гады Еўразвяз разам з Міжнародным валютным фондам ратавалі Грэцыю ад банкруцтва, зацвердзіўшы ёй крэдыты і фінансавую дапамогу на агульную суму 320 мільярдаў даляраў.
І вось цяпер Грэцыя пераняла на шэсць месяцаў старшынёўства ў Еўразвязе, які будзе вырашаць, ці заслугоўвае краіна таго, каб працягваць ёй фінансавую дапамогу.
У нядаўнім выступе ў парламенце прэм’ер-міністр Грэцыі Антоніс Самарас заклікаў заканадаўцаў працягваць рэформы, сцьвярджаючы, што краіна «ўжо ўстала на ногі і рухаецца ўперад».
Некаторыя назіральнікі ўсё ж выказваюць сумнеў у тым, ці ўраду Самараса ў перспэктыве бліжэйшых шасці месяцаў удасца захаваць сацыяльна-эканамічную стабільнасць у краіне з 30-адсоткавым беспрацоўем. У гэтым кантэксце яны прыгадваюць старшынёўства Чэхіі ў Еўразвязе ў 2009 годзе, калі ўнутраны палітычны канфлікт давёў да падзеньня чэшскага ўраду — і краіна змарнавала непаўторны шанец узняць свой імідж на міжнароднай арэне.

Расея — «вялікая васьмёрка»


«Вялікая васьмёрка» — гэта ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Нямеччына, Італія, Францыя, Японія і Расея.
З 1 студзеня старшыняваць гэтай групе дзяржаваў на працягу 12 месяцаў будзе Расея.
«Вялікую васьмёрку» найчасцей разглядаюць у якасці інструмента для выпрацоўкі кансэнсусу адносна актуальных глабальных пытаньняў — прыкладам, адносна вайны ў Сірыі, барацьбы зь беднасцю ці пацяпленнем клімату. Старшынёўства ў гэтай групе самых моцных эканомік свету дае таксама шанец прасоўваць свае нацыянальныя інтарэсы.
Прэзідэнт Расеі даў зразумець, што старшынёўства ягонай краіны ў «вялікай васьмёрцы» будзе галоўным чынам прысвечанае барацьбе з міжнародным тэрарызмам і кантрабандай наркотыкаў — абодва пытанні служаць яму як апраўданні для прасоўваньня рэпрэсіўных і абмежавальных захадаў як ва ўнутранай палітыцы, так і на постсавецкай прасторы.

Украіна — СНД


Шмат хто з украінцаў спадзяваўся, што іх краіна ўвойдзе ў 2014 год з падпісанай дамовай аб асацыяцыі з Еўразвязам, якая адкрыла б Украіне шырэйшы шлях для інтэграцыі з Еўропай. Замест гэтага, Украіна будзе старшыняваць у Садружнасці незалежных дзяржаваў — інстытуцыі, якая разглядаецца як адзін з інструментаў Масквы для ўтрымання свайго палітычнага ўплыву ў васьмі постсавецкіх дзяржавах. Нечаканым у гэтым старшынёўстве — факт, што Украіна насамрэч не з'яўляецца паўнапраўнай удзельніцай СНД, а ўсяго дзяржавай-назіральніцай.
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч заявіў, што прыярытэтам для СНД у 2014 годзе будзе гандлёвае і эканамічнае супрацоўніцтва. Не выключана, што Януковіч схоча скарыстаць старшынёўства Украіны ў СНД дзеля свайго пераабрання прэзідэнтам на выбарах 2015 года.

Азербайджан — Рада Еўропы


Азербайджан будзе старшыняваць у Камітэце міністраў — выканаўчым органе Рады Еўропы — ад 1 мая 2014. У Раду Еўропы ўваходзяць 47 краінаў. Беларусь, з увагі на выкананне смяротнага пакараньня, у гэтую інстытуцыю не ўваходзіць.
Разам з Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы, Камітэт міністраў Рады Еўропы лічыцца «захавальнікам і ахоўнікам» еўрапейскіх каштоўнасцяў — правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону ў палітычным працэсе ў Еўропе.
Парадокс у тым, што Камітэт міністраў Рады Еўропы да апошняга часу быў адным з нешматлікіх рычагоў націску на Баку адносна парушэньня правоў чалавека ў гэтай аўтарытарнай краіне.
Паводле азербайджанскіх праваабаронцаў, у іхнай краіне паўтары сотні палітвязняў, уключна са значнай групай журналістаў. Пакуль невядома, якія пытанні будуць узнімацца ў Камітэце міністраў Рады Еўропы пад кіраўніцтвам Азербайджану.
svaboda.org